«Гумар – лепшы сродак для пераадольвання канфліктаў паміж мужам і жонкай»: інтэрв’ю з Крысцінай Буднік

З Крысцінай Буднік, памочнікам урача-эпідэміёлага Камянецкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, знаёмы кожны, хто чытае апошнюю старонку нашай газеты. На ёй даволі часта размяшчаюцца пытанні чытачоў, на якія кампетэнтна і даходліва адказвае маладая жанчына. Аб любімай рабоце, нядаўнім вяселлі, кнігах і жаночай мудрасці – у інтэрв’ю з ёю.

Крысціна Буднік нарадзілася ў Падбеле, скончыла Навіцкавіцкую СШ, а потым – па мэтавым накіраванні райЦГЭ – Віцебскі дзяржаўны медыцынскі каледж. 27 ліпеня 2015 года малады спецыяліст упершыню выйшла на работу.

– Што ўваходзіць у абавязкі памочніка ўрача-эпідэміёлага, акрамя прафілактычнай работы?
– Арганізацыя працы санітарнай службы раёна па дзяржаўным санітарным наглядзе, узаемадзеянне з зацікаўленымі ведамствамі і службамі, кансультацыйная і метадычная дапамога спецыялістам райЦГЭ і ўдасканаленне работы па раздзеле эпідэміялогіі сумесна з іншымі памочнікамі ўрача-эпідэміёлага.

А калі прасцей, – вяду ўлік грамадзян з захворваннямі, што перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, і працую з імі з мэтаю не дапусціць распаўсюджвання хваробы сярод насельніцтва. Акрамя таго, за мной “замацавана” вакцынацыя: сумесна з супрацоўнікамі цэнтральнай раённай бальніцы знаёмлю людзей з ёю, расказваю пра “плюсы” і “мінусы”…

– Гэта што тычыцца работы. Аднак, ведаю, што вас можна віншаваць з нядаўнім вяселлем.
– Гэта так. Першага ліпеня мы з мужам Максімам святкавалі дзень нараджэння нашай сям’і.

– Вашай сям’і крыху больш за месяц. Ці можаце ўжо сёння акрэсліць галоўны сакрэт шчасця на дваіх?
– Напэўна, змагу… Важна навучыцца саступаць, прыслухоўвацца адно да аднаго, ставіць сябе на месца партнёра, каб яго зразумець.

– Якім вам бачыцца ідэальны сямейны вечар пасля цяжкага працоўнага дня?
– Тут абставіны, думаецца, не маюць ніякага значэння. Без розніцы – дзе муж і жонка будуць бавіць час. Галоўнае – быць разам, адзін на адзін. І цаніць кожную хвіліну, праведзеную поруч.

– Назавіце лепшы сродак для пераадольвання канфліктаў паміж мужам і жонкай.
– Гумар!

– Хто для вас ідэал жанчыны?
– Мае мама і дзве бабулі. Яны навучылі мяне мудрасці і цярпенню. У апошнім матулі проста няма роўных! Часам назіраю і дзіўлюся. Таксама было б добра ўзяць ад іх траіх карыснае ўменне загадзя абдумваць свае ўчынкі, каб потым не шкадаваць…

– Якія парады напярэдадні вяселля далі вам маці і бабулі?
– Галоўнае, як кажуць у народзе, «не выносить сор из избы». Нікому і ніколі не скардзіцца на мужа. Гэта мудра.

– Якія чыста жаночыя заняткі вам асабліва імпануюць?
– Люблю гатаваць, прычым з дапамогай мужа (усміхаецца). Эксперыментую з рэцэптамі, шукаю нешта новенькае, каб і смачна, і прыгожа, і арыгінальна. Акрамя таго, асвойваю візаж і цырульніцкае майстэрства – пакуль што сваімі сіламі. У будучыні хацелася б прайсці адпаведныя курсы. Люблю ствараць прыгажосць!

– Як бавіце вольны час?
– Вельмі люблю чытаць! Асабліва – замежную літаратуру і якасныя дэтэктывы. Любоў да кніг у мяне, відаць, у крыві, бо мама – настаўнік рускай мовы і літаратуры.

– Калі б вам дазволілі выб­раць з усёй безлічы кніг толькі дзве, самыя блізкія, самыя значныя, што б гэта было?
– “Майстар і Маргарыта” Булгакава і “Трынаццатая казка” Дзіяны Сэтэрфілд. Першую чым часцей перачытваеш, чым больш паглыбляешся, тым больш адкрываеш новага. А другая вельмі моцна ўразіла мяне…

– Што чытаеце зараз?
– Звычайна некалькі кніг адначасова. Цяпер жа выдзелю “Палюбоўніка ледзі Чатэрлей” Лоўрэнса і «Ганну Карэніну» Льва Талстога.

– Аддаеце перавагу друкаванаму ці электроннаму варыянту?
– Электроннаму. Гэта эканоміць час.

– І на заканчэнне – вечнае пытанне… Чаго хоча жанчына?
– Заспакоенасці.

– А мужчына?
– Усё той жа заспакоенасці, а яшчэ – утульнасці і разумення. Каб не было прэсінгу і “вынасу мазгоў”, як цяпер кажуць, з боку жанчыны.

– Калі выразіць адным словам, то жанчына – гэта…
– Загадка.

Гутарыла Настасся НАРЭЙКА.

Добавить комментарий