Пошукі сябе, альбо Кінь перад сабою, знойдзеш за сабою

537 просмотров, Комментариев нет
,

“Карикатура Елены Веленцевич”. Гэтыя тры словы адданыя чытачы раёнкі добра ведаюць, бо неаднаразова сустракалі на старонках газеты. Звычайна такі подпіс – сведчанне аўтарства – стаіць пад гумарыстычным малюнкам, які не толькі дапаўняе матэрыял журналіста, але і з’яўляецца асобным творам. Хто ж яна – таямнічая Алена з далёкага Мазыра? Як пачалося яе сяброўства з “НК”? Аб гэтым і не толькі – у інтэрв’ю.
Алена Велянцэвіч нарадзілася ў невялікай вёсачцы Асавец, у 45 кіламетрах ад Мазыра. Сёння жыве ў гэтым прыгожым горадзе на Гомельшчыне, працуе бібліятэкарам па размеркаванні…
– Куды вы паступалі пасля школы? Чым аргументавалі тады выбар прафесіі і ці не шкадуеце аб ім цяпер?
– Да 9 класа была ўпэўненая, што ў будучыні абавязкова звяжу жыццё з маляваннем. У сельскай школе ў свой час была “мастаком №1”, удзельнічала ва ўсіх школьных і многіх раённых конкурсах па маляванню, не раз займала прызавыя месцы. Настаўнікі паўтаралі, што я таленавітая і мне варта вучыцца ў мастацкай школе. Сказана – зроблена! Чатыры гады запар тата вазіў мяне з вёскі ў горад на заняткі. Колькі за гэты час было спалена гаручага, можна толькі здагадвацца! (Усміхаецца.) Такія подзвігі для сваіх дзяцей у нашай вёсцы мала хто здзяйсняў, і я вельмі ўдзячная бацьку за тое, што ён даў мне магчымасць развівацца ў мастацкім накірунку. Аднак…
– Заўсёды гэтае “аднак”!
– Сапраўды! Аднак, неўзабаве я перастала асацыіраваць сваю будучыню з мастацтвам. Здарылася гэта, калі, скончыў­шы 9 класаў, паспрабавала паступіць у гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка ў Мінску. І няўдала. Не скажу, каб моцна расчаравалася тады ў сабе. Відаць, таму, што, нягледзячы на ўсе дыфірамбы, якія спявалі мне ў школе, заўсёды ацэньвала свае здольнасці ся­рэдне. Ды і як інакш, калі перад вачамі хапала прыкладаў сапраўднага майстэрства, да якога мне, як кажуць, расці і расці?
Асабліва гэта адчувалася, калі стаяла за мальбертам у мас­тацкай школе… Нельга было не заўважыць, з якой лёгкасцю некаторыя аднакласнікі спраўляліся з заданнем. Калі некаму на яго выкананне патрабаваўся адзін занятак, а табе – некалькі, і на выхадзе работы па якасці атрымліваліся падобныя, ці твая нават горш, міжволі задумваўся пра свае магчымасці. Акрамя таго, я адчувала прабелы ў ведах, напрыклад, у разу­менні пабудовы і перспектывы.
Разам са мной тады паступала шмат таленавітых рабят з усіх куткоў нашай краіны. Але, як ні дзіўна, сярод шчасліўчыкаў, што сталі навучэнцамі каледжа, у большасці сваёй, апынуліся жыхары сталіцы. Мяне вельмі зачапіла тады такая несправядлівасць. Ацэньваючы работы, камісія і не спрабавала хаваць той факт, што больш імпануе ўжо знаёмым па занятках на летніх мастацкіх курсах абі­турыентам. У выніку даволі пасрэдныя работы мінчан маглі атрымаць вельмі высокі бал, а зробленае таленавітымі выхадцамі з рэгіёнаў (і гэта я не пра сябе) шмат у чым заставалася недаацэненым. І ўсё ж я спадзявалася ўразіць – атрымалася, але паступіць, на жаль, не ўдалося. З таго моманту я зняверылася ў сваёй мастацкай будучыні.
– Што ж было далей?
– Наступныя два гады давучвалася ў школе і не ведала, кім быць. Пасля 11 класа ўсё яшчэ вагалася, і на сямейным савеце мы вырашылі, што буду паступаць на бібліятэчны факультэт у Інстытут культуры ў сталіцы. Варыянт з журналістыкай – мая недасягальная тады мара! – давялося пакінуць, бо прахадны бал вельмі высокі, а публікацый у газетах у мяне не было. Аб’ектыўна ацэньвала свае магчымасці і хацела вучыцца на бюджэце.
Калі перад паступленнем гля­дзелі леташні даведнік абітурыента, на бібліятэчным факультэце знайшла спецыялізацыю з педагагічным ухілам. На выхадзе яе дыплом дазволіў бы працаваць як у бібліятэчнай сферы, так і ў адукацыі (выкладчык беларускай мовы і літаратуры). Гэта было тое, што доктар прапісаў, але… У 2011-м такой спецыялізацыі не стала.Даведалася аб гэтым, толькі падаючы дакументы, разгубілася. Прыйшлося выбраць чыста бібліятэчную спецыяльнасць.
– На гэтым пошук справы жыцця не скончыўся?
– Не. Калі дыплом быў у кішэ­ні, задумалася пра будучыню. Перспектывы бібліятэчнага супрацоўніка здаваліся туманнымі, ды і заробак пакідаў жадаць лепшага, таму стала пракручваць у галаве варыянты. Тады я была ў дэкрэтным адпачынку, мела шмат вольнага часу і хацела вучыцца. Атрымала вадзіцельскае пасведчанне і адчула: мала! Яшчэ!
Думка пра журналістыку была спачатку няўпэўненай, рамантыка гэтай прафесіі мяне заўсёды прыцягвала. Недзе ў глыбіні душы адчувала: вось тое, чым хачу займацца. І ў адзін зімовы дзень проста патэлефанавала у Белдзяржуніверсітэт спытаць пра ўмовы паступлення. У той момант якраз ішоў набор на перакваліфікацыю па спецыяльнасці ”Журналіст”. Доўга не думаючы, сабрала дакументы, родныя маё рашэнне падтрымалі. Мінулі два гады, і дыплом журналіста ўжо не мара, а рэальнасць.
– Не шкадуеце аб першай адукацыі?
– Ніколькі! Нельга шкадаваць аб уласных рашэннях. Гэта рух наперад. Сёння ўспамінаю беларускую прыказку, якую мне часта паўтарала мама: “Кінь перад сабою, знойдзеш за сабою”. Яе сэнс раскрыўся мне на журфаку, калі аказалася, што і час, і сродкі, выдаткаваныя некалі на мастацкую школу, прынес­лі плён.
– Як гэта здарылася?
– На практычным занятку па вёрстцы газеты нам прапанавалі разнастаіць яе афармленне сатырычным малюнкам. Вырашыла праявіць ініцыятыву, прапанаваць свой варыянт, і ён нечакана спадабаўся як выкладчыку, так і аднагрупнікам. У той момант і адкрыўся ўва мне талент карыкатурыста. Галоўны рэдактар “Навін Камянеччыны”, які, як і я, быў слухачом нашага курса, без увагі гэты факт не пакінуў і ўжо на перапынку падышоў да мяне з прапановай супрацоўніцтва, а ад Віктара Іванавіча Дулевіча проста так не адчэпішся (усміхаецца.) Думаю вы гэта і без мяне ведаеце. Калі ўжо задумаў нешта, свайго абавязкова даб’ецца!
