Гісторыя аднаго мастака

447 просмотров, Комментариев нет
,

Амаль усю дарогу ён не выпускаў з рук блакнот і аловак, а я думала, што гэта да лепшага: размаўляць пад акампанемент шэрага дажджу за акном ды перастукванне колаў зусім не хацелася.

Я спрабавала чытаць кніжку (з першых старонак было нецікава), слухаць музыку (траплялася ўвесь час нешта не тое), спаць (перашкаджаў бег думак), глядзець у акно (суцэльная сцяна з вады!). Дарэмна. Дарога абяцала быць доўгай і нуднай. Таму я зірнула яшчэ раз на свайго суседа і… сустрэла яго позірк. У наступныя паўгадзіны ён пазіраў на мяне літаральна праз кожныя 5 хвілін, а потым утаропліваўся ў блакнот, па старонцы якога бязгучна слізгаў аловак. Было няёмка, і ён, гэты таямнічы незнаёмец, адчуваў гэта, пасміхаючыся сам сабе.

Нервовасць узмацнялася, і я ўжо ўсур’ёз пачынала абдумваць магчымасць перасесці, калі мой сусед раптам усміхнуўся, задаволена адклаўшы аловак, а потым працягнуў блакнот мне. На белым аркушы была… я. Першы партрэт у маім жыцці!

Я глядзела і не ведала, што сказаць, а ён моўчкі цярпліва чакаў нейкіх слоў.

– Вы мастак? – больш банальнага пытання і прыдумаць было нельга.

Аднак ён адказаў зусім нечаканае:
– Гісторык.

– Але… – я сумелася.
– Вы любіце доўгія аповяды?

– Вельмі!
– Тады раскажу… Ведаеце, я малюю столькі, колькі памятаю сябе. Спачатку крэмзаў нешта простым алоўкам на шпалерах, пасля – у розных дзіцячых размалёўках, у школьныя гады – у сшытках (замест задачак у мяне там лёталі самалёты ды плавалі караблі), у падручніках (ніводзін партрэт пісьменніка ці вучонага не застаўся бeз маёй “дапрацоўкі”).

Бацькі стаміліся пераклейваць шпалеры і апраўдвацца перад настаўнікамі і адвялі мяне ў 6 класе ў мастацкую школу. Я трапіў да выдатнага педагога, і ён, праглядаючы мае накіды, сказаў, што ў мяне асабліва добра атрымліваюцца малюнкі розных архітэктурных збудаванняў.

Я аблазіў да таго часу літаральна ўвесь наш старажытны горад N і сапраўды быў закаханы ва ўсю гэтую “музыку ў камені”. Пасля мне захацелася пабачыць астатнюю Беларусь. З бацькам, а часам і з Антонам Алегавічам, я наведаў самыя прыгожыя мясціны. Маляваў палацы і вежы, замкі і цэрквы – я жыў! Мне было 16 гадоў. Вярнуўшыся дадому, як апантаны, я вывучаў гісторыю, архітэктуру, а пасля ехаў зноў. Знаходзіў закінутыя, напаўразбураныя помнікі і пераносіў іх на паперу, каб захаваць. Я спяшаўся.

Хутка адбылася мая выстава. Людзі глядзелі карціны, ім падабалася, а мне… Мне было ўсё адно. Я не для таго маляваў іх. Я не хацеў славы. “Геніяльны хлопчык!”, “Незвычайны талент!”. Гэты лямант перашкаджаў мне…

У той пракаветны, напалову разбураны палац мяне прывяло наканаваннне. Я ўбачыў капліцу ў садзе ля яго і зразумеў – яна будзе “гераіняй” лепшай маёй карціны. Дзівосна прыгожая, хоць і “параненая” часам і людзьмі.

Клянуся, я ніколі так не маляваў і ніколі ўжо не буду. Я любіў яе. Тры тыдні ад світання да змяркання мной валодала яна. І вось, калі ўсё было скончана, я зірнуў на сваю карціну і зразумеў, што нічога не выйшла. Нечага не хапала. І я не ведаў чаго. Антон Алегавіч, які прыехаў са мной, не разумеў маёй незадаволенасці, ды і я сам яе не разумеў. Мінулі 2 дні. А наранні трэцяга я сустрэў яе…

Лена. Так яе клікалі. Яна была падобная на мятлушку. Вочы вялізныя, блакітныя, валасы белыя, як снег, і сама тоненькая, амаль бязважкая. Як прывід. Як сон. Як мроя мая. Яна была старэйшая за мяне на 6 год, а я кахаў яе так, нібы старэшым быў я. Сапраўды кахаў. Хацеў бараніць ад усяго злога на зямлі, быць ёй апірышчам. Хлопчык!

Яна вучылася ў аспірантуры, выкладала гісторыю мастацтваў. Я не ведаю, ці кахала мяне Лена. Мне было толькі 16. Магчыма, крышку? Але не столькі мяне, колькі мастака ўва мне. Я насіў яе на руках. У прамым сэнсе гэтага слова. Я забыўся пра сваю няскончаную працу і не заўважаў, як сумна і трывожна пазіраў на мяне Антон Алегавіч. Я быў шчаслівы. А пасля…

Мне стала ясна, чаго не стае капліцы на маёй карціне. Лены! Яна згадзілася пазіраваць. Мы разам адшукалі для яе белую сукенку, нібы воблака. І я папрасіў яе ўзлезці на самы верх сцяны, што абвалілася з аднаго боку немаведама колькі гадоў таму. Лена нічога не баялася і зрабіла так, як я хацеў. Гэта было проста… неверагодна! Нібы Божы анёл сышоў з нябёсаў. Я амаль паспеў намаляваць яго, але…

Ён змоўк, і я зразумела: прыйшоў час самага цяжкага, самага балючага.

– Яна разбілася.

Напэўна, патрэбна было гаварыць нешта, але я не ведала ШТО. Ён удзячна ўсміхнуўся. Я выдыхнула даўкі шарык нечакана густога паветра.

– Доўгі час пасля гэтага я не мог маляваць. Паступіў на гістфак: прыдаліся старанна назапашаныя раней веды. Мне спатрэбілася амаль 20 гадоў, каб зноў узяць у рукі не тое што пэндзаль і фарбы, а хаця б аловак. Мама папрасіла намаляваць яе партрэт – не змог адмовіць. З той пары патроху спрабую. Збіраю калекцыю партрэтаў: у ёй і сябры, і калегі па ўніверсітэце, дзе выкладаю, і проста тыя, каго сустракаю на сваім шляху. Вы не пакрыўдзіцеся, калі я не падару вам ваш партрэт?

– Не, – спадзяюся, у мяне атрымалася схаваць сваё расчараванне.

Калі мастак выйшаў на сваёй станцыі, я запознена ўзгадала, што так і не спытала яго імя…

Добавить комментарий