Чаргі не стала: радавацца ці засмучацца?

IMG_1604Запаслівыя гаспадары не раз зведалі на сабе нервознасць перадзімовага чакання: калі ж прывязуць торфабрыкет, як нарыхтаваць дроў? Цяпер з гэтым – ніякіх праблем. У райпалівазбыце рады кожнаму кліенту, бо цяпер у дзень выпадае ў сярэднім два-тры рэйсы. Не больш. Прычыны? Першая – дадатная – прыродны газ прыйшоў у сельскую мясцовасць, другая – апошнія зімы даволі мяккія, трэцяя – невялічкія вёскі амаль абязлюдзелі ды і на зіму пажылых бацькоў дзеці забіраюць у горад…

Паводле даных райпалівазбыту, на ўліку сёння 5435 домаўладанняў, дзе маюць патрэбу ў цвёрдым паліве. Сёлета ж звярнуліся па яго толькі 1070 чалавек. Калі за сем месяцаў 2012 года было рэалізавана 6,5 тыс. тон торфабрыкету і 1,3 тыс. м3 – дроў, дык сёлета 2,4 тыс. тон і 1,75 тыс. м3 адпаведна.

Цяпер – аб кошце. Рознічная фіксаваная цана (з улікам дзяржаўнай датацыі) 1 тоны торфабрыкету – 226 тыс. 800 руб. (свабодная – 796 тыс.); 1 м3 дроў – 74 тыс. 100 руб. (210 тыс.) Вызначаныя нормы, на якія распаўсюджваецца датацыя дзяржавы, – 3 тоны торфабрыкету, або 4,9 м3 дроў, або 2,4 тоны брыкету плюс 1,5 м3 дроў. Важная заўвага: гаспадары домаўладанняў, што карыстаюцца прыродным газам і маюць цвёрдапаліўныя катлы, занесеныя ў тэхпашпарт дома, могуць таксама набыць паліва па льготным кошце.

Дастаўка паліва для аднаго домаўладання , скажам, на адлегласць 20 км ад Каменца абыходзіцца гаспадару ў 1 млн. 397 тыс.рублёў, калі IMG_1611гэта пасечаныя дровы, і ў 902 тыс. 500 руб., калі ён заказаў торфабрыкет. У гэты кошт закладзены і транспартныя, і пагрузачныя выдаткі.

У райпалівазбыце, дзе працуюць 18 чалавек і які з’яўляецца адным з падраздзяленняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, – пяць адзінак транспарту. Ён не прастойвае, заняты на іншых пільных работах. У разгары нарыхтоўка мясцовых відаў паліва для гарадскіх і сельскіх кацельняў.

* * *

Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія, паводле спецыяльных дазволаў, аказваюць лясгасам паслугі па лесанарыхтоўках, таксама рэалізуюць дровы насельніцтву. Як удакладніла ў аднаго з “іпэшнікаў”, пры дастаўцы 5 м3 пасечаных дроў, напрыклад, жыхару высокаўскай зоны яны абыдуцца ў 1 млн. 950 тыс. рублёў, з улікам усіх спадарожных выдаткаў. Канкурэнцыя на “дрывяным” рынку – на карысць кліентам.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий