Не згубіліся ў “Аркестравым калейдаскопе”

202 просмотров, Комментариев нет
, ,

Дзіцячы духавы аркестр Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў перададзены ва ўпэўненыя рукі новага кіраўніка – Алега Долмата – толькі ў маі мінулага года, а ўжо ў бягучым ён можа пахваліцца паспяховым удзелам у абласным конкурсе творчых калектываў “Аркестравы калейдаскоп”…

24 лютага сёлета аркестр вярнуўся з яго з трэцім месцам у намінацыі “Творчы аркестр духавых інструментаў”. Па сутнасці сваёй камянецкія музыканты мелі ўсе правы і на 2-е, але атрымаць яго можна было толькі адмовіў­шыся ад двух з сямі ілюстратараў (у іх ролі выступаюць педагогі), як патрабавалі правілы конкурсу. Кіраўнік аркестра валявым намаганнем прыняў рашэнне пакінуць творчы калектыў у поўным складзе. “Усе рэпеціравалі, усе стараліся – як можна некага выкінуць?” – тлумачыць Алег Яўгеньевіч. У той жа намінацыі выступалі аркестры з Кобрына, Пінска і Брэста (два).
Удзельнікам неабходна было выканаць тры творы, адзін з іх – абавязкова! – беларускага аўтара. Алег Долмат спыніўся на “Юбілейным маршы” Я. Глебава, “Дзецях вайны” В. Юдахінай і “Бэсамэ-муча” К. В. Торас. Аркестранты выйшлі на сцэну ў новай форме, шэўроны і аксельбанты для якой, дарэчы, выканалі сваімі рукамі. Акрамя таго, паспрыяла ўдаламу выступленню і тое, што ў апошні час намаганнямі школы мастацтваў былі набыты якасныя, нятанныя інструменты: другі па ліку вялікі барабан, талеркі, саксафон-тэнар, рытм-гітара і іншае. Але ж галоўным складнікам добрага выніку сталі, безумоўна, самі музыканты. Сёння дзіцячы духавы аркестр складаецца з больш як 30-і удзельнікаў ад 9-і да 18 гадоў. За апошнія паўгода яго дапоўнілі і такія педагогі, як Ягор Пустаржэўцаў (ударныя), Алёна Козел (бас-гітара), Ганна Храмянкова (клавішныя), Яўгенія Дацкевіч (рытм-гітара).
Цікаўлюся ў Алега Яўгеньевіча, якія настаўленні даваў ён сва­ім выхаванцам перад выступленнем.
– Настройваў іх на тое, што неабходна паказаць усё, на што мы здольны, даказаць, што ў Каменцы сапраўды ЁСЦЬ аркестр. На маю думку, ён толькі тады заслужана носіць сваю гордую назву, калі выступае. Дарэчы, пасля заканчэння конкурсу да нас падышлі прадстаўнікі журы і запрасілі на новы, што адбудзецца ў Пружанах 29 красавіка.
Сваімі ўражаннямі ад конкурсу падзяліўся таксама і адзін з аркестрантаў Максім Шайтар (на здымку з Алегам Долматам), які іграе ў аркестры на трубе-альце ўжо другі год.
– Мне вельмі спадабалася! Мы стараліся. Наш аркестр дружны, нас звязвае сапраўднае сяброў­ства.
Сёння без удзелу дзіцячага духавога аркестра не абыходзіцца ніводнае мерапрыемства ў Каменцы. Многія, напэўна, памятаюць, як ён адкрываў святочны канцэрт да 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іграў у фае РДК перад пачаткам вялікага Каляднага канцэрта… Немагчыма ўявіць Дні Перамогі, Дзяржаўнага Герба і Дзяржаўнага Сцяга, Незалежнасці нашай краіны, выпускны школьны баль без выступлення аркестра. Пажадаем яму далейшых поспехаў!

Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *