Сукенак многа не бывае

468 просмотров, Комментариев нет

Аднойчы мне пашчасціла за 10 хвілін да адпраўлення цягніка з Брэста ў Мінск ухапіць апошні вольны білет. Радасна слізгаючыся (была зіма), я бегла па пероне і нават не здагадвалася, што рыхтуе мне такое раптоўнае шанцаванне…
Першыя здагадкі ўзніклі толькі тады, калі ля свайго вагона я заўважыла досыць вялікі і надзвычай (!) гаманлівы натоўп дзяўчат-падлеткаў, што абступілі высокага мужчыну сур’ёзнага выгляду. Аказалася, мне выпадала ехаць дадому… са спартыўнай камандай (бег, здаецца), што кіравалася на спаборніцтвы. Трэнер прапусціў усіх сваіх вучаніц, псіхолага (як без яго?) і мяне за кампанію ўперад, а потым зайшоў сам. Ад яго камандзірскага голасу дрыжала шкло ў вокнах, а вось дзяўчаты рэагавалі слаба. Нарэшце ўдалося навесці такі-сякі парадак. З месцамі вызначыліся. Самыя гаманкія былі дэманстратыўна перасаджаны бліжэй да прыбіральні.
Сваю маленькую дарожную сумку я схавала пад сядзенне, а вось з вялізнымі “бауламі” спартсменкам справіцца было цяжэй. Яны не лезлі ў спецыяльна прызначаныя скрыні, давялося паднімаць на верхнія паліцы. Трэнер рабіў гэта без асаблівага напружання і гучна адчытваў выхаванак: “Я вам што казаў?! Вазьміце з сабой па дзве майкі, двое шортаў, кеды і спартыўны касцюм – адзін! Мы ж на спаборніцтвы едзем! Панаскладалі сваіх лубутэнаў, сукенак бальных… Нашто?!”
Я ж тым часам ліхаманкава перабірала ў думках змесціва сваёй сумкі (запасная сукенка там была J) і думала пра тое, што дзяўчаткі ўсё ж мелі рацыю. Спаборніцтвы спаборніцтвамі, але… хто ведае? А раптам – баль? Сукенак жа ўвогуле многа не бывае… Успомню некаторыя.

ПЕРШАЯ. У гарох. Сукенка была чырвоная, а значыць, апрыёры прыгожая. Ды яшчэ і ў вялікі белы гарох! Яна вісела ў шафе з маміным адзеннем, бо захоўвалася “для асаблівага выпадку”. І аднойчы ён надарыўся…
Дома нікога не было. Толькі я і… нажніцы. Лепшай цацкі, чым яны, і прыдумаць нельга. Прынамсі, так лічыла. Усё прыдатнае для выстрыгання было даўно выстрыжана, таму я засмучона бадзялася па кватэры, пакуль ногі самі не прывялі да жаданай шафы. Асцярожна дастала сукенку, палюбавалася як след і вырашыла зрабіць яе яшчэ больш прыгожай… Калі апусціць падрабязнасці карпатлівай работы, што расцягнулася на тры гадзіны, то скажу так: да вяртання бацькоў з працы ЎСЕ гарошыны з сукенкі былі мной акуратна выразаныя.
Мама знямела, а тата ў маю абарону сказаў толькі адно: “Затое дзіця вельмі ўседлівае”.

ДРУГАЯ. Гіпюравая. Першая ў маім жыцці сукенка, сшытая на заказ. За работу тады ўзялася маміна добрая сяброўка, выдатная майстрыха Марыя Ягораўна. Яна валодала двума неацэннымі скарбамі: працавітымі рукамі і прыродным адчуваннем прыгажосці. Мяне, 12-гадовую дзяўчынку, яна паважліва называла “кліенткай”, цікавілася маім меркаваннем і ўлічвала ўсе пажаданні.
Сукенка атрымалася – суцэльнае любаванне! У ёй два мае любімыя колеры: зялёны і жоўты. А тканіна якая! Гіпюр! Паўпразрысты, карункавы, вытанчаны.
Потым сукенка перайшла па спадчыне малодшай сястры. Дзе яна цяпер? На фатаграфіях. Ды яшчэ ва ўспамінах аб таленавітых руках Марыі Ягораўны.

ТРЭЦЯЯ. Для Папялушкі. Звычайна на навагодніх ранішніках у садку я была сняжынкаю. Да простай белай сукенкі клапатлівымі рукамі мамы прышывалася мішура, на галаву – самаробная карона, а матылькі на туфліках я ўласнаручна абвязвала бліскучымі ніцямі “дожджыку”.
Касцюм паўтараўся з году ў год, але аднойчы… Мама прынесла немаведама адкуль убор Папялушкі: сукенка неверагоднай прыгажосці на нягнуткім абручы і нешта кшталту шапачкі (металічнай!), што мацавалася да галавы ніткай, якая балюча ўпівалася ў падбародак – да слёз! Я, вядома ж, цярпела.
Той ранішнік стаў маім “зорным часам”. Не было ніводнага чалавека, які б не падышоў да мяне ды не спытаў: “Ты прынцэса?”
Разам з тым “прынцэсінскае” жыццё аказалася не такім лёгкім, як здавалася. Мала таго, што са сваім абручом я магла прайсці не ў кожныя дзверы, дык ён яшчэ і закідваў ніз сукенкі мне на галаву, калі я спрабавала сесці.
“Цяжка быць прынцэсай”, – падумала я тады і на наступны Новы год стала зноў сняжынкаю.

ЧАЦВЁРТАЯ. І першая. Гэту сукенку я насіла, амаль не здымаючы, гады са тры, бо любіла больш за іншыя. Чаму? Ды таму, напэўна, што сшыла яе САМА на ўроках працы: пачынаючы ад выкрайкі і заканчваючы апрацоўкай швоў ручной машынкай (з нажной у нас былі вечныя непаразуменні).
Сукенка была самая звычайная, у бела-ружовую клетку, без рукавоў, з баваўнянай тканіны. Наша настаўніца з незвычайным імем па бацьку – Святлана Вільгусаўна – паставіла мне 5.
Спярша я “выгульвала” плён сваіх рук на вуліцу па вялікіх святах, потым сукенка стала паўсядзённай, а затым ператварылася ў хатняе адзенне. Яна выліняла да белізны, але для мяне ўсё адно заставалася самай любімай. І ў свой час проста распаўзлася па швах…
Мінуў час. Але недзе ў шафе яшчэ адзін адрэз тканіны ў бела-ружовую клетку. Хто ведае, можа, атрымаецца яшчэ адна сукенка? Іх жа шмат не бывае…

Добавить комментарий