“Я Леанарда!”

Юную камянчанку Леанарду Лойкуц знайсці ў любой сацыяльнай сетцы – прасцей простага. З той прычыны, што яна там такая адна. Як жывецца з рэдкім імем, дапамагае яно ці перашкаджае, мне расказала сама дзяўчына…

У Леанарды – польскія карані па мацярынскай лініі. Для нованароджанай матуля і бабуля выбіралі імя агульнымі намаганнямі. Разглядалі некалькі варыянтаў адначасова і спыніліся на тым, якое падалося самым мілагучным. Акрамя таго, гэта імя перакладаецца, як “моцная”, што таксама немалаважна, калі верыць у яго ўплыў на характар і лёс чалавека.

Дома Леанарду называюць выключна поўным імем, а сама яна часам скарачае яго да не менш цікавай формы – Леона.

– Калі са мной знаёмяцца і чуюць імя, звычайна перапытваюць: “Як-як?” – з усмешкай расказвае дзяўчына. – Некаторыя не вераць: “Леанарда? Сур’ёзна?” Затое запамінаюць адразу.

Сваё незвычайнае імя Леанарда Лойкуц ні за што б не прамяняла на звычайныя Машу ці Кацю, што і зразумела.

Дзяўчына вучыцца ў СШ №1, перайшла ў 11-ы клас, што азначае: хутка давядзецца вызначацца са сваім далейшым жыццёвым шляхам.

Два гады таму Леанарда скончыла Камянецкую дзіцячую школу мастацтваў, добра малюе і сваё захапленне збіраецца пакласці ў аснову будучай прафесіі. Гэта будзе ці архітэктар, ці дызайнер – час пакажа.

Больш за ўсё маёй суразмоўцы падабаецца маляваць партрэты, у тым ліку і аўта-. У яе дома сабрана немалая калекцыя карцін, а на кухні (з дазволу мамы, якая ўсё разумее і ва ўсім падтрымае) распісана акрылам сцяна. На ёй – возера…

Увогуле з матуляй у Леанарды цудоўныя адносіны. Ад яе дачка навучылася шыць, дзякуючы чаму можа зладзіць для сябе абноўкі самастойна. Асабліва яна ганарыцца курткай, сшытай уласнаручна. У наступным годзе дзяўчыну чакае выпускны баль, да якога самую прыгожую сукенку ў свеце будзе ствараць разам з мамай…

Ёсць у Леанарды Лойкуц і яшчэ адно захапленне – кулінарыя. Рэцэпты яна ці бярэ ў інтэрнэце, ці прыдумвае сама, арыентуючыся на той набор прадуктаў, што ёсць у халадзільніку.

– Магу падзяліцца рэцэптам цудоўнага соўса да макароны ці бульбы… Патрэбна падсмажыць дробна парэзаную цыбулю, потым дадаць да яе кавалачкі мяса, зноў абсмажыць. Перакласці ў каструлю, заліць вадой і варыць, пакласці чырвоны перчык. Абсмажыць муку, развесці яе вадой і таксама дадаць да мяса. Гатова!

Апраўдваючы сваё “моцнае” імя, Леанарда захапляецца… стральбой з пнеўматычнай вінтоўкі. Як так атрымалася? Аднойчы дзяўчына паехала ў госці да бабулі і там атрымала ад дзядзькі першыя ўрокі авалодвання лукам. Першая выпушчаная страла не стала апошняй, а потым ужо дома Леанарда запісалася ў гурток па стральбе, які дзейнічаў у яе школе…

Сёлетнія летнія канікулы дзяўчына бавіць з карысцю, бо мае падпрацоўку. Не забываецца, зразумела, і пра адпачынак, бо да новага навучальнага года, апошняга ў жыцці, патрэбна набрацца сіл…

Настасся НАРЭЙКА

Добавить комментарий