Фальклор не толькі для бабуль! Таццяна КУРАТНІК пра беларускі фальклор і яго карыснасць

128 просмотров

Няма на свеце чалавека, якому б не падабаліся народныя казкі, песні і танцы, у якіх можна знайсці ўсё – бліскучы гумар, найцікавейшы сюжэт і глыбокі сэнс. І, напэўна, самае галоўнае, што прыцягвае ў іх сучаснага чалавека, – водар глыбокай старажытнасці. У нашым раёне захаваліся некаторыя старажытныя традыцыі, якія з’яўляюцца цудоўным матэрыялам для вывучэння фальклорнай спадчыны нашай мясцовасці.

Каб больш паглыбіцца ў гэтую тэму, сустрэлася з чалавекам, які цікавіцца фальклорам Камянеччыны, студэнткай Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі – Таццянай КУРАТНІК, ураджэнкай Дзмітровічаў.
– Калі ў тваім жыцці з’я­віў­ся фальклор?
– З ім пазнаёмілася яшчэ ў дзяцінстве, калі слухала казкі ад матулі і бабулі. Бачыла, як падчас Калядаў людзі пераапраналіся, рабілі “зорку” і здзяйснялі абходы па вёсцы, каб віншаваць усіх са святам. Памятаю, як моладзь варажыла на Каляды, на Вадо­хрышча, як на Купалле палілі кастры, пускалі вяночкі, шукалі папараць-кветку. Больш падрабязна фальклор я вывучала ў Брэсцкім музычным каледжы. А ў акадэміі музыкі выбрала сваёй спецыялізацыяй менавіта фалькларыстыку.
– Чаму звярнулася да фальклору менавіта Камянецкага раёна?
– Гэта было так… Студэнты кафедраў музыказнаўства і кампазіцыі кожны год выязджаюць у фальклорную экспедыцыю ў які-небудзь раён Беларусі. Калі мы з нашым кі­раўніком (дацэнтам кафедры беларускай музыкі) думалі наконт чарговай, я прапанавала наш раён. Шукаючы інфармацыю па ім, зразумела, што гэта тэрыторыя мала даследаваная. Такім чынам, летам 2017 года была здзейснена фальклорная экспедыцыя па нашым раёне.
– Як яна праходзіла і якія галоўныя мэты ставілі?
– Экспедыцыя працягвалася амаль месяц, першую палову якога працавала адна змена, а астатнюю – другая. Я была ўдзельніцай першай, усе студэнты якой дзяліліся на групы па 2-3 чалавекі, і яны, чаргуючыся прыкладна праз дзень-другі, разам з кіраўнікамі адпраўляліся ў дарогу. Запіс праходзіў як інтэрв’ю, кіраўнік задаваў пытанні, а жыхары розных мясцовасцей – канкрэтныя лю­дзі, з якімі загадзя было дамоўлена аб сустрэчы, – адказвалі на іх. Увесь працэс запісваўся на відэа- і аўдыяносьбіты. Галоўнай мэтай было вылучэнне асаблівасцей абрадаў, песенных традыцый, характэрных менавіта для гэтага раёна.
– У якім стане абрадавыя традыцыі Камянеччыны?
– Гэта складанае пытанне, та­му што на дадзены момант яшчэ не валодаю ўсім сабраным матэрыялам. Ён у працэсе рэдагавання. Але можна сказаць, што сітуацыя вельмі неадназначная. Вялікая колькасць жыхароў або не памятае, як было раней, або гаворыць, што ў іх многія абрады, пра якія мы пыталіся, ўвогуле ніколі не праводзіліся.
– Якія абрады былі характэрныя для нашага краю?
– Трэба адзначыць, што існуюць каляндарна-абрадавая спадчына і сямейна-абрадавая. З першай на тэрыторыі Камянеччыны вылучым Калядны абрад, які ў некаторых вёсках існуе і сёння (сярод моладзі), Масленіца, Вялікдзень, Юр’я, Сёмуха і дастаткова багата прадстаўленае Жніво. Астатнія абрады праводзіліся адзінкава, у асобных вёсках. А сярод сямейна-абрадавага цыклу вылучаюць радзіны, хрысціны, вясельны абрад і пахавальны. Нам неаднойчы вельмі падрабязна расказвалі пра вясельны. На тэрыторыі Камянеччыны ён праводзіўся асабліва святочна, меў некалькі ступеняў падрыхтоўкі, гулялі некалькі дзён, вялікая роля адводзілася музыкам.
– Якія музычныя інструменты выкарыстоўваліся тады?
– Асабіста я сустрэла гармо­нік, самаробны бубен на металічнай аснове; расказвалі, што раней былі самаробныя скрыпкі і цымбалы.
– Ці шмат песенных узораў зафіксавана вамі?
– У кожнай вёсцы колькасць запісаных песень была розная. Здаралася, што апавядальніца ўвогуле не спявала, а часам спявачка магла прадэманстраваць некалькі варыянтаў адной песні.
– У чым адметнасць нашых народных спеваў?
– У манеры выканання. У кожнага чалавека свае асаблівасці голасу (тэмбр, гучнасць, дынаміка), вымаўлення. Народныя спевакі ў асноўным не прытрымліваюцца нейкіх прафе­сійных правілаў. Для іх на першым плане змест песні і перадача эмоцый у працэсе выканання. Музыка вуснай традыцыі, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, адрозніваецца варыянтнасцю выканання. Та­кім чынам адна і тая ж, на першы погляд, песня на самой справе мае мноства варыянтаў у вуснах розных спявачак. Так, могуць вар’іравацца тэкст, напеў, асобныя інтанацыі і тэмп. Як правіла, усе гэтыя песні выконваліся без інструментальнага суправаджэння. Гэта таксама ўплывала на характар спеваў і манеру выканання.
– Дзе можна азнаёміцца з запісаным у экспедыцыі матэрыялам?
– На жаль, запісы апрацоўваюцца дастаткова доўгі час. Часам нават некалькі гадоў.
– Ці тэма фальклору важная для моладзі? Ці павінна яна ведаць народныя традыцыі?
– На жаль, большасць моладзі зу­сім нічога не ведае пра свае карані, традыцыі і фальклор наогул. Для многіх апошні – гэта як “бабулі спяваюць”, але бабулі таксама былі маладымі! І галоўным чынам абрадавыя традыцыі таго часу трымаліся на моладзі. І чаму б моладзі не пацікавіцца, чым у маладосці займаліся іх продкі, як святкавалі, у якія гульні гулялі, як спявалі? На самой справе гэта вельмі цікава і даволі карысна.
– Вялікі дзякуй! Поспехаў вам і дасягнення мэтаў!

Юлія ЗАЙЧЫК,
удзельніца аб’яднання
па інтарэсах “Прэс-цэнтр” ЦДАДіМ Каменца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *