Крымінал

Не ўсім гуманізацыя крымінальнага заканадаўства ідзе на карысць. Аб гэтым сведчаць ніжэй прыведзеныя факты, калі не ўзятыя пад варту зламыснікі ўчынілі новыя злачынствы, тым самым пагоршыўшы свой “імідж” перад законам.

Па слізкай сцяжынцы ў 17 год…

Гэты юнак з Камянюкаў, які толькі сёлета дасягне паўналецця, ужо “вызначыўся” нядобрымі справамі, за якія давядзецца адказваць перад законам. Так, у перыяд з 25 па 27 чэрвеня ён у родным сяле ў адным з дамоў украў гітару, палатку, гамак, электраінструменты – усяго на 1 млн. 720 тыс. рублёў. Здавалася б, пасля не надта прыемных гутарак з супрацоўнікамі міліцыі і следства варта задумацца. Але хлопец, відаць, не збіраўся каяцца. Бо 20 ліпеня, калі ехаў на “папутцы” ад Чарнаўчыц да Брэста, украў у маладога вадзіцеля партманэ з дакументамі, 122 доларамі і 7 украінскімі грыўнамі. Цяпер сваё паўналецце камянюцкі шукальнік “лёгкага хлеба”, пэўна, сустрэне пад наглядам.

Абакралі… сельсавет

У ноч на 23 ліпеня крадзеж адбыўся ў будынку Войскага сельскага Савета: зламыснікі, выставіўшы аконнае шкло, вынеслі камп’ютарную тэхніку, факсы, пыласос. Па падазрэнні ва ўчыненні гэтага крадзяжу затрыманы двое раней неаднаразова асуджаных жыхароў Войскай. Адзін з іх ужо даў прызнальныя паказанні. Дарэчы, 25 ліпеня аднаго з падзельнікаў па крадзяжы з будынка Савета суд раёна асудзіў за іншы крадзеж да пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 года ў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. А ў час адсідкі, відавочна, давядзецца чакаць новага пасяджэння суда…

Дзе цяпер “Хонда”?

Ноччу 7 ліпеня з новабудоўлі ў пас. Белавежскі знікла вібрапіла “Хонда”, коштам у 8 млн. 920 тыс. рублёў. Вартаўнікі нікога не заўважылі, а саму пілу будаўнікі нават не занеслі на ноч у будынак – пакінулі каля ўзводзімага аб’екта. Калі хто мае інфармацыю пра гэты крадзеж або ведае аб продажы вібрапілы ці карыстанні ёю, калі ласка, паведаміце аб гэтым следчым у Каменец на 2-18-02 ці дзяжурнаму райаддзела міліцыі па тэл. 2-50-36 (кругласутачна).

Юрый КРЭМЕЗ,

намеснік начальніка райаддзела

Следчага камітэта.

1 thought on “Крымінал

  1. Хлопец с Каменюк ещё толком не рассказал про кражи денег у людей в Каменюках и Приозёрском… Некоторые … «помогают» молчать об этом, даже когда он хочет рассказать.

Добавить комментарий