35 пацярпелых – адна віна

Автор Комментариев нет Поделиться 156 просмотров

Амаль 20 хвілін працягвалася зачытанне акта абвінавачвання па справе аб махлярстве падчас пасяджэння камянецкага суда 31 ліпеня. І ўсё таму, што пацярпелымі, згодна з ім, былі… 35 чалавек.

Усе яны ў канцы кастрычніка – снежні мінулага года знайшлі на сайце Kufar.by тавар па сваёй патрэбе (боты, касметыку, кашалёк, легінсы, футравую камізэльку, паліто, гадзіннік…), сумленна пералічылі перадаплату (палову цаны) на картку пазней абвінавачанай і засталіся ў выніку і без пакупкі, і без грошай.

Як аказалася, рэчаў, прапанаваных 20-гадовай Р. для продажу, у яе не было ўвогуле. Знойдзеныя ёю ў інтэрнэце прывабныя фатаграфіі з цэнамі, узятымі з Aliexpress, хутка звярнулі на сябе ўвагу пакупнікоў. Міфічныя боты і футравую камізэльку, напрыклад, “набывалі” некалькі разоў – па сезоне прыйшліся.

Дзяўчына расказала, што сама неаднаразова купляла розныя дробязі на Куфары, бачыла, што там даволі часта просяць перадаплату, і вырашыла зарабіць лёгка і без асаблівых намаганняў (да таго ж інтэрнэт падбадзёрваў: цябе не знойдуць!)

Спярша Р. прапаноўвала рэчы ад сябе, а потым, калі яе на Куфары заблакіравалі з-за скаргаў, змяніла імя (тройчы!) і працягвала сваю махлярскую дзейнасць. “Юля”, “Маргарыта” і “Ніна” (па чарзе) паспелі здзейсніць нямала аднабакова выгадных здзелак. Грошы ад іх абвінавачаная выкарыстоўвала, з яе слоў, на прадукты і дапамогу маме, бо на той момант (канец мінулага года) у сям’і, што складаецца з двух чалавек, было цяжкае матэрыяльнае становішча.

Сама маці ні аб чым не здагадвалася, бачыла, што дачка шмат часу праводзіць за камп’ютарам, але хто з моладзі зараз бавіць час інакш? Калі ж праўда раскрылася, сапсаваўшы сям’і Новы год, пачаліся пошукі падманутых пакупнікоў. Усім ім Р. і яе маці вярнулі грошы, а таксама папрасілі прабачэння. Таму падчас пасяджэння суда ў зале не было ніводнага пацярпелага.

Дзяўчына шчыра раскайвалася ў сваіх злачынных дзеяннях: “Я ведаю, што зрабіла людзям балюча”. Гэта ды яшчэ дабравольнае пакрыццё шкоды, нанесенай пацярпелым (агульная сума – 1566,77 руб.), было ўлічана падчас вынясення прыгавора. Суд прызнаў Р. вінаватай у здзяйсненні завалодання маёмасцю шляхам падману (махлярства). Ёй прызначана пакаранне ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам на год з утрыманнем у даход дзяржавы 10% заробку штомесяц. Камп’ютар, якім Р. карысталася падчас сваёй незаконнай дзейнасці, канфіскаваны.

Як складзецца далейшы, у тым ліку і прафесійны, шлях Р., пакажа час. Пакуль жа мы можам толькі спадзявацца, што ўрок ёю засвоены, а для нашых чытачоў гэты выпадак стане перасцярогай.

Предыдущая статья

Залётные «москвичи» из Минска

Следующая статья

Премия за любовь

Вам также может понравиться

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *