Са школай развітваліся музыканты і мастакі

Автор Комментариев нет Поделиться

Выяўленчае мастацтва і музыка ўваходзяць у жыццё чалавека, каб ён змог зрабіць свет вакол сябе яшчэ больш прыгожым. Адзін бярэцца з гэтаю мэтай за пэндзаль, другі лёгка ўздымае руку са смычком. І нараджаецца твор…

Менавіта гэтаму – стварэнню прыгажосці – і вучаць у Камянецкай дзіцячай школе мастацтваў. Вучаць нямала гадоў запар, а потым прыходзіць час паказаць вынікі гэтай стараннай працы, што і адбываецца традыцыйна падчас справа¬здачнага канцэрта на сцэне раённага Дома культуры і выставы карцін у фае.

Сёлета адказнае і разам з тым святочнае мерапрыемства прыпала на 27 мая. Пяцьдзясят трэці па ліку выпуск школы мастацтваў – 47 юных музыкантаў і мастакоў. Сярод іх і шчаслівая ўладальніца тысячнага (!) пасведчання – Антаніна Ваўчок (клас фартэпіяна).

Справаздачны канцэрт адкрыў хор малодшых класаў, на якіх з замілаваннем і непрыхаваным сумам глядзелі выпускнікі, узгадваючы свае першыя крокі ў чароўны свет музыкі і малявання. А потым на сцэну выйшлі мясцовыя “зорачкі”, лаўрэаты і дыпламанты сур’ёзных конкурсаў: Аліна Лук’янчык (цымбалы), Андрэй Сцельмашук (кларнет), Іван Аляксюк (баян), Алена Нікіціна (гітара) і Лізавета Казлова (фартэпіяна).

Пасля выступлення хору хлопчыкаў пад кіраўніцтвам Ганны Грушэўскай слова меў дырэктар школы мастацтваў Мікалай Краўчынскі, які павіншаваў выпускнікоў з іх святам і запэўніў, што часцінка музыкі назаўсёды застанецца з імі.

Юнакі і дзяўчаты дзякавалі сваім педагогам за атрыманыя веды і імкненне да прыгажосці, а адна з выпускніц мастацкага аддзялення, Анастасія Аніскевіч, – за шанец вучыцца, дадзены людзям з абмежаванымі магчымасцямі, але неабмежаваным талентам. Асобныя словы падзякі выказалі таксама і бацькі. Ад іх імя выступіла Жанна Крэмез, а за ёю – настаўніца па класе фартэпіяна Ала Трафімюк.

Прыемна адзначыць той факт, што выпускнік, які вярнуўся ў родную навучальную ўстанову педагогам, – для Камянецкай школы мастацтваў не рэдкасць. Гэтую думку пацвердзіла Ксенія Тыхнюк, сыграўшы на скрыпцы. Захапленне музыкай сёння стала для яе прафесіяй.

Прыйшоў час паказаць свае здольнасці і сёлетнім выпускнікам. Госці свята слухалі выступленні Яніны Крэмез і Антаніны Ваўчок (фартэпіяна), Дар’і Дыдышка (скрыпка), Арыны Крох (домра). Шчырыя апладысменты заслужылі нумары ў выкананні трыа трубачоў (кіраўнік дзіцячага духавога аркестра Алег Долмат і два яго вучні Мікалай Мароз і Валянцін Пятручык), канцэртнага хору (Ганна Грушэўская), выпускніцы філіяла школы мастацтваў у Пелішчы Веранікі Мандра (скрыпка), квартэту цымбалістаў (Наталля Неўдах), дзіцячага аркестра рускіх народных інструментаў (Іна Давідзюк), Дзмітрыя Герасімука (кларнет), ансамбля скрыпак і хору старэйшых класаў.

З віншаваннямі да выпускнікоў звярнуліся настаяцель Сімяонаўскага храма Каменца, протаіерэй Сергій Буркоўскі і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Громік. Апошні ўручыў падзячныя пісьмы аддзела, які ўзначальвае, траім матулям выпускнікоў: Ірыне Старавойтавай, Наталлі Аніскевіч і Святлане Ефімовіч, а таксама граматы і падзякі педагогам, што падрыхтавалі паспяховых удзельнікаў розных фестываляў і конкурсаў: Таццяне Турковай, Алене Казарэз, Наталлі Неўдах, Алёне Козел, Таццяне Пацяйчук і Святлане Барута. Граматамі былі адзначаны таксама пераможцы конкурсу “Ратаўнікі вачамі дзяцей” і ўдзельнікі дзіцячага духавога аркестра, які, дарэчы, даў свой паўгадзінны канцэрт ля РДК перад пачаткам гэтага свята. Акрамя таго, непасрэдна ад школы мастацтваў лепшыя вучні атрымалі граматы за выдатную вучобу і актыўны ўдзел у канцэртным і грамадскім жыцці ўстановы адукацыі.

Завяршылася свята выступленнямі дзіцячага вакальнага гурта “Музыкальная капель” і ансамбля народных інструментаў “Камянецкія музыкі” пад кіраўніцтвам Святланы Баруты.

Настасся НАРЭЙКА. Фота Івана КАРАГОДЫ.

Предыдущая статья

“Отбивные”… на деревьях

Следующая статья

Трыццатага мая празвінеў апошні школьны званок у СШ №2 Каменца

Вам также может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *