Нелегальны падарожнік

путешественник_новый размерПаў-Еўропы пабачыў гэты 55-гадовы мужчына, аднак, нелега­льна: ён без пэўнага месца жыхарства, асоба без грамадзянства і без дакументаў. Але ж не з іншай планеты трапіў ён на Зямлю… Вядома месца яго нараджэння: горад Ташкент; пэўны час жыў у Сочы, дзе меў пашпарт. Пяць гадоў Аляксандр З. жыў у шлюбе, пасля разводу ў яго было яшчэ дзве жанчыны, без рэгістрацыі шлюбу. І цяпер у Сочы чакае каханка… І праца была – у гадавальніку дэкаратыўных раслін. Нелегальным падарожнікам з краіны ў краіну стаў, як сцвярджае Аляксандр, пасля распаду Саюза: з-за таго, што міліцыя ў яго забрала пашпарт, ён стаў асобай без грамадзянства.
Увогуле, такое тлумачэнне наў­рад ці апраўдвае дзеянні гэтага гора-падарожніка, а выклікае новыя пытанні: чаму не звярнуўся ў міліцыю, каб вярнулі пашпарт, не аднавілі (у аддзеле па грамадзянстве і міграцыі заўжды застаюцца пярвічныя дакументы, па якіх можна вырабіць новы пашпарт). Чаму не звя­рнуўся па дапамогу да сваякоў? Замест гэтага накіраваўся ў пошуках лёгкага жыцця…у Германію, куды трапіў нелегальна ў маі 2007 года, дзе папрасіў прыстанішча. Два гады пражыў там, атрымліваючы 320 еўра ў месяц як бежанец. Аднак, не маючы грамадзянства, працаўладкавацца там немагчыма. Давялося вяртацца ў Расію. Зноў жа нелегальна, дакладней сказаць, шляхам падману – па анкетных даных свайго сябра Янава. У Сочы жыў да жніўня 2009 года. Быў час, каб зрабіць спробу вярнуць сабе грамадзянства. Ды не – без дакументаў зноў рашыўся на авантуру: паехаў у Беларусь, каб затым праз Польшчу дабрацца да Германіі. Не выйшла – беларускія пагра­нічнікі вярнулі, а за парушэнне ахвотнік да перамены месцаў быў прыцягнуты да адмі­ністрацыйнай адказнасці. Аляксандру было растлумачана, што на пяць гадоў яму забараняецца ўезд у нашу краіну, на гэты конт выдалі адпаведны дакумент. Давялося вярнуцца ў Сочы. Цудоўны курортны горад, але дарагі – каб жыць там, трэба працаваць. У красавіку 2010-га наш “герой” зноў апынуўся… у Германіі (дабраўся па­сля пераходу ўкраінскай мя­жы). Не будзем падрабязна апі­сваць усе яго падарожжы па Заходняй Еўропе: праз тры месяцы на тры тыдні выязджаў у Італію, затым праз Аўстрыю – у Славакію: даводзілася вяртацца ў Расію. Але ўкраінскія пагранічнікі затрымалі перабежчыка, вярнулі ў Славакію, дзе яго восем месяцаў трымалі ў ізалятары. Выпусцілі ў красавіку 2011-га, так і не вызначыў­шы грамадзянства затрыманага: маўляў, каб праз месяц пакінуў нашу тэрыторыю. На гэты раз быў больш асцярожным на ўкраінскай мяжы – пешшу прайшоў праз Карпаты, дабраўся да Ужгарада. А там з перасад­камі, на электрычках, – здавалася б, на Радзіму. Ды не! “Я вырашыў зноў выехаць у Германію, таму што без дакументаў у Сочы не мог уладкавацца на працу, і мне не было на што жыць…” – запісана тлумачэнне Аляксандра ў пратаколе апытання прадстаўніком пагра­нічнай службы Рэспублікі Беларусь 30 красавіка 2013 года. Вы, пэўна, здагадаліся, што наш вандроўнік зноў вырашыў дабірацца на нямецкую зямлю праз Беларусь і Польшчу. Не выйшла!
І вось гэты нелегальны падарожнік – на лаве падсудных су­да нашага раёна. Сваю віну прызнаў цалкам, раскаяўся. Так, ведаў аб забароне на ўезд у Беларусь. Але, маўляў, ніхто не сказаў, што будзе за парушэнне, думаў – невялікі штраф. А тут – крымінальная адказнасць. Расказаў, як начаваў у холадзе ў запаведным лесе, як шукалі яго пагранічнікі. Вядома, з аднаго боку, і шкада, што ў чалавека такое неўладкаванае жы­ццё. Але суд не можа кіравацца эмоцыямі. Урэшце, узні­кае і рэзоннае пытанне: чаму мужчына з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і, як ён сам заявіў на судзе, не лянівы, наўмысна ід­зе на парушэнне закона? “Я чужы ў Сочы, там мог бы легальна жыць, працаваць і ажа­ніцца, каб у мяне былі дакументы…” – заявіў суду. Але ж паведаміў і аб тым, што ў Германіі, у лясной схованцы, на ўсялякі выпадак закапаў у зямлю пасведчанне бежанца, крыху грошай… Высветлілася, што ў Расіі гэты былы грамадзянін СССР не быў бязгрэшным: двойчы яго судзілі за захоўванне наркотыкаў. Прызнаўся ў судзе, што некаторы час (з дазволу жонкі!) двойчы на тыдзень пакурваў марыхуану. Аднак, да канкрэтнай судовай справы нашага раёна гэта дачынення не мае.
Суд 9 кастрычніка г.г., улічыў­шы змякчаючыя абставіны (раскаянне ў садзеяным, прызнанне сваё віны) і адсутнасць аб­ставін, абцяжарваючых адказнасць, згодна з арт.371-2 Кры­мінальнага кодэкса РБ (“Пару­шэнне тэрміну забароны ўезду ў Рэспубліку Беларусь“) прыгаварыў Аляксандра З. да пакарання – утрымання пад вартай тэрмінам на пяць месяцаў. Залічаны падсуднаму і час, які ён знаходзіўся пад вартай з 11 лі­пеня па 8 кастрычніка г.г., так што засталося адбыць каля двух месяцаў. Праўда, няма ўпэўненасці ў тым, што і пасля гэтага Аляксандр, маючы ўжо пэўныя даведкі, сапраўды будзе дабівацца расійскага грамадзянства, а ў іншыя краіны, калі захоча, паедзе толькі легальна.
Аксана ШКЕЛЬ,
суддзя суда раёна;
Георгій ПАРАФЯНЮК, карэспандэнт “Навін”.

Добавить комментарий