Падлічылі колькі каштуе 1 верасня

Да старта навучальнага года ўсяго тры тыдні. Адкладваць пакупку абновак да школы быццам бы і няма куды, а найпершае пытанне, што ўзнікае ў бацькоў, – школьная форма: што выбраць?

Насамрэч выбар сёння даволі разнастайны. Але ці можна апрануць школьніка стыльна і нядорага?

Колькі ж каштуе стандартная вучнёўская форма для пачаткоўцаў? З улікам таго, што дзяўчынкам, як кажуць матулі, патрэбныя два камплекты. У першым – спаднічка, жылетка і блузка; у другім – сарафан і блузка. У магазінах спажыўкааперацыі прапануюць тавар айчынных вытворцаў. Першы прывоз у камянецкі ўнівермаг, напрыклад, быў 1 жніўня. Але і праз тыдзень у аддзеле ўсё яшчэ нешматлюдна, прадаўцы зазначаюць, што ў асноўным матулі прыглядаюцца, прыцэньваюцца… Шчыра рады тым з іх, хто давярае айчыннай фабрычнай прадукцыі, бо яна “сапраўдная”, адпавядае патрабаванням стандартаў.

А цэны…

Цёмная спаднічка ад салігорскай фабрыкі “Калінка” каштуе 21 рубель, ёсць прапановы і даражэй. Жылетку ад таго ж вытворцы можна купіць за 14 рублёў і больш. Самая танная баваўняная блузка абыдзецца ў 20 рублёў. Прыцягваюць увагу прыгожыя сарафаны стрыманых колераў, цікавых фасонаў і з арыгінальнай аздобай. Напрыклад, чорна-белая мадэль ад драгічынскай “Дзілма Плюс” каштуе 24 рублі. Універсальны цёмны камплект з пінжака і спаднічкі абыдзецца каля 60 рублёў. Не менш вабныя і вырабы жлобінскай швейнай фабрыкі, на якія прадпрыемства дае зніжку ў 15-20% ад адпускной цаны (такую скідку робяць і некаторыя іншыя вытворцы).

Хлопчыка, мяркуючы па ўсім, сабраць у школу танней. Камплект для шкаляра (штаны і пінжак) 10-12 гадоў абыдзецца да 70 рублёў, прычым можна купіць іх паасобку. Выбар кашуль ёсць. Баваўняныя мазырскай швейнай фабрыкі “Надэкс” – ад 20 рублёў. Прыгожы джэмпер ад “Калінкі” (60% бавоўны) – 30 рублёў. Вельмі практычны варыянт.

Падобная сітуацыя з абуткам: на паліцах таксама беларускі тавар, у асноўным гродзенскі “Неман”. За прыгожыя скураныя туфлікі для дзяўчынкі давядзецца выкласці каля 55 рублёў. Калі больш простыя, дык ці не ўдвая танней. Кошт хлапчуковых туфляў крыху вышэй.

На гэтым тыдні ў камянецкім універмагу з’явілася школьнае адзенне ад “БелКрэда” (Навагрудак). Цэны таксама на ўзроўні мінулага года. Штаны для хлопчыкаў малодшага ўзросту – ад 14 рублёў, для старшакласнікаў – ад 29-і, касцюм (штаны і пінжак) для малодшых – ад 68-і; спаднічка для дзяўчынкі – ад 19-і… Састаў тканін шматварыянтны: натуральнае і штучнае валакно ў розных суадносінах. Размерны рад пашырыўся.

Акцыя ў дапамогу!

Не варта забываць пра акцыю “Здравствуй, школа!”, якая дзейнічае да 5 верасня і паводле якой пры пакупцы тавараў для школьніка на суму ад 50 рублёў даецца скідка на 10 працэнтаў. Гэтаксама ў магазінах райспажыўтаварыства даецца беспрацэнтная растэрміноўка на тры месяцы пры агульнай суме пакупак ад 200 рублёў, для шматдзетных сем’яў – ад 100 рублёў (першапачатковы ўзнос – 30%).  24 і 25 жніўня адбудзецца рэспубліканская акцыя “Адзіны дзень скідак” дзеля падрыхтоўкі дзяцей да школы.

* * *

Падчас такога мэтавага шопінгу нярэдка паўстае дылема: цана і якасць. Апошняе часцей датычыць тканіны, з якой пашыта вучнёўскае адзенне. Але калі новая партыя яго з’явілася ў камянецкім універмагу, не адна з магчымых пакупніц выйшла адтуль без пакупкі (“Дорага!”) і накіравалася ў папулярную ў нашым райцэнтры прыватную краму – “паглядзець” школьнае адзенне для дзяўчынак там, дзе яно ўдвая танней. Але… На этыкетках да сукенак кітайскай вытворчасці ад рукі пазначана “100% полиэстер» (дзякуй за шчырасць). Тое ж і вабныя на першы погляд белыя блузкі – цалкам сінтэтычныя. Па ўсім бачна, што тавар пакрысе раскупляюць. Але ж ці ўтульна будзе пачувацца маленькая школьніца ў такім адзенні?

* * *

Падлічана: кошт камплекту абутку і адзення для малодшага школьніка вар’іруецца ад 160 да 480 рублёў; старшакласніка – ад 200 да 600. Інтэрвал паміж бюджэтным і свядома больш дарагім коштам дзеі “сабраць дзіцяў школу” больш чым заўважны: да 300 рублёў. Тая сума цяжэе ад пакупкі канцтавараў і ранца, сціплыя мадэлі якога ў камянецкай “Архідэі” ад 16 да 35 рублёў.

У Жабінцы танней?

Некаторыя з бацькоў едуць за такімі пакупкамі ў Жабінку – кажуць, танней; у Брэст – большы выбар. Дзе-хто вязе апратку для школьніка з Украіны, а то і карыстаецца паслугамі інтэрнэт-перасылкі рэчаў з-за мяжы або зазірае ў Куфар ці прымярае малодшым школьную форму старэйшых дзяцей, з якой яны выраслі.

А настойлівае “Чаму так дорага каштуюць рэчы для школьніка?” (дзеля справядлівасці нагадаю, што не ўсе бацькі лічаць тыя цэны “непад’ёмнымі”) беларускія вытворцы тлумачацьтым, што на выраб іх не прадугледжаны дастатковыя льготы, хоць шыць адзенне для дзяцей больш складана, чым для дарослых тыпавых памераў; што, маўляў, высокае падаткаабкладанне, вялікія рызыкі пры выпуску прадукцыі, бо мала пашыць і прадаць – трэба, каб гандаль разлічыўся з прадпрыемствамі. Жаляцца на дарагія крэдыты, якія пры недахопе сродкаў даводзіцца браць у банку пад высокі працэнт, каб закупіць тканіну, фурнітуру і інш.

Тыя ж, хто прадае дзелавое вучнёўскае адзенне, сцвярджаюць, што рознічны гандаль  вызначае мінімальную нацэнку на такі тавар – 30 працэнтаў, а пакупкі многія з бацькоў проста адкладваюць на другую палову жніўня. У тым, што стыль айчыннага школьнага адзення са смесавых тканін, яго варыянтнасць  у асноўным задавальняюць вучняў і іх бацькоў, упэўнімся ў верасні, калі дзеці пойдуць у школу па веды.

Р.S. Вучні са шматдзетных сем’яў атрымліваюць сацыяльную дапамогу на падрыхтоўку да школы – 35 рублёў на 1 дзіця.

Галіна НОВІК.

 

КАТАЛОГ УСЛУГ И ТОВАРОВ

Раздел в разработке