Адразу шасцёра вучняў Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў прывезлі са значных конкурсаў заслужаныя ўзнагароды

1 642 просмотров

Давайце пазнаёмімся з маленькімі і не вельмі “зорачкамі”, якія, магчыма, у хуткім часе стануць знакамітымі музыкантамі і мастакамі.

Для Варвары Сухарославай, вучаніцы 1 класа школы мастацтваў, абласны адкрыты конкурс вакалістаў імя М. Арэнскай у Брэсце стаў самым першым, вельмі хвалюючым і надз­вычай паспяховым. Дыплом 1 ступені ў намінацыі “Акадэмічны вакал” – цудоўная ўзнагарода і для стараннай дзяўчынкі, і для яе педагога Ганны Грушэўскай, і для канцэртмайстра Алы Трафімук.

Дарэчы, неабходна адзначыць, што Вара была на конкурсе самай маленькай удзельніцай. Яна выканала беларускую народную песню “Ох, я малада” ў апрацоўцы М. Сіраты і заключны хор з дзіцячай оперы “Муха-Цакатуха” М. Красева.

Валерыя Ралевіч (4 клас школы мастацтваў) пад кіраўніцтвам педагога Таццяны Пацяйчук выдатна падрыхтавалася да I аб­ласнога конкурсу юных піяністаў “Новыя гарызонты” ў Брэсце і прывезла з яго Дыплом за леп­шае выкананне твора беларус­кага аўтара. Які абралі для выс­туп­лення настаўнік і старанная вучаніца? “Папяровую балеры­ну” Г. Гарэлавай.
Чацвёртакласнік-трубач Мак­сім Ліцкевіч – выхаванец Алега Долмата – стаў уладальнікам Дыплома 3 ступені II адкрытага абласнога конкурсу “Крынічка”, што адбыўся нядаўна ў Бара­навічах. Юны музыкант літараль­на ўварваўся ў тройку лепшых, што было не так і проста, калі ўлічыць, што за месцы змагаліся прадстаўнікі Баранавіцкай і Пін­скай школ мастацтваў, дзе, як вядома, надзвычай моцная ду­хавая школа.

Валерыя Ралевіч

Максім выступаў у малодшай уз­роставай групе, у яго было 9 кан­курэнтаў. Трэцяе месца ў такіх аб­ставінах – цудоўны вынік, ці не так?

Максім Ліцкевіч

Андрэй Сцельмашук, вучань 4 класа, выхаванец педагога Валерыя Шасцёркіна, заняў га­наровае 2 месца (першага, да­рэчы, не было – таму рабіце высновы самі) у названым вышэй конкурсе “Крынічка”. Юны клар­нетыст выканаў складаны твор беларускага кампазітара М. Шнейдармана “Раманс” і “Сана­ціну” Бетховена.
Варта зазначыць, што летась старанны і таленавіты Андрэй заняў 1 месца ў міжнародным конкурсе – варта павагі.

Андрэй Сцельмашук

Пяцікласніца Лізавета Казлова (вучаніца Ларысы Феакціставай) села за інструмент на сцэне Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў падчас 10 рэгіяналь­нага конкурсу фартэпіяннай му­зыкі “Пінская вясна-2018” і так уразіла кампетэнтнае журы сва­ім выканальніцкім майстэр­ствам, што займела Дыплом 3 ступені. Віншуем!

Лізавета Казлова

Не абышлося без узнагарод і сярод вучняў мастацкага ад­дзя­лення Камянецкай ДШМ. Ужо добра вядомы чытачам ра­ёнкі Кірыл Назарук парадаваў свай­го педагога Кацярыну Дрозд яшчэ адным дасягненнем (пра папярэд­няе – 1 месца ў аблас­ным агля­дзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Ратавальнікі вачамі дзяцей” у на­мінацыі “Плакат” – “НК” ужо пісала).
На гэты раз Кірыл узнагаро­джаны Дыпломам пераможцы рэгіянальнага конкурсу выяў­ленчага мастацтва “Арт-паліт­ра”, што праходзіў у Пінску. За­дача перад юным мастаком стаяла няпростая – на зададзе­ную тэму (“Сусветная павуціна”) ён павінен быў за 3 гадзіны вы­канаць малюнак па ўсіх законах кампазіцыі. Ці варта гаварыць, што Кірыл справіўся з гэтым? Сведчаннем таму – узнагарода.

Кірыл Назарук

Вось якая яна – таленаві­тая шасцёрка вучняў Камя­нецкай дзіцячай школы мастацтваў. А колькі дасягненняў наперадзе!

Настасся НАРЭЙКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *