«Эка – на ўсе сто!» Пра ціхі транспарт у вёсцы Ставы, Камянецкага раёна

264 просмотров

У вёсках Воўчынскага сельсавета пяць гадоў назад было 39 коней, цяпер толькі 15. У Ставах жа іх маюць чацвёра гаспадароў. І “плюсаў” у той справе знаходзяць нямала.

Маладая сям’я Кузьмічаў апынулася тут у 1986-м. Пераехалі сюды з Украіны. У Ставах у сям’і нарадзіліся трое дзяцей. А таму на падвор’і амаль заўжды мелі дзвюх кароў, коз, авечак… Калі з цягам часу давялося перавезці ў свой дом бацькоў жонкі Сцяпана Кузьміча, разам з імі на новую сядзібу “пераехаў” і конь, даглядаць якога ўзяўся малады гаспадар…
Сёння пад яго пільнай увагай ужо нашчадак таго каня, што дастаўся ў спадчыну. Мае клічку Гранд – ад назвы вядомай маркі японскага аўто. Лёгкая іро­нія з дадаткам шчырай павагі да жывёліны. “Ціхі транспарт”, як гаворыць пра свайго каня гаспадар, незаменны памочнік у час сенавання (надта ж любіць Сцяпан Аляксандравіч касьбу, ды і сена карове, авечкам і каню трэба нямала), удзячныя Сцяпану вясковыя бабулі за акуратна абкошаныя сядзібы. А вясной і ўвосень без каня як без рук на прысядзібным участку, ды і на прышкольным – таксама, бо пад апекай Сцяпана Кузьміча, які ведае будаўнічую справу, гаспадарка дзіцячага сада – базавай школы ў Ставах. Бывае, давярае каня і “другім” рукам.
Згадвае, як гадоў шэсць назад снежнай зімою яго Гранд на прыгожа ўбраных санях – дуга з бубянцамі – быў галоўным героем катання тут пасля аднаго з вяселляў. Ці ж не раскошны адпачынак пасля такой падзеі?
Паехаць у грыбы ці на рыбалку на кані асабліва любіць Сцяпан Аляксандравіч. Зручна, і з прыродай – гармонія, без пафасу. А то і сыны яго (дачка ў Брэсце) – адзін з іх працуе на ўласнай пілараме, другі – мастак, займаецца аэраграфіяй, – запрагуць каня ў санкі, каб пакатаць дзяцей зімовым днём. На Вадохрышча да Міхайлаўскай крыніцы Гранд таксама часам вязе сваіх гаспадароў. Энергазатраты аднаўляе ахапак сена ці вядро аўса. Эка – на ўсе сто.

Галіна НОВІК.
Фота Віктара ПАЛЕШЧУКА.

1 комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *