Сем гадоў таму на першай старонке раёнкі з’явілася ўсмешлівая дзесяцікласніца з Пелішча Вікторыя Саванеўская

Амаль сем гадоў таму, у Дзень друку, на першай з тады яшчэ чатырох старонак раёнкі з’явілася ўсмешлівая дзесяцікласніца з Пелішча Вікторыя Саванеўская – наш тагачасны юны карэспандэнт. Яе шчымлівы, у нечым філасофскі, тэкст пад назваю “Шануйце Слова” быў дарэчы да названай вышэй святочнай даты…

Пазней, у 2011-м, наша таленавітая (прычым у розных сферах) зямлячка яшчэ два разы нагадала пра сябе ў газеце. Спярша яе вершы былі адзначаны ў намінацыі “Мая Радзіма” раённага літаратурнага конкурсу маладых талентаў “Дэбют”, а потым Віка стала пераможцай дзвюх (!) абласных алімпіяд: 1 месца – па беларускай мове і літаратуры, 2-е – па рускай мове і літаратуры.

Цяпер Вікторыя Саванеўская жыве і працуе ў Мінску. Яна звязала сваё жыццё не з журналістыкай, а з юрыспрудэнцыяй. Як так сталася? Паслухаем…

– Чаму вырашылі “пакараць” сталіцу, а не спыніцца на ўніверсітэце ў Брэсце, бліжэй да дома?
– Пасля заканчэння школы мяне чакаў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пра Брэст ніколі і не думала, бо для мяне, 17-гадовай, ён быў такі ж незнаёмы, як і сталіца. Безумоўна, я не зусім разумела на той час, хто такі юрыст, чым адрозніваецца гэта прафесія ад іншых. Прызнаюся: не да канца разумею і цяпер, бо толькі-толькі пачынаю свой прафесійны шлях. Дакладна ведала тады адно: там, дзе звычайным чалавекам кіруюць эмоцыі, юрыст абапіраецца толькі на факты і закон. Гэта мяне прываблівала. Але тых, хто плануе спрабаваць сябе ў юрыспрудэнцыі, папярэджу: выбіраючы гэту прафесію, улічвайце, што будзеце заўсёды знаходзіцца ў сферы канфлікту.

– Чаму вырашылі не звязваць сваё жыццё з журналістыкай?
– Рацыяналіст унутры мяне перамог творчую асобу.

– Якімі былі студэнцкія гады ў Мінску? Ці ўліліся вы ў рытм вялікага горада?
– Сваё студэнцтва ўзгадваю з цеплынёю. Яно было шчаслівым, бо побач знаходзіліся незвычайныя людзі. Яны мяняліся, застаючыся нязменна цудоўнымі. А наконт вялікага горада… Ён, мне здаецца, не зацягвае ў свой рытм, а, наадварот, дае магчымасць не аглядацца на іншых, не ісці “ў нагу” з імі. У мяне такая магчымасць была.

– Ці цягне вас на малую радзіму? Часта бываеце ў Пелішчы? Заходзіце ў родную школу?
– Сям’я і родныя мясціны заўсёды ў маім сэрцы. Вам здаецца, што Мінск далёка ад Пелішча? Ды не, зусім побач (усміхаецца). Я не адчуваю гэтыя кіламетры, бо ведаю, што ёсць месца, дзе любяць мяне любую і заўсёды чакаюць. А ў роднай школе працуюць мае бацькі, гэта не дазволіла мне з ёй развітацца.

– Ці ёсць верагоднасць таго, што калі-небудзь вернецеся дадому?
– Нічога нельга ведаць наперад. Мне здаецца, маё жыццё яшчэ не раз зменіць накірунак. Такі варыянт – адзін з магчымых.

– Дзе ў дадзены момант працуеце? Ці падабаецца вам ваша работа?
– Пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта ў чэрвені 2016-га пачала працаваць юрысконсультам арганізацыі, якая дзейнічае у галiне эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва). Мінулі 8 месяцаў, але мне пакуль складана сфармуляваць, ці падабаецца тое, чым займаюся зараз. Не адчуваю, што гэта маё пакліканне, пра якое шмат гавораць і пішуць. Іншая справа, што я як ра¬цыяналіст не давяраю абстрактнай тэрміналогіі, не ведаю, што такое пакліканне і дзе яго шукаць. Увогуле зараз толькі спрабую абраць свой накірунак.

– Магчыма, журналістыка засталася вашым хобі?
– Як і раней, мне падабаецца ўтвараць з літараў словы, а са слоў – тэксты. Аднак яшчэ не ведаю, што мне рабіць з гэтым уменнем.

– Ці працягваеце пісаць вершы?
– Пішу, калі гэтага просіць душа, калі нешта натхняе, а эмоцыя просіцца на паперу.

– На якой мове вашы творы?
– Часцей на рускай. У 2011 годзе, калі стала пераможцай рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове, нават думкі ў маёй галаве гучалі па-беларуску. Але мне не хапіла смеласці перанесці родную мову ў паўсядзённае жыццё. Адсутнасць практыкі зрабіла сваю справу – мова перастала быць сястрой, стаўшы аддаленай сваячкай. Аднак добрай, сустрэча з якой заўсёды выклікае светлыя пачуцці.

– Не спрабавалі сябе ў прозе?
– Яна з’яўляецца, калі распачынаецца роздум, узнікае імкненне расказаць нейкую гісторыю, адказаць на праблемнае пытанне.

– Чым займаецеся ў вольны час? Музыка? Чытанне? Кіно? Сацыяльныя сеткі?
– Усё гэта прысутнічае ў маім жыцці. Не магу ўявіць яго без класічнай літаратуры, на чытанне якой застаецца ўсё менш часу. Аднак ніколі не адмоўлюся пераглядзець адзін з твораў Аляксандра Дзюма. Вабіць і літаратура сучасная: нарэшце адолела ўсе творы Барыса Акуніна, з нецярпеннем чакаю навінак. Не магу абысціся і без музыкі цудоўнага беларускага гурта J:Мors, светлых і добрых савецкіх фільмаў – незабыўныя “Масква слязам не верыць”, “Службовы раман”, “Іронія лёсу” – і таленавітага сучаснага кіно, не магу не адзначыць, як уразіла мяне нядаўняя “Дама Пік” Паўла Лунгіна.

– Перачытайце, калі ласка, вытрымкі са сваіх радкоў, якія ў 2010 годзе былі надрукаваны ў нашай газеце. Што дадалі б да сказанага ніжэй?

“Шануйце Слова!
Слова… Яно радуе і засмучае, хваліць і крыўдзіць, дапамагае і перашкаджае. Як цяжка бывае знайсці тое адзінае добрае і шчырае слоўца, якое так патрэбна блізкаму. Бо Слова – гэта не набор літар і гукаў. Гэта думкі чалавека. Болей таго – яго душа! Гаворачы добрыя словы, мы аддаём людзям кавалачак сваёй душы і атрымліваем узамен такія ж чыстыя і светлыя часцінкі сардэчнасці. І зусім наадварот атрымліваецца, калі чалавек брыдкасловіць – ён зневажае сябе, свой розум, сваю існасць і ўсё тое, што дазваляе нам “людзьмі звацца”…
Я заўсёды буду ставіцца да Слова з павагаю, бо, датыкнуўшыся да прыгажосці і сілы, што тояцца ў ім, разумею, які гэта бясцэнны дар чалавеку ад Бога. Людзі, шануйце Слова!”

– Напэўна, пагаджуся з сабой 15-гадовай. Слова так і засталося для мяне таямніцай, якую нялёгка разгадаць. І няхай сёння мая прафесійная дзейнасць не звязана з гэтым. Магчымасць выказваць свае думкі праз Слова не страціла для мяне сваёй прывабнасці. Мой маленькі свет, як і раней, знаходзіць адбітак на старонках напісаных мною тэкстаў.

Распытвала Настасся НАРЭЙКА. Фота з архіва Вікторыі САВАНЕЎСКАЙ.

Добавить комментарий