Расстраляныя лёсы

23 просмотров

Што яднае Седруж і Антаны, дзве вёскі Рэчыцкага сельсавета, акрамя геаграфічнага суседства? Агульная трагедыя, якой сёлета 10 сакавіка споўнілася 75 гадоў. У вогненным 1943-м 20 жыхароў з гэтых населеных пунктаў былі расстраляныя немцамі ў лесе паміж вёскамі за сувязь з партызанамі.

У 2003 годзе быў адкрыты помнік загінулым і на ім выбіты 19 прозвішчаў з ініцыяламі, а яшчэ – шчымлівы надпіс “Невядомы”. У два слупкі пад назвамі вёсак чытаем:
АНТАНЫ: Міранюк Кузьма Фаміч, Мі­ранюк Зіновій Карнілавіч, Стасюк Дзям’­ян Міхайлавіч, Стасюк Рыгор Міхайлавіч, Стасюк Марыя Кузьмінічна, Мартысевіч Пётр Войціхавіч, Міхайлоўскі Майсей Зіноўевіч, Міхайлоўская Марфа Іванаўна, Міранюк Сцяпан Кліменцьевіч, Міранюк Уладзімір Сцяпанавіч, Міранюк Лізавета Аляксандраўна.

СЕДРУЖ: Балюк Іван Мацвеевіч, Стасюк Антон Міронавіч, Стасюк Іван Яўстафьевіч, Стасюк Емяльян Емяльяна­віч, Хамчук Аляксей Прохаравіч, Хамчук Арсенцій Прохаравіч, Стасюк Нікіфар Міронавіч, Стасюк Ніканор Міронавіч, Невядомы.

Па гэтых імёнах коцяцца дажджавыя кроплі, калі плача восенню і ўвесну капрызлівае неба, на іх кладзецца мяккім покрывам снег узімку (нібыта суцяшае), іх грэюць улетку ласкавыя сонечныя прамяні… Але самы прыемны дотык для літар, выбітых на граніце, – ад позірку чалавечага. Калі нашчадкі чытаюць і перачытваюць, думаюць і ўзгадваюць – ПОМНЯЦЬ. Бо што мы можам даць ім, акрамя памяці? І як многа яны далі нам – ніколі не сплаціць.
За кожным радком на дошцы – асобны лёс. 20 жыццёвых шляхоў абарваліся адначасова. З мэтаю даведацца, як гэта было, накіроўваемся разам з камянчанкай Верай Семчынай у невялікае падарожжа. Падчас яго нам сустрэліся два апавядальнікі: першы ведае гэтую гісторыю з вуснаў сваіх бабулі і маці, другі бачыў усё на свае вочы. Паслухаем…

Аповед першы
(Расказвае Ніна Стасюк.)
– У той дзень, 10 сакавіка, немцы і паліцаі акружылі Седруж яшчэ раніцай. Увай­шлі ў хату маёй бабулі Ярмалюк Ганны Дзмітрыеўны і сказалі ёй: “Ты партызанам адзенне мыла, карміла іх. Збірайся”. Дзядуля тады падумаў, што жонку забіраюць у гестапа ў Каменец, і хацеў даць хлеба з сабою, але не дазволілі, як адрэзалі: “Хопіць. Яна ўжо наелася”.
Вывелі бабулю на двор, да іншых такіх жа няшчасных, пагналі па вёсцы. Людзі пачалі заступацца за яе, прасіць, каб пашкадавалі, адпусцілі, і адзін з немцаў нечакана прамовіў: “Добра”. Бабуля вярнулася да аднавяскоўцаў, але паспела пачуць, як адзін з паліцаяў раззлавана сказаў свайму начальству: “Дарма вы яе адпускаеце”.
Тым часам другая група немцаў “чысціла” Антаны. Потым усіх асуджаных на смерць сабралі разам і павялі ў лес, дзе і расстралялі.

Маёй бабулі потым давялося дорага заплаціць за сваё выратаванне. Ворагі прыдумалі ёй пакаранне: прымусілі на працягу месяца штодзень на 9 гадзін раніцы прыходзіць у Каменец у гестапа адзначацца. Гэта быў сакавік. Нялёгка было дабірацца да горада сярод апошняга снегу, бруду і холаду, пакінуўшы гаспадарку без догляду, але даводзілася. Ішла бабуля і не ведала, ці вернецца дадому.

Няма, напэўна, у Седружы ніводнай сям’і, якая не страціла б тады сваіх родзічаў, літаральна ў кожны другі дом у вёсцы прыйшло гора (некаторыя з іх і сёння захоўваюць тагачасны выгляд). Адна жанчына, напрыклад, засталася без мужа і трох братоў, другая страціла бацьку…
Пра невядомага салдата чула тое, што ён быў танкістам. Паранены не мог заставацца са сваімі таварышамі, і яны, кіруючыся сваім шляхам, пакінулі яго ў Седружы. Мужчына жыў у сям’і Пятра Серадзюка. Яго разам з усімі гналі на расстрэл, і ён ледзьве ішоў на мыліцах. Потым, калі рыхтавалі таблічку для помніка, спрабавалі даведацца ў сведкаў імя ды прозвішча танкіста – не змаглі.

