Made in “Агра-Зарэчча”

Комплекс па дарошчванні буйной рагатай жывёлы на 10 тысяч галоў у адкрытым акцыянерным таварыстве “Агра-Зарэчча” – адзіны ў нашым раёне. Ён лічыцца спецыялізаваным у гэтым накірунку.

Сваё існаванне распачаў у другой палове 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Менавіта ў той час ва ўсім Саюзе, у калгасах і саўгасах адчынялі дзверы падобныя комплексы… Сёння многае змянілася, але засталіся пастаўленыя некалі задачы – вырасціць з маленькіх цялят здаровую, таварнага выгляду буйную рагатую жывёлу.

Зараз на комплексе ў Войскай стаіць 3396 галоў жывёлы, з іх 2025 бычкоў, 613 цялят на агульным дарошчванні. Усяго ж у чатырнаццаці будынках, адведзеных для жывёлы, 4500 пастановачных месцаў.

Кожны месяц гаспадарка складае план па здачы буйной рагатай жывёлы. Асноўная задача таварыства – выкананне дзяржпраграмы па пастаўцы жывёлы на мясакамбінат (“Агра-Зарэчча” адпраўляе большасць сваіх бычкоў на Брэсцкі мясакамбінат, а яшчэ частка – зусім нязначная – ідзе на прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Заходняе”). Здатачная вага – ад 440 кілаграмаў. Да такіх паказчыкаў бычкі набліжаюцца прыкладна ў 14-17 месяцаў. У гэтым месяцы запланавана здаць 120 галоў жывёл.

На комплекс завозяць цялят на дарошчванне і адкорм з дзевяці фермаў “Агра-Зарэчча”, а таксама закупляюць у насельніцтва і іншых гаспадарках. Раней сюды прывозілі і цялушак, але зараз дзейнасць у гэтым накірунку спынена.

Усе бычкі тут дзвюх парод – чорна-пярэстыя і абердзіны. Аб апошняй пародзе раёнка пісала ў сваіх мінулых нумарах, але ўсё ж нагадаю, што яны ў вазе могуць дасягаць 600-700 кілаграмаў.

Сярэднясутачная прывага на комплексе за 10 месяцаў бягучага года склала амаль 720 грамаў. Валавы прырост жывой масы – каля 823 тон.

Ганарацца на комплексе тым, што тут ёсць свой млын, з дапамогай якога робяць канцэнтраваныя кармы ўласнага памолу. Млын дзейнічае толькі ў інтарэсах комплексу, таму недахопу ў кармах ніколі не было і няма зараз.

На працягу бягучага года на комплексе вядзецца рэканструкцыя пабудоў трэцяй чаргі. У адным з будынкаў цалкам заменена падлога. Тут зараз вядуцца работы па ўкладцы мяккага подсцілу. Цяпер у будынку стаяць цялушкі на бяспрывязнай форме ўтрымання. Яны знаходзяцца ў так званых клетках, у якіх па 40 галоў жывёл. Падчас рэканструкцыі тут паўсюдна замянілі стойлавае абсталяванне на больш сучаснае. Не абышлі ўвагай і сістэму водапаення – цяпер амаль для кожнай жывёліны ёсць паілка. Замянілі таксама і электразабеспячэнне.

Работа на комплексе ў жывёлаводаў і спецыялістаў пачынаецца з 8 гадзін і доўжыцца да 17-і. У кожнага ёсць выхадныя. Як прызнаюцца самі працаўнікі, работа цяжкая, але цікавая. У некаторых спецыялістаў на комплексе з’явіліся свае любімчыкі сярод жывёл.

Тут кожны дзень шчыруюць больш за трыццаць чалавек, 10 з якіх – жывёлаводы (6 працуюць на першым перыядзе дарошчвання, 4 – на адкорме). Як зазначыла начальнік трэцяга аддзялення Алена Сцяпанава (да гэтага жанчына ўзначальвала першы і другі перыяды па дарошчванні і адкорму адпаведна), калектыў вельмі добры і, самае галоўнае, адказны. “Цякучкі” кадраў амаль не назіраецца. Ёсць людзі, якія працуюць больш за дваццаць гадоў. У гэтым годзе на свяце работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу 8 чалавек атрымалі ўзнагароды за добрасумленную працу ад дырэктара ААТ “Агра-Зарэчча” Віктара Мазько. Безумоўна, не было б добрай і якаснай работы, калі б не перадавыя работнікі, якія задаюць тон усім. Са слоў Алены Аляксееўны, можна пазайздросціць руплівасці і самаадданасці звеннявых Надзеі Мельнікавай, Тамары Ліцвінец, Тамары Сцепанюк і Мікалая Сінякова.

Невядома, што чакае комплекс пасля набыцця кантрольнага пакета акцый гаспадаркі «ИНКО-ФУДом», але тое, што тут будуць старацца працаваць і надалей, – гэта бясспрэчны факт.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий