Спартсменка з Белавежскага Ірына Віхрук: «Усе мае старанні прысвячаюцца маме»

Веславанне на байдарках і каноэ стала алімпійскім відам спорту ў 1936 годзе, і наша краіна ўжо аспела заявіць пра сябе ў ім (успомніце хаця б “золата” братоў Багдановічаў і чацвёркі ў складзе Рамана Петрушэнкі, Аляксея Абалмасава, Артура Ліцвінчука і Вадзіма Махнева ў 2008-м). Між тым, новае пакаленне чэмпіёнаў паступова і няўхільна набіраецца сіл – у Брэсце, побач з намі, іх гартуе вучылішча алімпійскага рэзерву, да паслуг якога – шыкоўны Вяслярны канал. Сярод выхаванцаў гэтай установы была ў свой час і наша зямлячка з Белавежскага, канаістка Ірына ВІХРУК. Сёння яна – майстар спорту міжнароднага класа, прызёр чэмпіянатаў Еўропы сярод моладзі і юніёраў. Якім быў шлях простай дзяўчынкі (украінкі па нараджэнні) у вялікі спорт? Спытаем у яе самой…

– У спорце я з 8 гадоў, – расказвае Ірына. – Памятаю: была самай малодшай з усіх рабят, што хадзілі ў секцыю па лёгкай атлетыцы пры Белавежскай СШ.

– Хто першым адзначыў твае асаблівыя здольнасці?

– Наш трэнер – Сяргей Ге­надзьевіч Нізавец. Для мяне гэты чалавек зрабіў так многа, што заўсёды буду яму ўдзячная!

– Чаму вырашыла спы­ніц-­ца менавіта на весла­ванні?

– Калі ў Белавежскі прыеха­лі трэнеры з Брэста з мэтай набору дзяцей у вучы­лішча алімпійскага рэзерву, я і ўяў­лення не мела, што такі від спорту ўвогуле існуе. Помню, што ў той час хварэла. І Сяргей Генадзьевіч патэле­фа­наваў мне дадому, папрасіў абавязкова прыйсці ў школу. Там мяне сустрэлі два трэнеры, задалі некалькі пытанняў… Вярнулася дадому і адразу – да бацькоў. Хацела параіцца, але яны сказалі, што мушу зрабіць гэты лёсавызначальны выбар цалкам самастойна. Яны ведалі мяне і разумелі: калі вазьмуся за нешта, абавязкова давяду да канца.

Праз пэўны час нас, згодных паспрабаваць, запрасілі на пра­глядныя зборы, падчас якіх і я, і іншыя рабяты вучыліся са­дзіцца ў лодку. Гэта было захапляльна! Мне так спадабалася, што ўзнікла проста неадольнае жаданне веславаць! Я прайшла агляд у дыспансеры спартыўнай медыцыны, была адабраная трэнерамі па фізіч­ных ды валявых якасцях і пас­тупіла ў вучылішча, дзе займалася з 8 да 11 класа.

– Ці лёгка ўтрымацца там?

– Вельмі нялёгка! Улічваец­ца ўсё: і паспяховасць у звычайнай вучобе, і спартыўныя дасягненні. Калі не выканаеш свой індывідуальны план, ста­віцца пытанне аб адлічэнні.

– Апішы, калі ласка, звы­чайны дзень навучэнца ву­чылішча алімпійскага рэзерву.

– Пад’ём у мяне быў а пятай гадзіне раніцы, трэніроў­ка на канале з 7.30 да 8.40, потым – паездка ў вучылішча на сняданак, далей – вучоба з 9.00 да 12.30, абед, зноў трэ­ніроўка ў 16.00 (на вадзе і ў зале), каля 20.00 мы вярталіся ў вучылішча. Прыязджалі, елі, за ўрокі і спаць. І так год за годам. Выходзіш на трэніроў­ку – цёмна, прыходзіш – цёмна. (Усміхаецца.)

– Хто з’яўляецца сёння тваім трэнерам?

– Мой асабісты трэнер – Сяргей Міхайлавіч Ніканчук, але з ім цяпер не трэніруюся, бо знаходжуся ў пастаянных раз’ездах з Нацыянальнай камандай Рэспублікі Беларусь па веславанні. А ў самой камандзе трэнер жаночай зборнай – Павел Ігаравіч Мудрагель. Я ўдзячная ім абодвум за тое, што выхавалі ўва мне байца, які да апошняга будзе змагацца за перамогу. Яны ўмеюць падтрымаць і супако­іць мяне. Дзякуй ім за шанец паказаць сябе!

– Цяпер ты ўжо студэнтка?

– Так. Вучуся на 3 курсе Мазырскага дзяржаўнага педага­гічнага ўніверсітэта імя Шамя­кіна.

– Ці застаецца ў цябе вольны ад вучобы і збораў час? Калі так, то чым яго займаеш?

– Вольную хвілінку падчас збораў стараюся прысвяціць адпачынку і аднаўленню. А калі выпадае перадышка пасля сезона і можна пабыць дома, стараюся бавіць як мага больш часу з роднымі – мне іх вель­мі не хапае! Разам з тым, ніко­лі не расслабляюся – заўсёды раз­віваюся і вучуся новаму.

– Родныя, напэўна, піль­на сочаць за тваімі поспе­хамі і ганарацца табой…

– Так, яны заўсёды падтрым­лі­ваюць мяне… Самы хвалюючы момант – гэта калі стаіш у стартавай сістэме і разумееш, што на цябе зараз глядзяць твае родныя. І ад гэтага адразу ж з’яўляецца жаданне зрабіць усё, на што здольная! Я хачу, каб мая сям’я была шчаслівая, бо тады шчаслівая і я.

– Ці ёсць у цябе сап­раўд­ныя сябры і сяброўкі сярод спартсменаў? Ці вы хутчэй канкурэнты?

– Ёсць людзі, з якімі мне прыемна мець зносіны. Помню, калі толькі прыйшла ў Нацыянальную каманду Белару­сі па веславанні, дзе трэніру­юся ўжо даволі працяглы час, мне хацелася наладзіць цёп­лыя ўзаемаадносіны з усімі, здавалася: як жа гэта крута – сябраваць з чэмпіёнамі! Але з цягам часу ўбачыла, як моцна грошы псуюць людзей, і зразумела, што нягледзячы ні на што заўсёды трэба заставацца чалавекам. Наша жаночая зборная складаецца з шасці дзяў­чат, і ўсе такія розныя! Канкурэнцыя вельмі моцная, але мы стараемся падтрымлі­ваць адна адну.

– Пералічы свае самыя значныя спартыўныя дасяг­ненні.

– Першыя мае міжнарод­ныя спаборніцтвы былі у 2017 годзе – чэмпіянат Еўропы сярод моладзі і юніёраў у Сер­біі (я была юніёрам). У экіпа­жы з Наталляй Трухановіч мы за­ваявалі 3 месца на дыстанцыі 200 метраў.

У 2018-м у Італіі сярод мо­ладзі да 23 гадоў таксама ў экіпажы з Наташай заваявалі серабро на дыстанцыі 200 м.

У тым жа годзе на чэмпія­наце свету сярод ВНУ я займела 2 сярэбраныя медалі ў адзіночцы і 2 залатыя ў экіпа­жы, а на еўрапейскіх спабор­ніцт­вах у Партугаліі (сярод ВНУ) – два залатыя ў адзіночцы.

Летась у Чэхіі (сярод мола­дзі да 23 гадоў) у экіпажы з Дарынай Пікулёвай – 3 месца на алімпійскай дыстанцыі 500 м.

– Як лягчэй перамагаць: у пары ці самастойна?

– Перамагаць наогул нялёгка. Гэта велізарная праца. Лю­дзі бачаць толькі прыгожы медаль і фота з усмешкай, а на самой справе за гэтым усім столькі поту і слёз!

– Якая перамога для цябе самая каштоўная?

– Бронзавы медаль, заваяваны ў экіпажы ў 2019-м. Мне здаецца, мы з Дарынай зра­білі тады немагчымае… Прай­гралі старт, але за дыстанцыю даг­налі сваіх сапернікаў і па­зма­галіся за медаль.

– Каму прысвячаеш свае перамогі?

– У 2016 годзе пайшла з жыцця мая мама… Яна была для мяне ўсім. Тады я, 16-гадовая, нават уявіць не магла жыццё без яе, думала: усё, скончана. Мне хацелася кінуць спорт, вярнуцца дадому і дапамагаць тату, бо ён застаўся адзін з маімі сёстрамі 9 і 17 гадоў… Сёння ўсе мае старан­ні прысвячаюцца маме. Я ведаю, што яна ганарыцца мной, і дзякую Богу за яе, самую лепшую ў свеце!

– Калі ты стала майст­рам спорту міжнароднага класа і чаго для гэтага патрэбна было дасягнуць?

– У 2018 годзе ў Італіі. Неабходна было заняць 1 ці 2 месца на еўрапейскіх спаборніц­твах сярод моладзі. І мы з на­парніцай здолелі.

– Як спраўляешся з няўда­чамі?

– Калі гонка прайшла няў­да­ла, я заўсёды кажу сабе: значыць, недзе недапрацавала, трэ­ба старацца лепш. Дзякуючы няўдачам з’яўляецца матывацыя даказаць самой сабе, што можаш больш, чым думаеш.

– Ці ёсць у цябе прыкметы, што садзейнічаюць поспеху? Або талісман?

– Не. Мой талісман – гэта ма­літва перад наступнай гонкай.

– Што для цябе спорт?

– На дадзены момант ён – маё жыццё.

– Аб чым ты марыш?

– Як любая дзяўчына, пра сям’ю і дзяцей.

– Ці бывалі выпадкі, калі хацелася вярнуцца да звы­чайнага жыцця без спорту?

– Такія думкі наведваюць мяне звычайна, калі стамляюся. Бывае так, што няма сіл нават гаварыць, усё здаецца пустым. Прафесійны спорт – гэта ўжо не для здароўя, хутчэй наадварот. Ты аддаеш яго, каб заваяваць узнагароду.

– Хто для цябе прыклад у спорце?

– Не задумвалася над гэтым.

– Зараз, напэўна, большасць спаборніцтваў адмененая. Да чаго цяпер рыхтуешся?

– Мы не ведаем, што нас чакае, але верым: спабор­ніц­твы будуць!

– І будуць перамогі!

Апошняе дадаю ўжо ад сябе і ніколькі не сумняваюся. А вы?

👤Настасся НАРЭЙКА.

Фота з архіва Ірыны ВІХРУК.