– Так вы і сталі нашым мастаком-карыкатурыстам…
– Чым вельмі ганаруся! Шчыра кажучы, ніколі не думала пра сябе ў такім амплуа, хоць смешныя малюнкі суправаджаюць мяне шмат гадоў. Калі зазірнуць у мае старыя штодзённікі, сшыткі і канспекты, знойдзеце цэлую галерэю пацешных малюнкаў. Ды і цяпер, калі ёсць вольны час, чорная гелевая ручка ў руцэ, а пад ёй папера, сама не заўважаю, як пачынаю нешта выводзіць. Часцей – свінак, катоў, людзей і кветкі…
– Як прыходзіць натхненне?
– Разам з ідэяй. Калі настрой добры і тэма шырокая, варыянтаў малюнка можа быць некалькі. Здараецца, што адразу на розум нічога не ідзе, тады шукаю ў Інтэрнэце рэферэнсы (дапаможныя малюнкі. – рэд.). Стараюся не капіраваць – раблю самабытныя малюнкі. Добрымі крыніцамі ідэй могуць стаць анекдоты і жарты, а яшчэ… мой брат, у якога выдатнае пачуццё гумару!
Вобразы герояў прыходзяць самі, а некаторыя, асабліва ўдалыя на мой погляд, выкарыс­тоўваю паўторна. Магчыма, нех­та ўважлівы прыкмеціў неаднаразовае з’яўленне лысаватага п’янюжкі ў маіх карыкатурах адпаведнай тэматыкі. Могуць паўтарацца вобразы некаторых бабуль…
– Чым прыцягвае менавіта карыкатура?
– Гэты жанр мне заўсёды падабаўся, хоць і падумаць не магла, што буду займацца ім сама. У дзяцінстве зачытвалася часопісамі “Каламбур” і “Один дома”, у якіх было поўна смешных малюнкаў, коміксаў і анекдотаў. Кожны раз, калі тата адвозіў мяне на заняткі ў мас­тацкую школу, на перапынку бегла ў кіёск і купляла свежы нумар “Оди”. Часопісы і сёння стосамі захоўваюцца дома. Мне вельмі падабаюцца стыль тых малюнкаў і якасць іх выканання. Цяпер «Один дома» кардынальна змяніўся па напаўненні, і таго гумару, які быў раней, на жаль, ужо даўно няма. Сеня гэта проста часопіс для падлеткаў, якіх сотні.
– Што скажаце пра “Навіны Камянеччыны”?
– Ваша раёнка мне сапраўды падабаецца, з вялікім задавальненнем назіраю за зменамі ў ёй, за тым, як газета робіцца ўсё больш цікавай, яркай, сучаснай. Я жыву ў іншай вобласці, але ахвотна адкрываю новы нумар “НК”. І, прызнаюся, чытаю вашу раёнку нават часцей за нашу, мазырскую, якой шмат у чым варта было б у вас павучыцца.
– Ці бывалі ў Камянецкім раёне?
– Праездам у Белавежскую пушчу ў 2010-м. Вежу бачыла толькі праз акно аўтобуса. Як пацяплее, планую здзейсніць паўторны візіт і, вядома ж, наведаць рэдакцыю “НК”, часткай якой (хоць і вельмі-вельмі маленькай) сябе ўжо лічу. І дачку вазьму з сабою. Ганначцы 4 гады, і яна, дарэчы, любіць маляваць.
– Ці маеце хобі?
– Пішу вершы час ад часу (яны друкаваліся ў раёнцы 3 лістапада. – рэд.), вяжу кручком і пляту з бісеру, майструю з гаф­рыраванай паперы, збіраю цацкі з кіндэр-сюрпрызаў, асабліва – старыя калекцыі, тыя, што з дзяцінства.
– І на заканчэнне… Калі б падчас сусветнага пажару вы маглі выратаваць толькі 3 кнігі, якія б выбралі?
– “Дзікае паляванне караля Стаха” Караткевіча, “1984” Оруэла і збор твораў Пушкіна.
– Дзякую за гутарку!

Распытвала
Настасся НАРЭЙКА.
Шарж (на саму сябе) Алены ВЕЛЯНЦЭВІЧ.

Добавить комментарий