Нашто хадзіць, калі можна танцаваць?

Автор Комментариев нет Поделиться

“Нашто хадзіць, калі можна танцаваць?” – запытаў нехта мудры. Цікавае пытанне… Хто ж адкажа на яго? Думаю, той, для каго танец – гэта жыццё.

Вашай увазе – гісторыі дзвюх камянчанак, якія даўно, з самага ранняга дзяцінства, танцуюць замест таго, каб проста хадзіць.

Наталля КАЧАН

займаецца танцамі з 6-гадовага ўзросту. Бацькі таленавітай дзяўчынкі бачылі ў ёй патэнцыял і прытрымліваліся слушнай думкі, што дзіця павінна паспрабаваць сябе ва ўсім, каб знайсці адзіна правільны, абсалютна СВОЙ шлях.

Так Наташа пачала адначасова займацца танцамі ў студыі “Музычны падвал” Камянецкага гарадскога Дома культуры пад кіраўніцтвам Жанны і Сяргея Сухамліных, іграць на скрыпцы ў музычнай школе, якую скончыла, дарэчы, з чырвоным (!) дыпломам, і шыць мяккія цацкі ў аднайменным гуртку тагачаснага цэнтра пазашкольнай работы. Усё паспявала, усё падабалася, асабліва ж – танцы.

Пазней, калі Сухамліны пакінулі Каменец, Наталля не кінула свайго любімага занятку. Змянялі адзін аднаго педагогі, а потым Ларыса Мікалаеўна Табольчык арганізавала калектыў пад назваю “Пікнічок”, у які ўвайшла і гераіня майго матэрыялу, тады шасцікласніца.

Пазней нарадзіўся добра вядомы сёння народны ансамбль сучаснага танца “Тандэм”, на рахунку якога нямала падарожжаў (Італія, Балгарыя, Польшча, Расія, Украіна), перамог на прэстыжных конкурсах і яркіх, цікавых нумароў (без іх не абыходзіцца ніводнае свята ў Каменцы).

У дзявочым калектыве, склад якога неаднаразова мяняўся, наладзіліся сапраўды сяброўскія, нават сямейныя ўзаемаадносіны. Дзяўчаты разам бавяць вольны час, ходзяць у госці, віншуюць адна адну з днём нараджэння, а на вяселлі каляжанак нават рыхтуюць танец-падарунак. Заўсёды адчынены для ўдзельніц “Тандэма” дзверы гасціннага дома іх кіраўніка, які і падтрымае ў цяжкую хвіліну, і парадуецца ў шчасную.

Па прафесіі Наталля Качан – настаўнік беларускай і англійскай моў. Пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта выкладае родную мову ў Хадасоўскай БШ. Сёння – у другім дэкрэтным «адпачынку». І раней, сярод урокаў і сшыткаў, і цяпер, у моры матуліных абавязкаў ды клопатаў, яна знаходзіць час на рэпетыцыі “Тандэма”, якія, трэба адзначыць, праходзяць па тры разы на тыдзень.

Сваю вернасць любімаму занятку Наталля тлумачыць тым, што калі танцуе, адпачывае маральна. Акрамя таго, гэта і для здароўя карысна, і трымаць сябе ў форме дапамагае.

Безумоўна, паспяваць усё ў гераіні майго матэрыялу не атрымалася б, калі б не падтрымка і разуменне мужа Дзмітрыя, а таксама бацькоў. За што Наталля шчыра дзякуе ім. Цудоўна, калі самыя блізкія людзі разумеюць тваё імкненне да самавыражэння і падтрымліваюць яго!

Ксенія ТЫХНЮК

За спінай гэтай дзяўчыны таксама немалы танцавальны вопыт. Вось толькі звязаны ён з іншым калектывам – узорным ансамблем эстраднага танца “Капрыз”…

На першы свой занятак да Валянціны Крывец 8-гадовая Ксюша прыйшла за кампанію з лепшай сяброўкай і… засталася надоўга. Аднойчы, праўда, вырашыла было ўсё кінуць, але любімы кіраўнік патэлефанавала бацькам сваёй вучаніцы, і агульнымі намаганнямі атрымалася вярнуць яе да заняткаў. Да дзявятага класа, пакуль не прыйшоў час паступаць, яна з задавальненнем танцавала.

Выбіраючы прафесію, Ксенія вагалася паміж танцамі і музыкай (паспяхова скончыла дзіцячую школу мастацтваў па класе скрыпкі), але адно ведала дакладна – будзе працаваць у сферы мастацтва. Канчаткова вызначыцца дапамаглі любімыя бацькі, параіўшы пакінуць харэаграфію хобі, як больш траўматычную ў параўнанні з ігрой на інструменце, – ведалі, што інтарэс дачкі да пэўнага занятку можа стаць фанатычным.

Гады вучобы ў музычным каледжы імя Рыгора Шырмы праляцелі хутка і былі напоўненыя, вядома ж, музыкай (Ксенія нават двойчы ўдзельнічала ў знакамітых Студзеньскіх музычных вечарах у Брэсце ў складзе сімфанічнага аркестра сваёй навучальнай установы), а таксама – танцамі (Leggo dance studio у абласным цэнтры, мінскія майстар-класы Юліі Касьміной і Насці Скарупскай, удзельніц “Танцаў” на ТНТ, і многае-многае іншае).

Сёння Ксенія Тыхнюк працуе ў Камянецкім РДК кіраўніком харэаграфічнага гуртка (каля 40 дзетак ад 4 да 7 гадоў рыхтуюцца з яе дапамогай да пераходу ў “Капрыз” і “Тандэм”), а ў дзіцячай школе мастацтваў – выкладчыкам па класе скрыпкі. Акрамя таго, дзяўчына іграе на… талерках, сёлета ў Дзень Перамогі плануе прайсці па вуліцах горада разам з аркестрам духавых інструментаў пад кіраўніцтвам Валерыя Шасцёркіна.

Ксенія падтрымлівае цёплую дружбу са сваім родным “Капрызам” (дапамагае падчас рэпетыцый, у пастаноўцы новых нумароў), удзельнічае ў канцэртах раённага Дома культуры (аднойчы, напрыклад, танцавала сола пад чуллівую песню, прысвечаную матулі, у выкананні Святланы Сухарославай), а таксама знаходзіць у танцы выхад уласным эмоцыям – часцей за ўсё гэта адбываецца ноччу, калі ніхто не бачыць, і вельмі дапамагае вярнуць душэўную раўнавагу. Да таго ж нядаўна атрыманае вадзіцельскае пасведчанне хутка дапаможа Ксеніі зноў уліцца ў танцавальнае жыццё Брэста.

У адказ на пытанне, чым прывабліваюць танцы, гераіня майго матэрыялу пералічвае цэлы спіс “плюсаў”: тут і гнуткасць, і выдатная асанка, што выдае танцора, і ўмацаванне здароўя, і магчымасць быць сапраўднай зоркай на дыскатэцы…

Настасся НАРЭЙКА.

Предыдущая статья

На Ваши вопросы ответят специалисты служб Каменецкого района

Следующая статья

С 11 по 15 мая на территории Каменецкого района проходит специальное комплексное мероприятие «Быт»

Вам также может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *