Сем творчых сем’яў сабраліся ў Камянецкім РДК 24 лютага

24 лютага ў Камянецкім РДК прайшоў раённы прагляд для абласнога свята сямейнай творчасці “Пад дахам дома твайго”. У ім прынялі ўдзел 7 сем’яў з Камянеччыны незалежна ад ведамаснай прыналежнасці і ўзросту таленавітых удзельнікаў.

Прыгожыя лялькі, карціны з кветкамі, вазоны, звязаныя кручком, пано з элементамі са шпону прадставіла сям’я Ганны Пыжык (Рэчыцкі СДК).
Свае таленты дэманстравалі таксама і тры пакаленні творчай дынастыі Кушнерукоў з Камянюцкага сельскага цэнтра рамёстваў і культуры. Уладзімір і Ірына Кушнерукі – вядомыя ў розных кутках Беларусі рэзчыкі па дрэве – займаюцца яшчэ і ганчарствам. Алена Саўко – рознапланавы майстар, што ўмее літаральна ўсё: ад ткацтва і разьбы да вышыўкі і выпякання пірагоў. А Лізавета Саўко – мастак-пачатковец.
Вярховіцкі СДК прадставіў работы сям’і Нічыпарукоў. Муж Мікалай займаецца разьбой, ствараючы фігуркі жывёл, кветкі, драўляны посуд, жонка Зоя – вышыўкай. А маці Валянціна і дачка Людміла Саўчукі ўразілі вышытымі рушнікамі, сурвэткамі, карцінамі, якія адрозніваюцца надзвычайнымі акуратнасцю, прыгажосцю і закончанасцю.
Ірына Белямук з Пагранічнага СДК з дачкой Юліяй прадставілі сваё хобі – вязанне кручком. З дапамогай гэтага інструмента можна стварыць безліч прыгожых рэчаў: шалі, адзенне, шапкі, сурвэткі, лялькі-абярэгі, фігуркі жывёл, нават літары для азбукі! Ірына Паўлаўна прызналася, што ў стварэнні вязаных вырабаў ахвотна ўдзельнічае і прадстаўнік самага маладога пакалення сям’і – унук, які вяжа ланцужок з нітак, а потым з яго ў бабулі атрымліваецца ходнік.
Марыя Краўчынская прадста­віла на праглядзе тры творчыя пакаленні сваёй сям’і. Разам з дачкой Наталляй і ўнучкай Валерыяй яна займаецца бісерапляценнем і падвойным ткацтвам.
Самай шматлікай на выставе была сям’я Турковых (на фота). На суд гледачоў былі прадстаўлены творчыя работы трох яе пакаленняў (12 прадстаўнікоў). Першае – Анатоль Савельевіч, Алена Савельеўна і Наталля Савельеўна, 2-е – Таццяна Анатольеўна і Аксана Дзмітрыеўна Турковы, Святлана Віктараўна Шкаранава (Туркова), Юлія Мікалаеўна, Кірыл Валянцінавіч, Марына Мікалаеўна і Вольга Мікалаеўна Галякі, 3-е – Анастасія Шкаранава (24 гады), Дар’я Туркова (11 гадоў). Выстава вялікай сям’і ўключала кветкі з тканіны, пано, карціны, адзенне, лялькі, выцінанкі, скульптуры, біжутэрыю, мяккія цацкі, рэчы для кухні з абрэзкаў…
Мы ўсе добра ведаем Анатолія Туркова як народнага майстра Рэспублікі Беларусь, члена Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, старшыню грамадскага аб’яднання рэгіёна Белавежскай пушчы і Берасцейшчыны “Тур”, мастака, майстра разьбы па дрэве. На гэтай выставе ён адкрыўся наведвальнікам яшчэ і як чалавек, што аб’­ядноўвае сваю сям’ю, якая налічвае ўжо 50 чалавек, і ўсе яны – людзі творчыя, рознабаковыя, адкрытыя, гатовыя з радасцю падзяліцца тэхнікай выканання вырабаў, сакрэтамі апрацоўкі, якіх вельмі шмат у арсенале сям’і.
Экспанаты ўдзельнікаў – гэта гісторыя роду, сведчанне цёплых узаемаадносін розных пакаленняў і іх стаўлення да жыцця.

Наталля ДЗЯМЧУК, метадыст па народнай творчасці і фальклору аддзела ідэлагічнай работы, культуры і па справах моладзі
райвыканкама.

Добавить комментарий