Тэрэса дала імя вёсцы…

356 просмотров, Комментариев нет
,

З аповеду старажылаў: у паншчыну, калі гаспадару тутэйшага маёнтка давялося дзяліць зямлю між дарослымі дзецьмі, частка яе дасталася сыну Янушу (адсюль – Янушы), другая – дачцэ Тэрэзе (Тэрэсе) – землі Тэрэсіны.

Новая шаша – аб’язная траса па перыметры Белавежскай пушчы – некалькі змяніла выгляд вёскі Ця­рэсіны, выразна падзяліўшы яе надвое; ранейшая – лясная – дарога мела іншы напрамак. Адна частка вёскі сёння амаль бязлюдная, аднак тут – новабудоўля, што радуе вока ўжо з шашы: прыгожы дом з брусу на зямлі сваіх продкаў уз­вёў брастаўчанін. І на суседняй сялібе пачаў наводзіць парадак. Недалё­ка – прыметы жыцця на некалі апусцелым падворку.

Па другі бок шашы – працяг вёскі ў адну вуліцу, на якой немагчыма не звярнуць увагу на сад з дагледжаным пчальніком, на распачатую будоўлю на месцы спарахнелай хаты. Прасторная ся­ліба, даўно абдзеленая ўвагай, абяцае з часам стаць утульнай, і, магчыма, не толькі як дача.

У бацькоўскія хаты вярнуліся гараджанкі. Камянчанка Раіса Казакевіч – яна тут і зімуе, бо абзавялася важкай гаспадаркай; брастаўчанка Ніна Чоўжык – у Цярэсінах сядзіба яе свёкра, дачным “здабыткам” Ніны Сяргееўны стаў прыгожы агарод унушальных памераў. Ісці на рынак па агародніну яе дзецям таксама не будзе патрэбы. Аляксандра Панасюк штогод прыязджае сюды на лета з Гродна… Зарабілі пенсію ў горадзе. Цяпер жа да стомы, але – па ўсім бачна – не без задавальнення, працуюць у вёсцы. Калі па звычцы згадаеш, што добра было б і адпачыць у такім узросце, на думку прыходзіць кла­січнае: “всё относительно в этом мире”. У нашым выпадку “относительно” датычыць і вясковых каранёў, і сціплых пенсій, і жадання дапамагчы дзецям. Аляксандра Іванаўна, праведаць якую прыехала з Каменца сястра Ніна, прычакала ў госці дачку з унукамі. Тут ім летам – выгода…

Аляксандра Панасюк прыехала на радзіму з Гродна.

У суседстве з іх бацькавай сялібай – магутнае каштанавае дрэва з пышнай кронай. З дзяцінства Аляксандра і Ніна памятаюць, як сусед – дзед Дзміт­рый Касянюк – наказваў, каб каштан, тады яшчэ малады, не высякалі, бо па­садзіў яго сын, які не вярнуўся з вайны…Памятаюць, як ствараўся тут першы калгас – “Маладая гвардыя”, як сяляне хавалі апошняе зерне ў зроб­леных пад сталешніцай скрынках, як дзіўна было чуць пра магазінны хлеб, як камусьці ўдавалася пазбегчы калектывізацыі, уладкаваўшыся на працу ў камунгас у Каменцы, як звозілі на агульны двор разабраныя сялянскія клуні, каб скласці з іх ужо калгасныя. Іх бацька пазней збудаваў усё неабходнае на сваёй сялібе, бо мелі нямала жывёлы, гадавалі-вучылі трох дачок… Цяпер тыя гаспадарчыя будынкі – напамін аб бясконцым калаўроце цяжкай сялянскай работы.

Ля каштана, пасаджанага загінуўшым на фронце сынам Дзмітрыя Касенюка.

Іх аднавяскоўка – Любоў Ульянаўна Данілюк – сорак гадоў працавала на ферме ў Сінітычах, што ў двух кіламетрах ад Цярэсін. Дваццаць кароў тройчы на дзень даіла ўручную. Праўда, у 1990-м на ферме з’явіўся малакаправод – адчула палёгку ў працы. Але набліжаўся час збірацца на пенсію. Гле­дзячы сёння на шчупленькую бабу Любу, якую сын вязе на веласіпедзе, цяжка паверыць, што мела ў двары вялікую гаспадарку і ажно дзве каровы, гадавала дзяцей, даглядала маці, “перасыпала” сваю хату, перавёзшы з іншай вёскі купленую, і штодня – праца на ферме. Зазначае, што пенсію зарабіла добрую. І ніхто з яе землякоў ніколі не сказаў, што тыя грошы ёй плацяць дарэмна…

На лавачцы ля яе хаты прыселі аднавяскоўкі, і гаманкая “сходка” вынесла вердыкт: “Усё ў нас добра, аўталаўка тры разы на тыдзень бывае, старшыня сельвыканкама прыязджае, фельчар з Дзміт­ровіч нас не забывае, “хуткая дапамога”, калі выклікаем, прыязджае хутка; адзінае, на што скардзімся, – пакінутая на паўдарозе колішняя спроба добраўпарадкавання вясковай вуліцы”. Калі побач з вёскай будавалі сучасную трасу, мелі намер заасфальтаваць і яе, бо амаль пад прамым вуглом прымыкае да новай шашы. Але ўсё завяршылася на этапе “пасыпкі” вуліцы буйным шчэбенем… Не, вяскоўцы не просяць асфальтаваць яе – яны аб тым, што шчэбень, які сам па сабе ніяк не знікае з паверхні дарогі, надзвычай шко­дзіць веласіпедам – асноўнаму транспарту ў вёсцы: шыны і камеры даводзіцца часта мяняць. Ды і басанож па старой звычцы па вуліцы не пройдзеш. Просяць хоць бы гравіем закрыць незавершаную “справу” (яшчэ адна падказка для нашых дарожнікаў).

Сведкамі небывалай тут дарожнай будоўлі сталі гадоў восем назад. Узбоч сучаснай трасы, побач з Цярэсінамі, з’явіўся і новы аўтобусны прыпынак як прадвеснік беспраблемнай паездкі ў Каменец ці Высокае. Аднак, ніводзін аўтобус сюды не даязджае, даводзіцца ісці на прыпынак у Янушы ці Вялічкі; скардзіцца не выпадае, бо адлегласць у два кіламетры да аўтобуснага прыпынку ў сельскай мясцовасці адпавядае сацыяльнаму стандарту. Альтэрнатывай яму ўсяго толькі спагада тых, у каго ёсць аўто.

Затое добра знаёмы лес – побач. Пасля дажджоў, спадзяюцца, парадуе лі­січкамі, і не толькі…

Галіна НОВІК.
novik14_2017@mail.ru
Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *