«Добрыя сустрэчы» у Высокаўскім ГДК

1 477 просмотров

Кажуць, што сны, якія бачыш у ноч з нядзелі на панядзелак, пустыя. Няварта шукаць у іх сімвалы і спрабаваць разгадаць, – сцвярджае соннік, але… 28 студзеня ў нядзелю некалькі дзясяткаў чалавек (і я ў тым ліку) убачылі цудоўны, казачны сон, адзін на ўсіх. Сон пра любоў. Ён разгарнуўся на сцэне Высокаўскага гарадскога Дома культуры, дзе адбыўся канцэрт-прысвячэнне “Добрыя сустрэчы”. Летась іх не было, сёлета яны вярнуліся!

“Сны пра любоў” – так гучала тэма сёмага па ліку свята, падчас якога ў самым заходнім горадзе традыцыйна збіраюцца яго сябры: правераныя часам і новыя.

Аддзяленне першае
ДЭКАРАЦЫІ: з дапамогай некалькіх куліс сцэна была падзелена на тры сектары. Бакавыя прызначаліся для вядучых, а ся­рэдні – для артыстаў. У выпадку неабходнасці (напрыклад, для танца калектыву “Магія” ГДК) кулісы расступаліся – і сцэна станавілася суцэльнай.
ВЯДУЧЫЯ: Жанна Вярэніч і Юрый Лук.
Акрэсліваючы тэму канцэрта, у самым яго пачатку прагучала цудоўная песня Алы Пугачовай “Любовь, похожая на сон” у выкананні высакаўчанкі Алены Несцеравай, а за ёй на сцэну выйшла яшчэ адна жыхарка самага заходняга горада Беларусі, юная, але ўжо вопытная спявачка Кацярына Чыжык.
Акрамя названых артыстак, даў­ніх сяброў “Добрых сустрэч”, у Высокае сёлета завіталі таксама і другія, правераныя часам: вакальны гурт “Гармонія” з Каменца, Юлія Максімук з Белавежскага, Анатолій Ламачэўскі з Брэста. З’явіліся ў Высокага яшчэ і новыя таварышы з Брэста: спевакі Сяргей Іванюк і Максім Шалянінаў, саксафаністка Кацярына Андраюк, інструментальны дуэт “Настрой” (акардэон + скрыпка).
Прыемна адзначыць, што ў гэты студзеньскі вечар на сцэне ГДК адбыўся творчы дэбют некалькіх таленавітых высакаўчан, якія адкрыліся перад сваімі землякамі з новага боку. Для слухачоў спявалі маленькая Эвеліна Лук’­я­нюк, навучэнец Высокаўскага сельгаскаледжа Павел Чурсін, які сам піша песні ў стылі рэп, Дзяніс Божамой, а таксама “сямейны ансамбль” Балаболавых. Сын Мікіта акампаніраваў тату Івану на гітары…
З Мінска прыехалі на “Добрыя сустрэчы” Сяргей Крамянеўскі, чые песні гучаць па радыё “Шансон”, і Павел Нарачанскі, чыя канцэртная праграма “Я, конечно, вернусь”, пры­свечаная юбілею Уладзіміра Высоцкага, адбудзецца 24 лютага ў Палацы Рэспублікі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра. Павел Нарачанскі, дарэчы, не толькі выканаў некалькі песень (у тым ліку і Уладзіміра Сямёнавіча), але і прачытаў верш, складзены па дарозе ў Высокае, а таксама падзякаваў за цудоўнае штогадовае свята ды­рэктару Высокаўскага ГДК Алегу Грыпічуку і старшыні гарвыканкама Мікалаю Сачыку.
А вядучыя першага аддзялення, на некаторы час пакінуўшы свае абавязкі канферансье, таксама выканалі душэўныя песні…

Аддзяленне другое
ДЭКАРАЦЫІ: спачатку да столі на сцэне былі прымацаваны пяцёра арэляў, а потым іх змянілі прамавугольныя люстэркі, што луналі над артыстамі.
ВЯДУЧЫЯ: Ірына Вярэніч і Анатолій Ламачэўскі.
Другое аддзяленне пачалося надрыўнай песняй Міхаіла Мурамава “Странная женщина” ў выкананні Юрыя Лука, а аздабленнем яе стаў танец дзяўчыны ў белай сукенцы, рукавы якой нагадвалі крылы… (здымак – на першай старонцы)
Высакаўчанка Інга Дзідух выступіла з лірычным маналогам, ды і ўвогуле патрэбна адзначыць, што ўвесь сцэнарый канцэрта нагадваў суцэльны філасофскі роздум аб любові і жыцці, гісторыі, расказаныя вядучымі, перапляталіся і выдатна дапаўнялі агульную карціну.
Між тым, кулісы зноў закрыліся, і пакуль за імі адбывалася чараўніцтва, на сцэну выйшлі прама з глядзельнай залы педагогі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Каменца Варвара Грыб і Наталля Воднева ў вобразах дачкі-беларусачкі Алёнкі і бабулі-рокершы Гідраклёпкі адпаведна. Яны запрасілі гледачоў далучыцца да гульняў, і ў хуткім часе нават дарослыя ператварыліся ў дзяцей, выконваючы разам з вясёлымі гераінямі агульны танец.
Калі смех адгрымеў, кулісы рассунуліся, і на гэты раз над сцэнаю паплылі люстэркі. У іх адлюстроўваліся мігатлівыя агеньчыкі, гледачы і артысты.
На сцэну зноў выйшлі Жанна Вярэніч (на гэты раз з бубнам і чырвонай кветкай у валасах, якія выдатна пасавалі да цыганскай песні), новаствораны дуэт Юрыя Лука і Алены Несцеравай, Максім Шалянінаў (спяваў ён, дарэчы, па-іспанску), Сяргей Іванюк, “Настрой”, Анатолій Ламачэўскі, “Гармонія”, Павел Чурсін, сям’я Балаболавых і Дзя­ніс Божамой.
Акрамя таго, сюрпрызам сталі выступленні відамлянскіх артыс­таў: Ганны Мартысюк, якая выканала песню Эдзіт Піяф, і вакальнага ансамбля “Vega”.
Пасля яшчэ аднаго, завяршальнага, нумара Юліі Максімук на сцэну падняліся дырэктар фірмы “Брестинтермаркет” Яўгенія Дудко і Мікалай Сачык. Яўгенія Адамаўна шчыра падзякавала арганізатарам за “Добрыя сустрэчы” і зазначыла:
– Я ў Высокім у другі раз, першы быў на Дні горада, які мяне вельмі ўразіў. Я родам з Бярозы і магу з упэўненасцю сказаць: там такога няма. Ды і на канцэртах у Мінску такога задавальнення не атрымлівала, паверце! Вы не сябры, вы – адна сям’я. Абяцаю, буду і надалей прыязджаць на “Добрыя сустрэчы”, дапамагаць чым змагу.
Да яе цёплых слоў далучыўся і Мікалай Сачык, падзякаваўшы ўсім гледачам, якія не пакінулі агульнае свята без увагі.
Фінальная песня і канфеці завяршылі сёмыя “Добрыя сустрэчы”, лейтматывам якіх стала слушная думка аб тым, што ўся музыка свету – пра любоў, патрэбна толькі ПРАВІЛЬНА яе слухаць.

Настасся НАРЭЙКА.
Фота Міколы ШУМА.

P. S. Канцэрт-прысвячэнне працягваўся 5 гадзін, і ў перапынку паміж аддзяленнямі ў фае можна было набыць пачастункі ад філіяла “Высокаўскае” Камянецкага райспажыўтаварыства і дзі­цячыя забаўкі індывідуальнага прадпрымальніка Алега Воднева.
P. S. 1. Спонсары свята: ТАА “Аграпрадукт”, СААТ “Белавежскія сыры”, індывідуальныя прадпрымальнікі Марына Сопіна, Святлана і Віталій Лазеба, Анатолій Кічыгін, Мікалай Байдоўскі, філі­ял “Высокаўскі” КУШВП ЖКГ “Камянецкая ЖКГ” і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *