Нашто пазычаць, калі можна стварыць сваё?

Автор Комментариев нет Поделиться 163 просмотров

Калі на інтэрв’ю да мяне ў цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Каменца, дзе вядзе заняткі гуртка “Фларыстыка”, Марыя Сіпайла прыйшла з па-асенняму яркімі галінкамі сумаха, я зусім не здзівілася. Гэта было так натуральна, так правільна, што не прыхапі яна іх з сабой па дарозе, я была б расчараваная…

Пра выставу работ выхаванцаў Марыі Васільеўны ў свой час ужо распавядала на старонках раёнкі, і вось днямі часопіс “Лукошко идей”, які выпісваю, падрыхтаваў мне яшчэ адну нечаканую сустрэчу з ёю. На яго старонках – майстар-клас нашай зямлячкі, таленавітай жанчыны, аматаркі прыроды і прыгажосці.

Родам Марыя Сіпайла са Свішчова. Менавіта маляўнічыя краявіды гэтай вёскі, відаць, і сталі крыніцай натхнення для будучага майстра. “Заўсёды любіла маляваць! – расказвае яна. – Таму пасля школы іншай дарогі, акрамя як у сферу творчасці, для мяне не было”.

Пасля Кобрынскага прафесійна-тэхнічнага каледжа быў Магілёўскі мастацкі (спецыяльнасць – “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”), а потым Марыя Васільеўна пераехала за мужам у Брэст, дзе прымяненне атрыманым ёю ведам знайшлося на фабрыцы сувеніраў. Тут малады спецыяліст тры гады запар працавала над дызайнам прадукцыі.

Што ж далей? Вяртанне дадому, як гэта часта здараецца. Сям’я перабралася ў Каменец. І Марыя Сіпайла зноў жа не здрадзіла сабе. Сёння яна кіруе названым вышэй гуртком і на палову стаўкі працуе настаўнікам малявання ў Камянецкай дзіцячай школе мастацтваў.

Спярша ў цэнтры мая гераіня вучыла дзетак плесці чароўныя рэчы з саломкі, а потым вырашыла перайсці да фларыстыкі. Сёння ў гуртку дзве групы: у старэйшую ўваходзяць 9 чалавек (адзін з іх, дарэчы, хлопчык), а малодшая складаецца з першакласнікаў школ горада (заняткі праводзяцца падчас работы групы падоўжанага дня).

Дзеці ахвотна працуюць не толькі з фларыстычным матэрыялам (пялёсткі кветак, лісты дрэў, нават бацвінне морквы), але і з разнастайнымі крупамі, трушчанай шкарлупінай яек. З іх атрымліваюцца незвычайныя карціны. Бярэцца твор мастака (звычайна пейзаж), контуры пераносяцца на паперу, а потым з пялёсткаў і лісцікаў старанныя рукі выкладваюць карціну нанава.

Прычым фарбаваць засушаныя расліны нельга! Майстар мусіць падабраць неабходныя па колеры яшчэ падчас нарыхтоўкі прыроднага матэрыялу, “прадбачыць”, як паўплывае 3-4-тыднёвая сушка паміж старонкамі старых сшыткаў, на якія абавязкова кладуць прэс, на той ці іншы пялёстак. Сёння, карыстаючыся багатым вопытам, Марыя Сіпайла з лёгкасцю робіць такія “прадказанні”. Напрыклад, ліст клямаціса мяняе блакітны колер на рыжы (нечакана), а пялёстак петуніі, нягледзячы на сваю крохкасць, стойка захоўвае прыродны колер. Фларыст, як бачым, павінен быць крыху батанікам. Сушыць фларыстычны матэрыял, дарэчы, можна і прасам…

Марыя Васільеўна ўвесь час цікавіцца новымі тэхнікамі ў абраным ёю відзе творчасці. Нядаўна, напрыклад, адкрыла для сябе і данесла дзецям інфармацыю аб цікавай тэхніцы “тэрра”. Яна прадугледжвае “акунанне” прыроднага матэрыялу ў шпатлёўку, на якой потым застаюцца контуры кожнай жылкі ліста, кожнай складкі пялёстка. Вельмі прыгожа!

Цікаўлюся, як трапіў майстар-клас камянчанкі ў папулярны часопіс для рукадзельніц.

“Адправіла, ні на што асабліва не спадзеючыся, – узгадвае яна. – І раптам – сюрпрыз! У “Лукошке идей” якраз рыхтавалі спецвыпуск “Дары прыроды”, да якога мой майстар-клас добра пасаваў”.

Як чалавек творчы Марыя Васільеўна заўсёды ў пошуку новых ідэй. “Увесь час нешта “вылаўліваю” з агульнай плыні інфармацыі ў інтэрнэце. Я б і тое, і гэта паспрабавала, вось толькі часу на ўсё не стае”.

Відавочна, няма такога рукадзелля, якое б было маёй гераіні не пад сілу. Яна захапляецца дэкупажам, у хуткім часе збіраецца аформіць у гэтай цікавай тэхніцы раскладны столік. А колькі розных гаспадарчых скрынак з папяровых трубачак у доме майстрыхі – не злічыць! Не абышлося і без вышыўкі ды вязання, безумоўна. Сёння Марыя Васільеўна стварае для любімай дачушкі Лізы трохколерны світар (сіні + малінавы + зялёны), прычым схему ўзору і мадэль распрацавала сама. Нашто пазычаць, калі можна стварыць сваё?

Дачцэ свае захапленні Марыі Васільеўне перадаваць няма патрэбы. “Яна ўжо цяпер творчы чалавек. Відавочна”. Падтрымлівае рукадзельніцу і муж. “Такі цярплівы. Усё разумее”. Кожнаму б творчаму чалавеку такі надзейны дамашні тыл!

Настасся НАРЭЙКА. Фота аўтара.

Предыдущая статья

Перевод с корейского

Следующая статья

17 октября в ЦДОДиМ Каменца прошел семинар районного объединения педагогов дополнительного образования

Вам также может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *