Рудавец – вёска, якая ўтварылася пасля адмены прыгоніцтва

Крыху далей ад вёскі Ставы – і мала хто чуў пра яе “суседа” з нязвыклым імем Рудавец. Як патлумачыла патомная рудаўчанка Любоў Казак, год нараджэння якой 1941-ы, назва паходзіць ад слова “руда”. З дзяцінства ведае, што побліз Рудаўца, на лузе, пасля касьбы добра бачныя пагорачкі чырванавата-бурага колеру, якім дарослыя давалі вызначэнне: жалезная руда (праўда, не памятаюць, каб той мясцовасцю цікавіліся геолагі, бо на самой справе руды лічацца жалезнымі, калі доля жалеза ў іх у такім аб’ёме, каб яго здабыча была выгаднай; знайсці ж мінеральныя ўтварэнні, што ўтрымліваюць жалеза, даволі лёгка, бо гэты элемент складае звыш пяці працэнтаў зямной кары).

Хатнія ўрокі гісторыі

Усё сваё жыццё Любоў Іванаўна ў Рудаўцы. Сямёра дзяцей было ў бацькоў, а яна найменшая, і калі скончыла школу, зразумела, што ім, састарэлым, патрэбна падмога. З той прычыны і засталася ў вёсцы, у адной хаце з бацькамі.

– Тата мне часта расказваў пра былое. Ён жа 1896 года нараджэння. Многае зведаў сам, помніў чутае ад старэйшых. Ад яго і я даведалася, што наша вёска ўтварылася адразу пасля адмены прыгоннага права: тутэйшы пан Пастоўскі даў зямельныя надзелы шасці былым прыгонным, у гаспадарскіх здольнасцях якіх быў упэўнены, – Кавальчуку, дваім Прытульскім, Чарнамордаму, Федаруку, Палешчуку. Іх паселішчы і сталі пачаткам Рудаўца.

Маё дзявочае прозвішча – Кавальчук, гэта з той кагорты. Дасюль яшчэ жывыя ў нас прозвішчы Прытульскіх і Чарнамордых, іх нашчадкі прыязджаюць у вёску. А сядзіба Пастоўскіх з двухпавярховым домам была ў кіламетры ад Рудаўца. Помню той панскі дом з калонамі, бо дзецьмі бегалі туды глядзець кіно – фільмы прывозілі для пагранічнікаў, застава ж побач была. А бацька казаў яшчэ і пра вяселле ў маёнтку, калі аддавалі замуж за князя ўнучку старога пана. Сяляне ж пераставілі дарогу сталом, дык вясельны бацька паклаў на стол сто царскіх рублёў. Сялян з наваколля запрасілі ў двор, частавалі мужчын чаркай, а кабетам панны сыпалі цукеркі з балкона…

Вялікім іспытам стала бежанства, калі ўсе з Рудаўца, за выключэннем кульгавага каня і хворай бабы, пасля пакутнай дарогі апынуліся ажно ля Урала, у Башкірыі. Бацька казаў, што мясцовы люд добра ставіўся да бежанцаў, спачувалі, памагалі прадуктамі. Але ад тыфу памерлі мае дзед і прадзед, ля Уфы іх і пахавалі. Астатнія дадому вярнуліся ў разруху, прыйшлося пачынаць усё нанова…Так склалася, што бацьку давялося два гады служыць імператару пасля прызыву ў царскую армію і яшчэ два гады – савецкай уладзе. Быў у Петраградзе, на свае вочы бачыў, у якім хаосе ўсталёўвалася новая ўлада, колькі ахвяр патрэбавала…

Зімовымі вечарамі была яго найлепшым слухачом, а ён – цудоўным расказчыкам. Цяпер і я сваім дзецям і ўнукам пераказваю чутае ад бацькі. Ім цікава, просяць, каб запісала ў сшытак успаміны пра свае дзяцінства і юнацтва. І сапраўды, ад каго яшчэ даведаюцца, як зерне на ветры веялі, а потым некалькі кілаграмаў яго станавіліся мукой, мама пякла нам коржыкі, у якіх цукар замяняла морква; як у 1949-м у вёсцы быў створаны калгас “На страже”, першы старшыня якога – Васіль Шэрамет, а брыгадзір – Пётр Данічук; як васьмігадовай дзяўчынкай капала з маці калгасную бульбу, а замест платы калгаснікам грузавіком прывозілі з Брэста “серый” хлеб – па дзве буханкі за працадзень, хлебныя кавалачкі мама залівала кіпятком, крыху зашкварвала, і з ячменнай кавай, у якую далівалі малако, то была найсмачнейшая страва; як у нашай хаце збіраліся сяляне на сходы, і аднойчы была сведкай таго, што адмовіліся атрымліваць заробак, калі на працадзень налічылі ім па 1 капейцы, – гэта быў 1954 год…

Памятная “круглая” плошча

Любоў Мікалаеўна працавала ў калгасе імя Свярдлова паляводам (за год мела да 400 працадзён), потым – паштальёнам, затым – прадаўцом у магазіне, дзе затрымалася больш як на дваццаць гадоў. Крама была ў прыстасаваным памяшканні каменнага будынка былога дома людовага, узведзенага тут палякамі ў 30-я гады мінулага веку.

Ён і сёння сумна глядзіць на свет пустымі аканіцамі, амаль раскрытым дахам, пад якім “пры Польшчы” размяшчаліся мясцовая ўлада, пажарная служба, пункт прыёму малака (млячарня) і нават вясковая лазня, а яшчэ – магазін (склеп). І пасля вайны, калі ў вёсцы было многа моладзі, тут быў не толькі магазін, але і клуб, затым – калгасная кладовая… А сёння побач з ім – невялічкі “кіёск”, як называюць рудаўчане сваю крамку, адчыненую не толькі ў “хлебныя” дні. Прадаўшчыца Вольга Каляда жыве ў Рудаўцы, пра асартымент клапоціцца. Паўсотні жыхароў вёскі ўдзячныя за такую зручнасць.

Побач з “гандлёвым цэнтрам” усё яшчэ праглядаюцца абрысы колішняй вясковай плошчы, ля якой літарай “Г” змыкаюцца ўласна Рудавец і перавезеная ўжо “пры Саветах” у 1939-м ад Буга вёска Лазовіцы, тая вулачка сёння – Лазавіцкая. А цэнтральная – Садовая – па-ранейшаму працяглая, хоць жылых дамоў уздоўж яе менш за дзесяць. Месца знесеных хат тут жа займае адзічэлы вішняк. І вандроўка з аднаго канца вёскі ў другі – нібы праз зялёную алею.

У свой час у вёсцы былі збудаваны чатыры прэзідэнцкія дамы і два – гаспадарчым спосабам, у якіх тады пасяліліся маладыя сем’і. Некаторыя з колішніх навасёлаў ужо выйшлі на пенсію, а хто маладзейшы, – заняты на ферме, што побач з Рудаўцом.

Тут пачыналася вайна…

У кнізе нарысаў «Их именами названы заставы» (выдадзена ў Казахстане ў 1979-м…) – пра падзеі 22-23 чэрвеня 1941 года побач з Рудаўцам. Тут, на стыку 3-й и 4-й застаў, дзесяць пагранічнікаў прынялі на сябе ўдар батальёна нямецкіх аўтаматчыкаў, імкнучыся не дапусціць фарсіравання немцамі Буга ля броду. Але нашы былі акружаны, і толькі пад прыкрыццем станкавага кулямёта зампалітрука заставы Івана Бяляева прарвалі заслон ворага і выйшлі з акружэння. Калі ён вызваўся хоть ненадоўга прыкрыць іх адыход, не мог не ведаць, што застанецца тут назаўжды…

Памятнай стала тая схватка пагранічнікаў з фашыстамі тут у першы дзень вайны. Больш за сотню іх знайшлі сабе магілу ў водах Буга, пяць танкаў і чатыры гарматы пайшлі на дно ракі. «На второй день войны нас, жителей Рудавца, Огородников и Став, немцы заставили копать могилы и собирать трупы их убитых, – у вышэй названай кнізе засталіся ўспаміны А.П. Тараданюка з Рудаўца. – Четверо суток мы с похоронной командой таскали из Буга баграми трупы фашистов…» Это свидетельство подтверждено В.С. Борисюком и другими очевидцами».

На вайну з Рудаўца пайшлі 14 чалавек. Не вярнуліся сямёра, у тым ліку трое Тараданюкоў.

Сярод тых, каму выпала жыць, быў Мікалай Несцярук. Для сваёй маладой сям’і – жонку “знайшоў” амаль у суседстве – збудаваў у Рудаўцы новую хату. Выгадавалі дваіх дзяцей. Былога франтавіка ўжо не стала, а яго Марыя Антонаўна сёння побач з дачкой і зяцем, што перабраліся з Брэста, клапоцяцца пра яе.

Галіна НОВІК.

Фота Віталія ДУЛЕВІЧА.

КАТАЛОГ УСЛУГ И ТОВАРОВ

Раздел в разработке