Расказвала бабуля і пра надзвычай трагічны лёс Марыі Кузьмінічны Стасюк з Антаноў. Гэтая жанчына была на дзявятым месяцы цяжарнасці і, калі забралі яе мужа, пайшла за ім. І ўсю дарогу ўгаворвала немцаў адпусціць татку свайго дзіцяці, каб не расло яно бязбацькавічам. Тыя і слухаць не хацелі, а потым раззлаваліся і сказалі: “Калі хочаш, ідзі з ім!” І яна пайшла… Расстралялі іх разам.

Аповед Ніны Стасюк пацвярджае таксама і Юлія Вікенцьеўна Мацюхевіч, 1928 г. н. Яна сядзела ў той сакавіцкі дзень 1943 года за кроснамі, што стаялі каля акна, каб лепш было відаць, і на свае вочы бачыла, як седружскіх людзей вялі на расстрэл. Спужалася вельмі, кінулася прэч ад акна…
Падобныя ўспаміны і ў Марыі Яфімаўны Ігнацюк з Брэста, якая нарадзілася і сустракала вайну ў Антанах.

Аповед другі
(Расказвае Марыя Іванаўна Асіпук з Соснаў, 1938 г. н.)
– У нас была вялікая сям’я. У адной хаце жылі мая бабуля, яе тры дачкі (адна з іх – мая мама), мой тата, я, мой брат і сястра.
Калі пачалася вайна, вырашылі ўцякаць, сабраліся ўсёй сям’ёй і пайшлі ў бок Круглян і Рэчыцы. Пераплаўляліся цераз раку, і маленькага брата, помню, неслі на руках. Але ўцёкі нашы нічога не далі, давялося вяртацца.

Я, калі падрасла, пачала пасвіць скаціну, дык у лесе бачыла нямецкія акопы. У нас у Седружы яшчэ і вышка іх была, з якой азіралі наваколле.
…Калі ўспамінаю той сакавіцкі дзень, калі расстралялі тату Івана Яўстафьевіча Стасюка разам з іншымі аднавяскоўцамі ды антаноўскімі суседзямі, аж мароз па скуры прадзірае! Ды і дзень халодны быў, ворагі хадзілі па двары, наставіўшы каўняры. Былі з імі і нашы лю­дзі-прыслужнікі ў нямецкім адзенні.

Бабуля ведала, што па тату майго прыйдуць, раіла яму збегчы, а ён адказаў: “Калі зраблю гэта, вас усіх заб’юць” і застаўся, лёг на печ. Усе дзверы ў хаце былі расчыненыя насцеж.
Адзін з немцаў зайшоў і раптам пачаў плакаць. Калі другі спытаў “Чаго ты?”, сказаў, паказваючы на тату: “Хіба гэта бандыт, калі на печцы ляжыць?” (Згодна з аповедамі бабуль, немцы называлі партызам бандытамі.)
Як сабралі ўсіх, павялі ў вызначанае месца, куды ўжо прыйшлі антаноўскія людзі. Адтуль – у лес. Бабуля, помню, расказвала, што, калі стралялі, ёй здавалася, што ажно зямля дрыжала. Да­рэчы, з асуджаных на смерць немцы загадзя пазнімалі кажухі і хромавыя боты…

Партызаны потым шукалі здраднікаў сярод жыхароў нашых вёсак. Да аднаго чалавека, напрыклад, прыйшлі пераапранутыя ў нямецкую форму, спыталі пра расстрэл у лесе. А той і адказаў: “Бандытаў усіх перабілі, але ж сем’і іх засталіся!” Так сам сябе і выдаў. Партызаны на грудзях шынялі расшпілілі, і зразумеў здраднік: скончана. На месцы ён ад страху і памёр…

Яшчэ да расстрэла, дарэчы, нашых аднавяскоўцаў выклікалі на допыт. І адзін з немцаў шкадаваў іх: “Думаеце, нам вашыя мужы патрэбны? У нас саміх до­ма – і сем’і, і дзеці. Гэта ж вашыя лю­дзі вас выдалі… Падчас допытаў гаварыце ўсе адно і тое ж, тады выратуецеся”. Але як было гаварыць?! Калі людзі сядзелі перад фашыстамі за сталом, а плётка па ім якраз каля вуха ляскала?..
Цяжка было слухаць гэтыя ўспаміны, а яшчэ цяжэй – іх расказваць. Але загінулыя, безумоўна, заслугоўваюць таго, каб пра іх ведалі. Каб іх імёны не засталіся проста літарамі на граніце.

* * *
Там жа, у Седружы, пашчасціла пагутарыць яшчэ з адной бабуляй, якая ў гады вайны жыла ў Хваянаўцы. Марыя Ільінічна Міранюк была сямігадовай дзяў­чынкай у 1941-м… Асабліва ўрэзаўся ёй у памяць той дзень, калі тату выпраўлялі на фронт.
Таксама расказала Марыя Ільінічна пра аднаго з ворагаў, які ўразіў яе сваёй дабрынёю. У той ваенны час жанчыны стараліся схаваць ад немцаў хоць якую-небудзь маёмасць. Закопвалі ў зямлю адзенне, адрэзы тканіны. Аднак… тыя старанні былі марныя. Схованку мамы маёй суразмоўцы аднойчы знайшлі. Адзін з немцаў убачыў, як засмуцілася жанчына, і вярнуў ёй два адрэзы, сказаў, што сам мае ў Германіі пяцёра дзяцей…

Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *