Ці любіце вы смажаныя каштаны?

372 просмотров, Комментариев нет
,

Кажуць, што ў кожнага чалавека ёсць сваё дрэва. Можна ў любы момант прыйсці да яго, дакрануцца да шурпатай кары і набрацца сілы, аддаўшы бярозе, клёну ці дубу свае хваляванні і трывогі…

У мяне таксама ёсць сваё дрэва – прыгожы, стройны каштан, што расце ля пад’езда майго дома ў Маладзечне, колькі сябе памятаю. Увесну ён апранаецца ў карункавую ЛІСТОТУ. Яшчэ маленькай я захаплялася гэтым незвычайным падарункам матухны-прыроды і, седзячы на плячах таты, смешна цягнулася маленькімі далонькамі да лісточкаў. (Далонькі былі падобныя да лісточкаў!)

Пасля я падрасла і сама магла зрываць іх, узабраўшыся на лаўку. Мы з сяброўкамі Надзяй ды Анютай адддзялялі кавалачкі ліста, падобныя на выцягнутыя кроплі, і рабілі з іх “шкілецікаў”: адрывалі зялёную скурку паміж жылкамі, пасля чаго заставаўся толькі каркас каштанавага ліста.

А час, між тым, бег… Дрэва паступова пачынала цвісці бела-ружовымі гронкамі. Нібыта агеньчыкі свечак, калыхаліся яны ад ветру. Дакрануцца да КВЕТАК было немагчыма, як ні спрабавалі мы зрабіць гэта з акна пятага паверха, на якім я жыла (кватэра Надзіных бацькоў знаходзілася на першым, Анютчыных – на чацвёртым).

Лета змянялася восенню, каштаны-кандэлябры адцвіталі, і на месца пушыстых гронак прыходзілі зялёныя, калючыя “ВОЖЫКІ”. Неймавернымі высілкамі мы дацягваліся да іх, але абрываць не смелі. Як мы праглі зірнуць, што хаваецца ўнутры шарыка ў іголачках! Але старанна трывалі. Чакалі надыходу таго самага часу, калі каштанавыя скарбонкі ападуць самі і раскрыюцца, стукнуўшыся аб асфальт. А там, унутры, – пругкае, гладкае, шакаладнае СЭРЦАЙКА, якое так прыемна трымаць у руках!

Часам мы не паспявалі заўважыць, як жаўцела лістота і каштан прыветна бліскаў золатам у вочы восені. Дажджыла… Колькі разоў мы хаваліся ўсе разам пад дрэва ад ліўня! Сядзіш пад каштанам, нібыта ў альтанцы, і слухаеш, як кроплі б’юцца аб пругкае лісце і не могуць прабрацца праз яго.

А зімою, зацярушаны снегам, каштан нагадваў казачную істоту. Адным годам, памятаю, яшчэ на пачатку лістапада заспявала за акном завея. Белы снег лёг на залатое лісце каля каранёў дрэва. Гэта быў цуд. І нешта ў ім незваротна пужала.

Цэлы год мы ўтрох назіралі за нашым дрэвам (прынамсі, кожная лічыла яго толькі сваім) і нават святкавалі кожны раз дзень першага ліста, першай квецені, першага зялёнага “вожыка”, першага каштана.

Ішлі гады. Ля пад’езда мянялі колер лаўкі (з блакітнага на зялёны, потым – на карычневы), мяняліся самі лаўкі, аж пакуль адна з іх незваротна не знікла. Засталася толькі тая, што пад каштанам… Мяняліся кветкі на маленькай клумбе, з’явілася скрынка для смецця, потым “сышла” ў невядомым накірунку, потым вярнулася. І толькі каштан застаецца.
Кожны раз, калі прыязджаю дадому, я вітаюся з ім. А восенню абавязкова прывожу каштаны. Цяжка злічыць, колькі шакаладных шарыкаў захоўваецца ў мяне дзе ні патрапіць: і ў сумцы (там увогуле нічога не знойдзеш, чаму б не дадаць колькі каштанаў для паўнаты калекцыі?), і ў кішэні (заўсёды вывальваюцца следам за пальчаткай!), і ў шкатулцы з завушніцамі, і ў шафе… Іх – безліч.

Кажуць, што каштан (і дрэва, і плады) служыць абаронаю ад злых сіл ды суроку, а таксама “цыруе” дзіркі, якія пакідаюць удары лёсу, калі верыць у гэта. Я, напрыклад, веру. Чаму б не?

А яшчэ ёсць на свеце каштаны асаблівага кшталту. Тыя, якія можна… смажыць і ўжываць у ежу! Яны асацыіруюцца, ва ўсялякім выпадку ў мяне, з Калядамі ды Лонданам. У гэтым горадзе халодным вечарам можна выйсці на вуліцу, выбраць з мноства іншых самага вясёлага, самага добразычлівага кухара і замовіць яму незвычайны пачастунак. А потым стаяць побач і назіраць, як у дзіравай патэльні, што стаіць на адкрытым агні, падскокваюць надрэзаныя крыж-накрыж каштаны. Іх пах, дакладней – водар, робіць вуліцу такой утульнай, што на ёй хочацца жыць… Прама тут – за гэтым столікам, пад гэтым дробным снегам, у гэтым святле ліхтароў.

Чароўная карціна. Магчыма, мне даводзілася бачыць яе ў кіно ці ў сне, а можа, чытаць пра яе – я не помню. Ды і сэнс, увогуле, не ў тым. Проста недзе пахне смажанымі каштанамі…

Добавить комментарий