Дзве Ірыны, а шлях – адзіны

987 просмотров, Комментариев нет

Назіраю за тым, як знікаюць у вялікай сумцы паштальёна яркія часопісы, газеты са знаёмымі назвамі (па суботах сярод іх ёсць і “НК”), пульхныя канверты (спадзяюся, яны прынясуць адрасатам толькі добрыя навіны), “кітайскія” пасылачкі (так называюць набытыя праз інтэрнэт дробныя рэчы, якія перасылаюцца поштай)… І з кожнай хвілінаю ношка паштальёна становіцца ўсё больш цяжкай. Давайце ж знаёміцца, пакуль нашы падарожнікі не выправіліся ў штодзённую сваю вандроўку па вуліцах Каменца!
Ірына Кажадуб (на фота – стаіць) і Ірына Шахлевіч шмат гадоў працуюць у раённым вузле паштовай сувязі. Прычым, другая ў свой час прывяла сюды першую і стала яе настаўніцай. Вось такія здараюцца супадзенні…
У 1995-м Ірына Георгіеўна Шахлевіч стала паштальёнам і гэтай рабоце, няпростай, але такой патрэбнай, аддала 15 гадоў. Потым перайшла ў аддзел суправаджэння пошты, дзе і прычакала заслужанага адпачынку. Можна было спакойна пайсці на пенсію, забыцца пра клопаты, але… душа прасілася назад. Сумавала па зносінах з людзьмі, якія сталі практычна роднымі. Ірына Ге­оргіеўна не змагла пайсці насуперак жаданню вярнуцца і з 9 чэрвеня выйшла на любімую работу… За ёй сёння замацаваны камянецкі ўчастак №1, у складзе якога вуліцы Брэсцкая, 1 Мая, Леванеўскага, Хахракова, Паўднёвая… Немалы атрымліваецца кіламетраж, а пераадольваць яго даводзіцца 5 разоў на тыдзень, бо людзі чакаюць сваёй ка­рэспандэнцыі, пенсій, а часам і тавараў, якія можна заказаць паштальёну, а ён прынясе.
Ірына Георгіеўна з цеплынёй узгадвае пажылых людзей, з якімі абавязкова хоць хвіліначку ды пагутарыць. Бабулі дзеляцца сваімі навінамі, а дзядулі так і сыплюць жартамі – не засумуе паштальён! Звяртаюцца да нашай гераіні, дарэчы, проста па імені, бо сама яна аб гэтым просіць. Душэўна атрымліваецца, па-дамашняму… Ды і як інакш, калі паштальён ведае на памяць імёны ды прозвішчы ўсіх, каму носіць пошту? Увогуле, за гады работы яна аб’ехала ўсё ўчасткі райцэнтра.
Прашу расказаць цікавы, займальны ці павучальны выпадак са штодзённай практыкі, і Ірына Шахлевіч узгадвае, як аднойчы шмат гадоў таму, калі насіла пошту ў Замасты, займела сабе нечаканага памагатага. Ім стаў даволі вялікі па памеры сабака, які штодзень сустракаў паштальёнку і суправаджаў усю яе немалую дарогу па мікрараёне. Калі заходзіла ў дом да адрасата, садзіўся ля варот і чакаў. Час ад часу чацвераногі сябар не прыходзіў на свой заўсёдны пост да паштовых скрынак, і тады Ірына Георгіеўна ведала: ён на іншай працы – дапамагае пастуху. А аднойчы нашу гераіню замяняла яе сяброўка і вельмі спужалася, калі прыехала на Замасты і сустрэла сабаку-памочніка – вельмі ж вялікі ён быў…
Увогуле, у дарозе паштальёну даво­дзіцца праводзіць штодзень па 6-7 га­дзін, а калі ідзе падпісная кампанія ці наступае час выдачы пенсій, то і ўсе 8. Многае давялося зведаць і перажыць Ірыне Шахлевіч. І немалы яе працоўны вопыт, на шчасце, не залежваецца на палічках памяці. Нямала паштальёнаў-пачаткоўцаў прайшло праз яе рукі, па-мацярынску добрыя. І сярод іх, як бы­ло адзначана вышэй, – Ірына Кажадуб.
У 2005 годзе Ірына Уладзіміраўна прыйшла на работу ў раённы вузел паштовай сувязі, за тры дні была ўведзена ў курс справы сваёй настаўніцай – і пачаліся працоўныя будні. Камянецкі ўчастак №2 (вуліцы 8 Сакавіка, Дзяржынскага, Самуйліка, Таполевая, Садовая, Ціхая, Рабінавая і інш.) апошнім часам значна павялічыўся: падаўжаюцца вуліцы, і, як вынік, дадаецца клопату ў паштальёна. Але што той клопат, калі работа ў радасць!
Кожны дом гасцінна сустракае нашу другую гераіню, часам людзі пакідаюць на паштовых скрынках запіскі: “Зайдзіце, калі ласка”, і яна заўсёды выканае просьбу. Не шкадуе часу на тое, каб падтрымаць размоваю, бо добрае слова кожнаму душу грэе. А калі да яго яшчэ і доўгачаканая карэспандэнцыя дадаецца, увогуле цудоўна.
“Не шкадую, што прыйшла працаваць на пошту, – гаворыць Ірына Уладзі­міраўна, паштальён 5-га (самага вялікага!) разраду. – Люблю людзей, стараюся для кожнага знайсці ў душы кропельку цеплыні”.
Нядаўна, дарэчы, жанчыне прапаноўвалі суправаджаць пошту, але яна, паразважаўшы, адмовілася: вырашыла зас­тацца са сваімі людзьмі. Паказальны ўчынак, ці не так?
Нямала ўвагі Ірына Кажадуб ўдзяляе і падпісцы (як і Ірына Шахлевіч). Дзякуючы, у тым ліку, і іх намаганням наша раёнка набывае новых падпісчыкаў, а таксама ўтрымлівае пастаянных.
“Заходзім да людзей па некалькі разоў, нагадваем, – тлумачыць прынцыпы сваёй падпісной работы Ірына Уладзіміраўна. – Яны паважаюць нас, стараюцца падтрымаць, выпісваюць раёнку, а мы ім шчыра ўдзячныя. Часам і тэлефануем, каб не забыліся”.
Сапраўды, шмат абавязкаў у паштальёна. Пажадаем яму добрых дарог, цудоўнага надвор’я і задавальнення ад работы. Са святам!

Настасся НАРЭЙКА.
mirra.mz@mail.ru
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *