Трыццатага мая празвінеў апошні школьны званок у СШ №2 Каменца

Автор Комментариев нет Поделиться

Напярэдадні такой важнай для кожнага вучня падзеі, што асацыіруецца з чырвонымі стужкамі, белымі бантамі, шчырай слязой і жывымі кветкамі, пагутарыла з выпускніцай гэтай навучальнай установы Анастасіяй Раманюк.

– Ведаеце, раней штогод назірала за тым, як праходзіла свята апошняга званка ў нашай школе, і гэта ўсё здавалася такім далёкім. Як казка… Цяжка ўсвядоміць, што ўжо літаральна заўтра яна стане для мяне рэальнасцю. Шчыра прызнацца, неяк боязна. Хутка мы выправімся ў дарослае жыццё, а школа будзе жыць далей – без нас…

– Чым былі напоўнены гады навучання?
– Урокамі, спортам, спевамі і вершамі, напэўна. Я – абсалютны гуманітарый, таму цікаўлюся рускай і англійскай мовамі, нават удзельнічала ў раённых алімпіядах. Па першай заняла трэцяе месца, па другой – першае.

– Калі не сакрэт, куды збіраешся паступаць?
– У Мінск. Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Мару працаваць выкладчыкам ВНУ. Спярша можна, безумоўна, і ў школе паспытаць свае сілы, а вось потым…

– Калі вярнуцца да спорту, спеваў і паэзіі…
– У свой час я гуляла ў баскетбол, кідала молат – нават трэцяе месца на вобласці займала. З’яўляюся членам БРСМ і валанцёрам Чырвонага Крыжа, цесна супрацоўнічала з аддзяленнем дзённага знаходжання для маладых інвалідаў ТЦСАН. Пасля на аснове зробленага і яго аналізу напісала работу для навукова-практычнай канферэнцыі па тэме “Інтэграцыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў сучаснае грамадства з дапамогай англійскай мовы” і на рэспубліцы заняла першае месца.

Што тычыцца музыкі, то спяваю ў царкоўным хоры, спрабую пісаць песні, якія выконваю пад гітару, асвоеную самастойна. Таксама ўваходжу ў склад народнай эстраднай студыі “Музычны падвал” Камянецкага РДК. Ведалі б вы, якая цёплая, сапраўды сяброўская атмасфера пануе ў гэтым калектыве. Я жыла б у Доме культуры, каб было можна! Я б на палову стаўкі там гардэробшчыцай працавала! (Смяецца.) Разам з Надзеяй Бягені і Святланай Сухарославай мы стварылі трыа, якое з лёгкай рукі гледачоў атрымала назву “Девчата”.

– Можа, варта было б пайсці працаваць у сферу культуры?
– Не. Няхай спевы застануцца маім хобі.

– А вершы?
– Пішу час ад часу. І звычайна следам за паэтычнымі радкамі прыходзіць мелодыя.

– Любіш чытаць?
– Вельмі! З паэтаў аддаю перавагу Роберту Раждзественскаму і Сяргею Ясеніну. Апошняя кніга, якую перачытвала, – “Вайна і мір”.

– Якой будзе твая сукенка на выпускны баль?
– Вельмі прыгожай! Зялёнага колеру.

– Каму хацела б падзякаваць сёння, на парозе даросласці?
– Калектыву настаўнікаў школы, класнаму кіраўніку Святлане Сяргееўне Філіпавай і бацькам, яны ў мяне – супер!

– Што для цябе школа?
– Школа – гэта здорава!

Гутарыла Настасся НАРЭЙКА. Фота Міколы ШУМА.

Предыдущая статья

Са школай развітваліся музыканты і мастакі

Следующая статья

На ваши вопросы ответит Наркевич Ю.И.

Вам также может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *