АПБ шукае Птушку года. Прапануй свой варыянт!

Прапануем кандыдатаў на званне Птушкі 2019 года! Два кандыдаты ўжо ёсць: вялікі арлец і чайка-рыбачка. Іх прапанавалі Цэнтральны Савет і Сакратарыят АПБ. А трэцяга кандыдата чакаем ад вас, дарагія сябры!

Якую з беларускіх птушак вы хочаце бачыць крылатым сімвалам 2019 года? Хто зменіць на гэтай годнай «пасадзе» чорнагаловага шчыгла? Аддайце свой голас дзюбатаму абранніку.

Мы прапануем некалькі птушак для галасавання. У спіс увайшлі ластаўка-зямлянка, сівая жаўна і качка-крыжанка. На старонцы з галасаваннем у інтэрнэце (ptushki.org) мы расказалі пра іх асноўныя праблемы. Вы можаце дадаць і свой варыянт кандыдатуры да гэтага спісу. Але майце на ўвазе: тыя віды, якія ўжо былі Птушкай года раней, не могуць быць намінантамі. Гэта – белы бусел, белая пліска, авяльга, дамавы верабей, гарадская ластаўка, барадатая кугакаўка, кнігаўка, салавей, вялікая белая чапля, шэрая гусь, сокал-пустальга, вялікі кулён, чорны свіргуль, удод, зязюля, вушатая сава, гогаль, жаўрук-смяцюх, чорнагаловы шчыгел.

Выбары птушыных кандыдатаў скончацца 25 студзеня ў 24.00. Птушка, за якую прагаласуе большасць наведнікаў сайта, будзе нароўні з вялікім арляцом і чайкай-рыбачкай змагацца за званне Птушкі 2019 года на ХХІ З’ездзе АПБ, які адбудзецца 27 студзеня ў Мінску.

ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Добавить комментарий