La vie en rose, ці Жыццё ў ружовым колеры

IdjMEVaFvpsКалонка Настассі Нарэйка «Наросхрыст»

Я люблю маляваць музыку… У маёй шуфлядцы з канцылярскімі прыладамі – россып каляровых алоўкаў. Адны з іх затупіліся падчас апошняга “абвастрэння” маёй прагі да жывапісу, другія зламаліся ўвогуле, не вытрымаўшы пакут творчасці, трэція так і засталіся незавостранымі (бардовы не люблю, белы – што ад яго карысці?).

Іншая справа – ружовы аловак, дакладней, колеру “попел ружы”. Знайсці яго сярод іншых няпроста з той прычыны, што ружовы – самы неабходны, і ўжо пасля двух-трох спроб намаляваць музыку становіцца такім кароткім, што ў руцэ не ўтрымаеш. Даводзіцца ісці па новы набор алоўкаў, з якога ў чарговы раз знікне незаўважна і незваротна толькі ружовы… Чаму? Бо жыццё ружовае. І не толькі ў пару юнацтва, дзякуючы знакамітым акулярам. Яно ружовае заўсёды. Трэба толькі ўбачыць, а дакладней… пачуць. Як? Уключыць Эдзіт Піяф… Яе песню, назва якой вынесена ў загаловак, я пачула ўпершыню на ўроку музыкі. Памятаю, як настаўніца асцярожна вымала з канверта чорную, як смала, пласцінку, ставіла ў прайгравальнік, апускала на бліскучую паверхню іголку – і клас напаўняўся чароўным хрыплаватым голасам “верабейкі” (так называлі ў свой час Піяф). Святлана Мікалаеўна сінхронна перакладала нам словы песні. Яны не запомніліся, толькі – музыка. Ды яшчэ колер. Ружовы.

Хто ведае, магчыма, менавіта гэтая песня пра каханне дарыла надзею французскім ваеннапалонным, перад якімі спявачка выступала ў Германіі падчас Другой сусветнай вайны, каб пасля канцэрта перадаць ім неабходнае для ўцёкаў? Эдзіт Піяф фатаграфавалася са сваімі землякамі “на памяць”, а потым у Парыжы па гэтых фатаграфіях рабілі падробныя дакументы для тых з іх, хто змог збегчы…

У маёй школе вывучалі нямецкую ды англійскую мовы, і ў душы я па-добраму зайздросціла сваёй сяброўцы, якая хоць крышку, але parle franсais. А яна прасіла называць яе выключна Анэт (на французскі манер), пільна сачыла за тым, як жывуць тэлевізійныя Элен і рабяты, захоплена расказвала пра Парыж і Елісейскія палі, збірала выявы Эйфелевай вежы ў розных ракурсах (нашай любімай была ў вэлюме ружовай квецені).

Побач з французскай музыкай у старэйшых класах у маё жыццё ўвайшла французская літаратура. Тата спярша паказаў мне савецкую экранізацыю “Трох мушкецёраў” Дзюма, а пасля ўручыў кнігу, якую “праглынула” імгненна. Гэта было так прыгожа, так рамантычна і так па-французску! Маленькі “экзамен” па прачытаным тата прымаў з усёй сур’ёзнасцю – я “здала” з першай спробы. Напрыканцы мы нават паспрачаліся наконт таго, хто з мушкецёраў самы лепшы: тата быў за Д’Артаньяна, я – за Атоса. З гэтай прычыны мяне ледзь не пазбавілі жаданага працягу прыгод мушкецёраў пад назвай “Праз дваццаць гадоў”, але потым тата ўсё ж саступіў, прызнаўшы маю свабоду выбару. Відаць, яму надакучыла маё блуканне па кватэры з панурым выццём: “Есть в графском парке черный пруууд, там лилии цветуууут, цвеееетут…”

А пасля ўва мне нечакана прачнуўся талент празаіка, і я за некалькі дзён напісала “раман” у духу Аляксандра Дзюма, героем якога стаў смелы “рыцарь золотого плаща, маски и шляпы”. Ён прыходзіў на дапамогу прыгнечаным, бо пра народ каралі часта забываюць, спрабуючы разблытаць чорныя карункі інтрыг, што плятуцца вакол іх. Было, безумоўна, і каханне, і сяброўства, якому няма цаны… Як на суд, я панесла тату свой твор аб’ёмам у паўагульны сшытак. Ён прачытаў, паглядзеў на мяне неяк дзіўна і на наступны дзень узяў з самай далёкай паліцы важкі том “Графа Монтэ-Крыста”, сваю любімую кнігу. Гэта была найвышэйшая пахвала.

Пасля, ужо ва ўніверсітэце, лёс падарыў сяброўку, для якой Францыя была ружовай марай. Галя адкрыла мне чароўнага, сатканага са святла Джо Дасэна, а было гэта так… Аднойчы мы засталіся ва ўсім блоку адны, і яна прапанавала наладзіць “французскі” вечар. Мы выбралі ў магазіне самы прыгожы торт (з ружовым крэмам), заварылі рамонкавую гарбату, зачынілі дзверы на ключ, каб ніхто не непакоіў, завесілі вокны і ў паўзмроку расставілі свечкі (ружовыя). Галя ўключыла музыку… Кожны, напэўна, хоць раз у жыцці ды чуў песню ў выкананні Мікалая Мінаева «Если б не было тебя”.  Цяпер я ведаю, што яна – перакладзены на рускую мову твор Дасэна. Да гэтай пары, калі толькі пачую недзе яго пяшчотны голас, адразу ж успамінаю наш з Галяй вечар. Тады я нібы пабывала ў Парыжы. І свет вакол мяне з той пары павольна патанае ў ружовым колеры. Колеры попелу ружы…

Жадаеце, каб і для вас жыццё набыло ружовы колер? Слухайце музыку!

Мой міні-плэй-ліст:

Селін Дзіён “Pour que tu m’aimes encore”, Ін-Грыд “Ah l’amour l’amour”, Джо Дасэн “Ca va pas changer le monde”, Кейт Райян “La promise”, Лаам “Petite soeur”, Лара Фабіян “Ca casse”, Лоры “A 20 ans”, Мілен Фармэр “Apelle mon numero”, Наташа Сэн-П’ер “L’orient express”, Сальваторэ Адамо “La nuit”. І, вядома, Эдзіт Піяф “La vie en rose”!

А яшчэ пашукайце ў інтэрнэце відэа пад назвай “Городские чудаки”, дзе дзяўчына з выдатным голасам спявае па-французску. Раю! Шчыра.

mirra.mz@tut.by

Добавить комментарий