Чалавек-эпоха: 90-я вясна Бядулі

Автор Комментариев нет Поделиться 506 просмотров

Прыгожы юбілей, важкая дата. Доўгая дарога, на якой і абапал якой засталіся няпростыя будні старшыні вядомага калгаса “Савецкая Беларусь” (яго Уладзімір Бядуля ўзначаліў у 1956-м), праблемы, падзеі, урачыстасці. І людзі, з якімі ішоў насустрач новаму дню. Чалавек не ўладны над часам, але зробленае не знікае бясследна…

Згадваюцца даўнейшыя сустрэчы з вяскоўцамі ў Расне напрыканцы 1990-х гадоў. Як былі ўдзячныя сяляне свайму старшы­ні! Менш за іншых адчулі подых нястачы ў складаны час; калі грошы, заробленыя маза¬лём, ператвараліся ў пыл, і людзі ноччу дзяжурылі каля магазінаў, калгаснікі тут мелі магчымасць купіць неабходныя дабротныя рэчы. Раснянскія даяркі падмацоўвалі свае словы па-вясковаму шчыра: мы за та­кім старшынёю, як за сцяною. Нават у час суцэльнага “дэфіцыту”. У тым ліку продаж сялянам алею, крупаў, мукі, цукру быў наладжаны ў калгасе, ды па больш нізкіх цэнах. А рабіць з Бядулем, казалі, і лёгка, бо паважае сумленных ды працавітых, і складана, бо спуску нікому не дае…

Славутую “трынаццатую” зар­плату старажылы згадваюць дагэтуль. Раней за іншых у калгасе была ўкаранёна зразумелая аплата працы з акцэнтам на канчатковы выхад прадукцыі – за тое, што пажнеш, і па выніках года даяркі атрымлівалі толькі дадатковай аплаты ці не па тысячы (!) рублёў, а лепшыя – па паўтары-дзве тысячы. Трактарыстам, якія працавалі ўжо 25 гадоў, незалежна ад узросту і заработку, налічвалася важкая калгасная пенсія.

Добра памятаю, як часта Уладзімір Лявонцьевіч павучальным тонам казаў: ”Падыход да людзей толькі тады правільны, калі ён строга індывідуальны.” Тое, што гэта не проста словы, адчулі на сабе многія, каму ён дапамог стаць “на крыло”, сцвярджаючы, што калі гаворка ідзе пра людзей, усё законна, акрамя крадзяжу… Або з той жа яго абоймы: “Все прогрессы реакционны, если рушится человек…”

* * *
А любімым “каньком” Бядулі была бульба. Гэта – яго тагачасная стыхія. “У лепшыя гады ўраджай перавышаў 300 цэнтнераў з гектара, – не без настальгіі згадвае пры выпадку ён, – а рэкордам у 80-я былі 424 цэнтнеры, і гэта – на мінеральных глебах. Попыт на нашу бульбу быў неймаверны. У савецкі час наш калгас займаў вядучае месца ў Беларусі па пастаўках бульбы ў буйныя гарады і індустрыяльныя цэнтры СССР…” Задоўга да таго, як загаварылі пра рынкавую “гнуткасць”, ён сам ездзіў у Маскву дамаўляцца аб пастаўках той жа бульбы, актыўна шукаў рынкі збыту ў самым шырокім разуменні, карыстаючыся прыроджанымі здольнасцямі дыпламата і нярэдка цытуючы Леніна пра неабходнасць “учиться торговать”.

* * *
Дэлегат двух з’ездаў КПСС і двух Усесаюзных з’ездаў калгаснікаў, народны дэпутат Саюза ССР (1989-1991), дэпутат Вярхоўнага Савета БССР двух скліканняў, член праўлення Савецкага фонду міру, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны ордэнамі Леніна (двума), Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, “Знак Пашаны”, Францыска Скарыны, ордэнам Айчыны III ступені, многімі медалямі… Ёсць у Бядулі яшчэ адно статуснае вызначэнне — “летающий мужик”. З лёгкай рукі вядомага паэта Андрэя Вазнясенскага. “Летающий”, у сэнсе – рамантык, адчайны наватар. У Расне ўжо ў 1960-х пачала працаваць дзіцячая музычная школа, чаму па-добраму зайздросцілі бацькі ў іншых калгасах; Палац культуры, збудаваны паводле індывідуальнага праекта, мог даць “фору” гарадскому, а на яго сцэне часта выступалі вядомыя на прасторах СССР прафесійныя калектывы – хор імя Пятніцкага прыязджаў тройчы, як і “Песняры”, выступаў Святаслаў Рыхтар… Упершыню ў краіне ў сельскай мясцовасці на базе калгаса “Савецкая Беларусь” быў праведзены Усесаюзны фестываль ”Песня-87”… У гаспадарцы ці не першым у раёне пачаў працаваць вясковы дзіцячы сад-яслі “Каласок” (а як жа інакш?) ажно на 140 месцаў. Гандлёвы цэнтр, таксама па індывідуальным праекце, быў задуманы ў комплексе з рэстаранам.А будынак адміністрацыйнага цэнтра. Нават макет яго на той час выклікаў захапленне і недаўменне: навошта гэта ў сяле? Будаваў у вёсцы горад, як падкрэсліваў, з перавагай вёскі. У тым пераліку – штогадовы парад тэхнікі, піянерскі касцёр на галоўнай плошчы Расны, камсамольскія вяселлі ў калгасным рэстаране, турпаездкі калгаснікаў, у тым ліку за мяжу, шчырая падтрымка творчых калектываў, юных талентаў… Ужо тады была прызначана дапамога з калгаснай касы “за чацвёртае дзіця ў сям’і”.

Яўген Еўтушэнка ў Расне

Усё гэта было своеасаблівым адповядам зневажальнаму “колхозник” на адрас выхадцаў з вёскі. Селянін, ён дбаў аб прэстыжы калгаса і калгаснікаў, аб эфекце і эфектыўнасці. Бядуля, адстойваючы аўтарытэт селяніна, у захапленні нават абяцаў, што настане час, калі трактарыст будзе прыхо­дзіць на працу ў белай кашулі…

Вынікам спалучэння ў кіраўніку з нестандартным мысленнем жорсткага прагматыка і адначасова рамантыка-наватара сталі першы на Беларусі цэнтр трансплантацыі эмбрыёнаў буйной рагатай жывёлы, каўбасны цэх з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі, музей Хлеба, задуманы дзеля параўнання новага жыцця з мінулым. Яго рабочы стол быў завалены праектамі, праспектамі, чарцяжамі, новай літаратурай. Не абыходзілася і без “наватарскіх” кур’ёзаў, адным з якіх стала гісторыя са складам з гафрыраванага кардону, што абрушыўся падчас першага дажджу, бо не паспелі апрацаваць яго пэўным рэчывам. Той выпадак стаў прычынай і сарказму, і немалой колькасці анекдотаў. Але, як кажуць, першым найбольш складана, а без першых не бывае другіх…

І яшчэ: на любы жыццёвы выпадак – у памяці класічныя выказванні вядомых людзей, радкі з любімых зборнікаў паэзіі, рубленыя цытаты з Маякоўскага. Яны ў вуснах Бядулі – дарэчы і пад час дзелавой размовы, і ў святочны дзень. Як і сотні лічбаў, датаў, фактаў.

Калі ў Бядулі цікавіліся яго адукацыяй, сціпла адказваў: эканамічная. Але часам удакладняў: дзесяцігодка і эканамічныя курсы. Веды збіраў са свету па нітцы: ад знаёмага амерыканскага фермера з яго прынцыпам “На сартавое насенне, найноўшую тэхніку і племянную жывёлу грошай не шкадуй” да знакамітага старшыні-калегі Кірылы Арлоўскага, ад славутай даяркі калгаса Любові Нічыпарук да нязменнага брыгадзіра трактарнай брыгады Сяргея Трафімава. Але “знатакі” Бядулі адукацыю яго называюць вышэйшай, у сэнсе высокай якасці засваення ведаў і творчай іх перапрацоўкі. Плюс самаадукацыя.

З паэтам Андрэем Вазнясенскім

Тыя, хто доўгі час працаваў поплеч з Бядулем, абавязкова зазначаюць, што некалькі дзесяцігоддзяў запар калгас – шматгаліновая гаспадарка – не меў даўгоў, не карыстаўся крэдытамі. Як павучальнае: спецыялістаў, брыгадзіраў лічыў кіраўнікамі ў гаспадарцы, а сябе – іх памочнікам, даваў свабоду дзеянняў – адзінае, каб быў вынік на выхадзе. Праз усё жыццё пранёс наказ, які ў маладосці атрымаў на старшынёўскіх курсах: нічога не шкадаваць жывёлаводам і механізатарам.

Цяжка перажываў падзеі 1991 года. Не без горычы іранізаваў: “Семьдесят лет вперед бежали, бежали, а теперь нам говорят, что не туда бежали…” У той жа час рэальным асэнсаваннем “не туда” стала будаўніцтва ў Расне, з дапамогай гаспадаркі і на ахвяраванні грамадзян, пяцікупальнай царквы на месцы разбуранай у эпоху ваяўнічага атэізму.

* * *
Надоечы мела гутарку з высакаўчанкай Валянцінай Мікалаеўнай НЯДЗВЕЦКАЙ. У 1960-м, пасля вучобы ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце, прыехала на працу ў высокаўскую ветлячэбніцу, а 1 мая 1963-га пачаўся адлік яе працоўнага стажу ў “Савецкай Беларусі”. Дарэчы, усе 42 гады ездзіла з Высокага на работу веласіпедам…

– Пачынала на малочнатаварнай ферме ў Расне ветурачом. Затым узначальвала калектыў свінафермы. Памятаю, доўга ўпарцілася, не згаджалася. Але ж і Бядуля настойлівы. На ўсе мае “не” быў яго лаканічны адказ: “Падумай. Людзі просяць”. І ўрэшце згадзілася…Праз гадоў дзесяць Лявонцьевіч папрасіў “падцягнуць” ферму ў Бардзёўцы, дзе былі і дойны статак, і свінні. Планавыя заданні па свініне тады былі немалыя – дык удалося павялічыць колькасць галоў свіней з 1,5 тысячы да 3-х тысяч. Гэта – дзякуючы Бядулю, які не перашкаджаў нам працаваць, ведаў, што калі чалавек адказны, калі прапанаваў штосьці новае, карыснае, дык і зробіць як мае быць. У такім разе толькі дапамагаў, калі трэба было… І справа ладзілася, хацелася працаваць. Заробкі мелі ці не самыя высокія ў раёне. Маглі дазволіць сабе і дзецям буйныя пакупкі. Наш механізатар Богдан Мельнічук першым у раёне купіў “Волгу”… А колькі цікавых турыстычных паездак мелі, колькі нашых людзей лячыліся на лепшых курортах Савецкага Саюза! Я, напрыклад, толькі ў Сочы ездзіла тры разы, двойчы – у Пяцігорск, не раз была ў іншых здраўніцах. Чаму было не ехаць, калі – бясплатна, нават дарогу ў абодва бакі аплачвалі. Сёння мой маналог хтосьці, магчыма, назаве настальгіяй па маладосці, але сапраўды ў 1970 – 80-я гады мы былі за сваім старшынёю як за сцяною…

Яшчэ адным суразмоўцам “з нагоды” на мінулым тыдні быў Мікалай Купрыянавіч АНДРАСЮК, які сорак гадоў узначальваў агранамічную службу ў “Савецкай Беларусі”.

– Калі больш дакладна, пасля сельгасакадэміі два гады працаваў аграномам-насенняводам, а ў 1966-м Бядуля даверыў мне “цэх” пад адкрытым небам. Заўжды помніцца яго ўменне працаваць з людзьмі, што надзвычай важна для кіраўніка. Асабліва ўважліва ставіўся да механізатараў, даярак, сачыў, каб зарплатай не былі пакрыўджаны.

У 70-я – 80-я гады наш калгас славіўся і цукровымі буракамі, і ўраджайнасцю зерневых,і бульбай. Было, займала яна і 450 гектараў. Накопвалі яе больш, чым цяпер увесь раён. Адна толькі бульба забяспечвала калгас зарплатай увесь год. У верасні адначасова на палях працавалі 14 капалак, штогод прыязджалі на падмогу дзве брыгады з Данецка, навокал такі рух – нібы другое жніво. Захоўвалі бульбу ў буртах, і даволі добра. Быў час, калі адпраўлялі яе на Паўночны флот, забяспечвалі ёю Крэмль, дзе ўпадабалі наш “тэмп” за лежкасць. І на Кубу адпраўлялі яе ў скрынях накшталт яблычных… А то неяк прапанавалі нам расіяне свой рыс у абмен на бульбу, але на расійскай граніцы яго затрымалі з тлумачэннем, што гэта іх стратэгічны прадукт. Давялося Бядулі адпраўляць тэлеграму Кебічу, каб пасадзейнічаў дастаўцы рысу ў Расну…

Заўважна, што людзі да сваёй працы раней ставіліся больш сумленна; калі надыходзіла хмара, стараліся завяршыць стог сена ці сцірту саломы, хоць яна і калгасная, на гадзіннік не глядзелі…

З Людмілай Зыкінай

Ніна Віктараўна СЦЁПКІНА, памочнік загадчыка малочнатаварнай фермы Лумна, сёння згадвае:
– Чалавечнасць Уладзіміра Лявонцьевіча Бядулі – гэта з намі заўжды. З любой бядою людзі да яго ішлі, ці то хворага ў бальніцу адправіць, ці лякарства дастаць, як казалі ў час “дэфіцытаў”, або пуцёўку ў профільны санаторый, ці з дзецьмі-ўнукамі праблемы… Амаль заўжды да яго чарга, і кожны дзень быў прыёмным. Кожнага выслухае, а свае справы ўбок, і пакуль не прыме апошняга чалавека, на гадзіннік не глядзіць. Вядома, кожнаму не дагодзіш, бо дысцыпліну трымаў. Па панядзелках абавязкова праўленне збіралася, дык і падзякуе, і добра адчытае, калі ёсць за што. На ферму часта прыязджаў, да кожнага падыдзе, павітаецца, пры¬чым найперш не з загадчыцай, а з даяркамі, спытае пра здароўе, пажартуе – умее Бядуля з людзьмі абыходзіцца.

Асабліва ўдзячныя мы яму за клопат у складаныя 1990-я. Напрыканцы ўжо кіраўніцтва нашага старшыні праблем стала больш, магчыма, і не па яго віне… Ад нас самыя шчырыя віншаванні шаноўнаму Уладзіміру Лявонцьевічу і пажаданні здароўя.

* * *
На завяршэнне аповяду пра чалавека-легенду, за спінай якога 50 год старшынёўства, — яшчэ адно яго любімае выказванне ад акадэміка Каралёва: “Если дело сделано быстро и плохо, все скоро забудут, что быстро, но будут помнить, что – плохо; а если сделано хорошо, хоть и медленно, то быстро забывается, что делалось медленно, и всегда помнится, что сделано – хорошо”. Уладзімір Бядуля часцей любіць гаварыць пра нязробленае.

Галіна НОВІК. Фота з сямейнага архіва прадаставіў Валерый БЯДУЛЯ.

Предыдущая статья

Сяўба выйшла на фінішную прамую

Следующая статья

На ваши вопросы ответит Клец А.А.

Вам также может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *