Дзень маці-2019: фотарэпартаж

Менавіта яму, самаму светламу і чыстаму, прысвячаўся святочны канцэрт, які адбыўся 14 кастрычніка ў Камянецкім РДК. Яго вялі пяцёра вядучых розных узростаў, што пранікнёна чыталі паміж асноўнымі нумарамі праграмы вершы і празаічныя ўрыўкі, праз якія чырвонай ніццю праходзіў адзін вобраз – вобраз Мамы…

У глядзельнай зале матуль было нямала, але ў гэты кастрычніцкі дзень асаблівая ўвага была звернутая на дзвюх з іх. Пасля віншавальных слоў старшыня Камянецкага райвыканкама Валянцін Зайчук уручыў ордэн Маці жыхарцы Мачулішча Валянціне Кавальчук, у сям’і якой пяцёра дзяцей, і камянчанцы Марыне Урэкій, што выхоўвае з падтрымкаю мужа семярых.

Калі адгрымелі ўсхваляваныя апладысменты, канцэрт працягнуўся. Не абышлося без цікавых навінак – адной з іх стаў вакальны гурт “Каліна”. Сваімі арыгінальнымі танцавальнымі нумарамі – і ў народным стылі, і гумарыстычнымі, і маладзёжнымі – парадавалі “Капрыз” і “Тандэм”. Святлана Новікава вывела на сцэну трох дзяўчынак у блакітных сукеначках (выхаванкі вакальнага калектыва «Расінка») – атрымаўся адмысловы квартэт, а Наталля Яўташук выступала дуэтам з дачкой Крысцінай, і многія ў зале не маглі стрымаць слёз. Запомніліся песні ў выкананні юнага Дзімы Дзябёлага (эстрадная студыя “Гукі вясёлкі”), Улада Зазулькі, які, дарэчы, спяваў не толькі сольна, але і са Святланай Новікавай. Завяршэннем канцэрта стаў вакальны гурт “Гармонія”. А заклік, што прагучаў са сцэны – “Калі вы яшчэ не пазванілі сваім мамам, пазваніце цяпер” – многіх прымусіў дастаць тэлефон, каб сказаць самаму роднаму чалавеку самыя галоўныя словы.

Гэта цікава!!!

685 мнагадзетных сем’яў налічваецца сёння ў раёне.

74 мамы ў раёне ўзнагароджаны ордэнам Маці.

55 мнагадзетных сем’яў у бягучым годзе палепшылі свае жыллёвыя ўмовы.

Настасся НАРЭЙКА.

Фота Наталлі КАЎПАНЬКА.