Ад шчырага сэрца медыкам дапамагаюць актывісты «Белай Русі»

Сёння няспростая сітуацыя з каранавірусам аб’яднала ўсіх нас. І Камянецкая раённая арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” не змагла застацца абыякавай. Асабліва – да тых, хто мае самае непасрэднае дачыненне да барацьбы з захворваннем, сутыкаецца з ім штодзень.

Так, гэтымі майскімі днямі ў межах рэспубліканскай акцыі “Белая Русь” – медыкам” наша раённая арганізацыя перадала ў Камянецкую цэнтральную раённую бальніцу 100 аднаразавых камбінезонаў і 25 дазатараў для вадкага мыла. А крыху раней дапамагла мясцоваму тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, набыўшы для яго супрацоўнікаў 100 пар медыцынскіх пальчатак, 100 мнагаразавых ахоўных павязак і 5 літраў антысептыка для апрацоўкі рук. (Дарэчы, пярвічкі “Белай Русі” створаны і ў ЦРБ, і ў ТЦСАН.)

На ўсе гэтыя надзвычай неабходныя сёння рэчы пайшло 2 106 рублёў. І прыемна ўсведамляць той факт, што кожны, хто ўваходзіць у “Белую Русь”, можа адчуваць сябе самым непасрэдным удзельнікам гэтай добрай справы. Хаця б таму, што часцінка (няхай невялікая!) яго асабістых сродкаў, сабраных як членскія ўзносы, дапамагла медыкам і сацыяльным работнікам у іх паўсядзённай, няпростай, але такой патрэбнай, справе.

Настасся НАРЭЙКА.