На надвор’е не скардзіцца, а пад яго падладзіцца – такога правіла трымаюцца хлебаробы

Сёння маладыя спецыялісты запатрабаваны ў любой галіне сельскай гаспадаркі. Але, прыехаўшы па размеркаванні, нягледзячы на добры прыём, не ўпэўнены, што першае рабочае месца – гэта надоўга. Адных бянтэжаць рэаліі сельскага жыцця, пераборлівасць другіх увогуле не мае межаў, а трэція ў вечным пошуку ўласнага прызвання.
На шчасце, не ўсе такія, ды і формула зайздроснага рабочага месца ўжо раскрыта.
Сяргей Ліцвіновіч родам з Турны, сюды і вярнуўся на працу пасля Пружанскага сель­гас­каледжа, дзе атрымаў пра­фе­сію тэхніка-механіка. Завоч­на працягваў вучобу ў Беларускім аграрна-тэхнічным уні­версітэце.
– Хоць свайго вопыту амаль не было, але, размаўляючы з сябрамі і калегамі, упэўніваўся: ідэальнай працы няма, а ўсялякія заманлівыя прапановы такімі здаюцца толькі збоку. Усюды так: каб дабіцца поспеху і заробку, трэба працаваць, не шкадуючы сіл.
Сяргею толькі 30, але адчуваюцца яго адказны падыход да жыцця і глыбіня разважанняў. Ён ужо амаль дзесяць гадоў працуе ў гаспадарцы. І добра памятае свае першыя рабочыя дні тут, калі зразумеў, што працаваць побач з людзьмі, якіх ведаеш з дзяцінства, – адначасова і больш проста, і складана. Прыслухоўваўся да наказаў старэйшых, а цяпер і сам ужо гатовы дзяліцца вопытам з навічкамі, што прыходзяць на практыку ў гаспадарку.
У Сяргея ўжо свая сям’я, двое дзяцей. З будучай жонкай былі знаёмыя з дзяцінства, якая таксама родам з Турны, ды і працавала тут – яна бухгалтар. Цяпер у дэкрэтным водпуску. Жывуць у асобным доме, што атрымалі ў гаспадарцы, з асалодай упарадкоўваюць сваю сядзібу.
Ён і сёння не разумее выпускнікоў, якія літаральна з парога заяўляюць: “Я толькі на адпрацоўку!” Шчыльны графік і хуткі тэмп, абумоўлены сезоннасцю работ, палохаюць зараней.
– Сапраўды, спецыфіка працы другая. Аднак у нас нямала ўвагі надаецца сацыяльным пытанням, яны зусім не другарадныя ў гаспадарцы.
Увогуле машынна-трактарны парк кадрамі ўкамплектаваны, хіба што летам, у час жніва, выручаюць навучэнцы каледжаў і студэнты, якія працуюць памочнікамі камбайнераў, – удакладняе Сяргей.
Цікаўлюся, што самае складанае для яго, і чакаю, што пачую звыклае: ненарміраваны рабочы дзень, адсутнасць выхадных, невысокая зарплата… Памылілася.
– Усё яшчэ складана ўсведамляць, што значную долю сялянскай працы ў адно імгненне мо­жа знішчыць непагода. Але ж і скідваць усё на яе таксама няправільна, нам трэба больш умела падстройвацца да над­вор’я… Не магу звыкнуцца з тым, што ўсё яшчэ бачу, як па-рознаму часам чалавек ста­віцца да ўласнай тэхнікі і да той, на якой працуе ў гаспадарцы. “Пасля мяне хоць патоп”, – гэта зусім не крута, гэта – шкодніцтва…

* * *
Падобных прэтэнзій няма да Віктара Іосіфавіча Яўташука, занятага на магутным пагрузчыку “Амкадор-342С”. Вядома, такую тэхніку давяраюць толькі самым адказным механізатарам. Адзінаццаць гадоў “Амкадор” у адных руках – хіба што падчас водпуску, амаль заўжды зімовага (сёлета – у снежні), перадае яго калегу. Бо пагрузчыку нямала работы знаходзіцца круглы год і на ферме, і ў полі, і на зернетаку. Апошнім часам Віктар Яўташук быў заняты пагрузкаю буракоў, цяпер – на вывазцы арганікі…
Яго старэйшы сын таксама працуе ў “АграТурне”, слесарам. Рыхтуецца да службы ў арміі. Віктар Іосіфавіч гаворыць, што калі прыме рашэнне пасля службы атрымаць пэўную прафесію і вярнуцца назад, у гаспадарку, ён яго толькі падтрымае. Бо ў вёсцы больш магчымасцей мець асобнае жыллё, заробак, не адрывацца ад сваіх каранёў, якія заўжды жыватворныя.
* * *
Трынаццаты год у “АграТурне” працуе Віктар Бачкароў. Вярнуўся на радзіму (маці яго з Алешкавіч) з далёкай Кіргізіі са сваёй сям’ёй. Агульны вадзіцельскі стаж – амаль трыццаць гадоў. Тут, у Турне, першай яго аўтамашынай быў ГАЗ-53, пазней МАЗ, а тры гады назад ат­рымаў новы МАЗ-Колас-650108, з якім амаль не расстаецца, бо і падчас водпуску, калі зімой работы менш, выходзіць на працу пры неабходнасці. Рэйсы ў асноўным у межах гаспадаркі, здараюцца і далёкія – у Мінск ці Салігорск, адкуль вязуць кармавую соль…
У калектыве ўжо даўно свой. Дагэтуль памятае, як добразычліва сустрэлі яго тут, як памагалі калегі-вадзіцелі падчас першых рэйсаў, калі не ведаў мясцовых дарог. Згадвае словы свайго сябра-масквіча, які быў уражаны прыязнасцю нашых землякоў, гатоўнасцю прый­сці на падмогу…
– Наконт зарплаты Віктар Аляксандравіч упэўнена зазначае: “Калі працуеш, – дык і заробіш…” У тым лаканічным вызначэнні – важкі сэнс…

* * *
З удзячнасцю гаворыць галоўны інжынер і пра старэйшага механізатара гаспадаркі Сцяпана Міхайлавіча Вашчанку, якому 66 і працуе ён на МТЗ-1221. Механізатарскі стаж работы – 43 гады. За рулём МАЗа-5581 таксама ці не равеснік Сцяпана Вашчанкі – вопытны Іван Міхайлавіч Таруц. Ёсць з каго браць прыклад маладым…

Галіна НОВІК.
Фота Віталія ДУЛЕВІЧА.

Добавить комментарий