Праграміст-фізік з Дзмітровічаў, што марыць пра Верону

Таццяна Ятчук. Гэтыя імя і прозвішча чытачам «НК» пададуцца знаёмымі – і не без падстаў! Таленавітая дзяўчына неаднаразова станавілася гераіняй матэрыялаў раёнкі, яшчэ калі была вучаніцай Дзмітровіцкай СШ. Сёння яна – 4-курсніца Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, будучы фізік-праграміст з душой паэта. Як гэта сумяшчаецца ў адным чалавеку? Мяркуйце самі, а я тым часам распытаю Таццяну пра самае галоўнае…

– Падзяліся: што для ця­бе азначаюць родныя Дзміт­ровічы?

– Хоць дома бываю не так часта, як хацелася б, але ўсё роўна яны займаюць асаблі­вае месца ў маім жыцці. Вель­мі добра, што ёсць родны куток, дзе можна адпачыць ад гарадской мітусні і шматлікіх спраў, пабыць аднаму, памарыць. У Дзмітровічах нават дыхаецца лягчэй! Там прайшло маё дзяцінства, там шмат сяб­роў і знаёмых, а самае галоў­нае – там заўсёды любяць і чакаюць.

Пра сям’ю

– Раскажы, калі ласка, пра сваіх родных…

– Як бы банальна гэта ні гучала, але ў мяне самыя лепшыя бацькі! Яны заўсёды пад­трымаюць у цяжкую хвіліну, дапамогуць словам і справай, радуюцца маім поспехам і дасягненням, падзяляюць горыч няўдач. Гэта так патрэбна – ведаць, што ты не адзін. Я вельмі ўдзячная ім за тое, што яны навучылі мяне лю­біць, клапаціцца пра блізкіх, дараваць крыўды, паважаць старэйшых.

Мая мама, Надзея Мікала­еўна, – медыцынскі работнік. Калі была маленькай, заўсё­ды глядзела на яе і марыла стаць доктарам, каб дапамагаць людзям. З дзіцячых га­доў мела ўяўленне, якія таб­леткі для чаго патрэбныя. Помню таксама, як мама вучыла мяне калоць уколы, – было страшна!

Мой тата, Аляксандр Івана­віч, – інжынер. Вельмі добры і пазітыўны, любіць жартаваць. Калі была малой, любіла слухаць яго аповеды пра розныя “мужчынскія” інструменты: што для чаго патрэбнае…

Люблю бавіць час з бацька­мі. Паездкі з татам на рыбалку і размовы з мамай заўсёды вельмі атмасферныя і душэў­ныя.

– А твае сястра і брат? Якія яны?

– Брат Андрэй малодшы за мяне на 4 гады. Мы заўсёды былі дружнымі і амаль не сва­рыліся. Хаця прыгадваю, як мяне пакідалі за няньку пры ім, і міжволі думалася, што мне дастаўся самы непаслухмяны, самы гарэзлівы малодшы брат на свеце! Але час прайшоў, мы пасталелі, ніхто нікога не крыўдзіць, а толькі дапамагае і падтрымлівае. Андрэй вель­мі крута грае на гітары, ды і па характары ён добры.

А Ганначка нарадзілася, ка­лі мне было 11, і бацькі смела маглі давяраць мне малую. Я вельмі хацела сястрычку, каб заплятаць ёй коскі, перадаваць лялек “у спадчыну”… Цяпер сястра ўжо школьніца і просіць не пагуляць з ёй, а дапамагчы з хатнім заданнем. І калі толькі яна паспела так вырасці?!

– Якая ты старэйшая сяст­ра: строгая ці цярплівая?

– Шчыра сказаць, нават не ведаю. Гэта лепш у брата з сястрой спытаць. Хачу, каб, у першую чаргу, яны выраслі добрымі людзьмі з правіль­нымі жыццёвымі каштоўнас­цямі і прынцыпамі. Таму ў ней­кіх момантах магу быць стро­гай, але толькі з выхаваўчай мэтай. А так заўсёды прывожу ім нешта смачненькае з Брэста, выслухаю, дапамагу і нават, калі трэба, прыкрыю перад бацькамі.

Пра школьныя гады

Чым запомніліся табе гады вучобы ў Дзмітро­віц­кай школе? Дзе, на тваю думку, вучыцца лепш: у гарадской ці ў сельскай?

– У сельскай. Яна як маленькая сям’я. Там усе адно аднаго ведаюць і дапамагаюць. Вельмі камфортныя ўмовы для вучобы і самарэалізацыі. За ўсе 11 гадоў я ніводнага разу не адчувала сябе ў школе чужой.

– Колькі вучняў было ў тваім класе? Ці сябруеце вы сёння?

– Калі ішлі ў першы клас, нас было 8, калі выпускаліся – 15. Сёння ўжо ў кожнага свае клопаты – армія, сям’я, дзеці, вучоба, але мы ўсё роўна пад­трымліваем зносіны.

– Ці была ў цябе лепшая сяброўка? Ці застаецца яна такой цяпер?

– Вядома! Як жа без яе? З Веранікай мы сябруем з дзі­цячага сада. Цяпер у кожнай свае інтарэсы і не так шмат часу для сустрэч, але нашы размовы застаюцца па-раней­шаму шчырымі. У школьныя гады доўга сядзелі за адной партай і, так бы мовіць, “да­паўнялі” адна адну: сяброўка была моцная ў адных прадметах, я – у іншых. Аб’яд­наў­шы намаганні, мы атрымлі­ва­лі добры вынік. Вось нас і рассадзілі наўмысна ў старэйшых класах, каб кожная вучылася самастойна. І самае цікавае тое, што ў школе я добра ўяўляла, разважала, пі­сала, а Вераніка лічыла. А ў вы­ніку яна пайшла ў гуманітарныя навукі, а я – у дакладныя.

– Ты – будучы фізік-праг­раміст?

– Не магла нават уявіць, што буду атрымліваць такую прафесію! Заўсёды хацела ў медыцыну – марыла быць хі­рургам. Але ўсе родныя былі супраць і адгаварылі мяне.

– Ці дапамог табе твой залаты медаль падчас пас­туплення у БрДУ?

– Ён стаў для мяне прыемным бонусам за ўсе гады ста­ранняў у школе. Калі б хацела быць настаўнікам, медаль дапамог бы паступіць без ЦТ.

– А шматлікія дасягненні школьных гадоў?

– Усе яны карысныя. Удзель­нічала ў школьных, раённых, абласных і міжнародных конкурсах. Але самая значная для мяне перамога – у конкурсе “Залатое пяро “Белай Русі” (пра яе раёнка расказвала ў 2017-м. – Н.Н.). Прымала ўдзел у ім некалькі гадоў запар, займала прызавыя месцы ў вобласці і… такая перамога! Рэспубліканская! Доўга не верыла, што гэта адбылося са мной, звычайнай дзяўчын­кай з сельскай школы.

Школа дала мне многа. Падчас вучобы я і спявала, і танцавала, і малявала, і пісала вершы. Ездзіла на спаборніцтвы па стральбе, шашках і валейболе. Была капітанам зборнай каманды школы ў ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца” і сакратаром школьнай пярвіч­кі БРСМ. На месцы я дакладна не сядзела! Скончыла на выдатна музычную школу па класе баяна.

А як ва ўніверсітэце?

– Што ўяўляе сабой камп’ютарная фізіка? Якія прадметы ёсць у тваім раскладзе?

– З першага па трэці курс у нас быў моцны ўпор на ас­ноўныя раздзелы фізікі і вышэйшую матэматыку. На чацвёртым і пятым будзе суцэльнае праграмаванне. Ужо вывучана нямала дысцыплін: фі­зі­ка атама і атамных з’яў, дыферэнцыяльныя і інтэг­раль­ныя ўраўненні, электрычнасць і магнетызм, аналітычная геаметрыя і лінейная алгебра, розныя мовы праграмавання (Pithon, Fortran) і многае іншае. Гучыць страшна, пагадзіцеся! J Напачатку кожнага сямест­ра мяне саму палохалі пера­лічаныя вышэй словы, але, ра­забраўшыся, скажу: гэта не так і складана. Мая спецыяльнасць новая, сучасная, ёсць перс­пектыва пайсці пасля ўнівер­сі­тэта ў навуку альбо ў IT-сферу.

– Ці шмат дзяўчат на тва­ім фізіка-матэматычным факультэце?

– У маёй групе ўсяго 5 – з 19 чалавек. Наш факультэт самы дружны, усе адно аднаму дапамагаюць, актыўна ўдзельні­чаюць у грамадскім жыцці уні­версітэта. З трэцяга курса з’яў­ляюся намеснікам старшыні прафкама студэнтаў факультэта. Мне вельмі падабаецца месца, у якім я знаходжуся, і людзі, якія мяне атачаюць.

– Ты жывеш у інтэрнаце?

– Так! Гэта цудоўны вопыт як зносін з людзьмі, так і ар­ганізацыі паўсядзённага побыту. Штодзень тут адбываецца нешта цікавае.

– Чым займаешся ў воль­ны ад вучобы час?

– Спортам, слухаю музыку, гуляю. Ужо некалькі гадоў захапляюся фота- і відэа­здымкай. Мая любімая справа! (Таццяна наведвала заняткі фотаклуба, што дзейнічаў пры рэ­дакцыі раёнкі. – Н. Н.)

Акрамя таго, мне вельмі ім­пануюць падарожжы! Люблю працяглыя паездкі на машыне, калі сядзіш ля акна, слухаеш музыку і сузіраеш маляў­нічыя краявіды. Была ў свой час у Польшчы, Украіне, Расіі. Мару пра… Верону! Яшчэ ў школе, прачытаўшы п’есу “Рамэа і Джульета”, загарэлася жаданнем пабываць у гэтым горадзе, убачыць той самы дом з балконам.

Люблю чытаць папяровыя кнігі, мару сабраць сваю маленькую бібліятэку. Мне ціка­выя дэтэктывы і фантастыка. Вельмі падабаюцца кнігі Дэна Браўна, асабліва – “Анёлы і дэманы”. Апошнім часам стала больш захапляцца кнігамі па псіхалогіі, матывацыі і са­маразвіцці. Зараз чытаю “Думай і багацей” Напалеона Хіла.

Калі гаварыць пра гаджаты, то мушу прызнацца, што баўлю шмат часу ў тэлефоне і сацыяльных сетках. Я заўсёды на сувязі. Мой тэлефон захоў­вае вельмі шмат важнай ін­фармацыі, што аблягчае жыццё. Але калі б давялося ад­мовіцца ад яго на тыдзень, думаю, справілася б. Знайшла б у гэтым плюсы.

Пра мары

– Твая самая запаветная мара?

Шчасце – вось мара ўсіх людзей, у тым ліку і мая. А каб адчуваць шчасце, чалавеку патрэбна любіць і быць любі­мым, каб родныя і блізкія бы­лі здаровыя і каб над галавой было мірнае неба.

– І пытанне, якога ну ніяк не магу не задаць. Пра твае колішнія проста шыкоўныя валасы! Якой максімальнай даўжыні яны былі? Ці лёгка было абразаць?

– О, каса сапраўды была! Даўжынёй прыкладна 100 сантыметраў ад каранёў да кончыкаў. Абразаць было нялёгка, але мне надакучыў абмежаваны шэраг прычосак, якія магла сабе дазволіць, хацела чагосьці новага. Адразала паступова – па некалькі дзясяткаў сантыметраў. Цяпер мае валасы – да лапатак. Як раней хадзіла з доўгай касой, ужо і не ўяўляю…

Распытвала Настасся НАРЭЙКА.