“Міс Вясна-2015”

Изображение 62227 сакавіка ў Камянецкім ГДК сямёра чароўных дзяўчат – камянчанкі Вольга Рэй, Святлана Казлова і Аліна Неўдах, Таццяна Ятчук з Дзмітровічаў, Наталля Леанавец з Доўбізна, Таццяна Табольчык з Пагранічнай і Ірына Карэцкая з Войскай – выйшлі на сцэну залы, каб пазмагацца за прывабны, ледзь не каралеўскі тытул, вынесены ў загаловак, раённага конкурсу прыгажосці.

Кампетэнтнаму журы, што складалася выключна з мужчын і якое ўзначальваў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Віктар Грыцук, давялося ой як няпроста! Удзельніцы вызначаліся і прыгажосцю, і актыўнай жыццёвай пазіцыяй, і талентам.

Конкурс пачаўся, вядома ж, з самапрэзентацыі. Свае “візіткі” дзяўчаты аздобілі відэаматэрыяламі, фатаграфіямі, вершамі, песнямі… Знаёмства адбылося, кожны з гледачоў вырашыў, за каго будзе “хварэць”… А вось групам падтрымкі ўдзельніц вызначацца з гэтым не было патрэбы (яны падрыхтаваліся загадзя). Прынамсі, старацца была прычына – напрыканцы свята планавалася выбраць лепшую групу.

Другі конкурс, на мой погляд, быў самы цікавы. Падчас яго дзяўчаты дэманстравалі свае таленты. Вольга Рэй задорна танцавала ў пары з сяброўкай, Святлана Казлова падрыхтавала сюжэт, прысвечаны 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, а яшчэ – танец пад знакамітую песню Мэры Попінс у атачэнні дзяўчынак у карнавальных касцюмах, Таццяна Ятчук выканала ў дуэце песню на нямецкай мове, Аліна Неўдах надзвычай пранікнёна прачытала верш і сыграла на піяніна, Наталля Леанавец спявала па-беларуску, Таццяна Табольчык чытала ўласны верш, прысвечаны матулі, а Ірына Карэцкая паказала прыёмы каратэ і нават прайшлася басанож па шкле.

Пасля прыйшоў час дамашняга задання. Удзельніцы павінны былі падрыхтаваць сачыненне на адну з дзвюх тэм: “Што для мяне БРСМ?”, “Калі б я была першым сакратаром райкама БРСМ, то…” Думаецца, іх выступленні варта было слухаць з блакнотам. Шмат цікавых ідэй прапанавалі крэатыўныя дзяўчаты, што з’яўляюцца актывісткамі гэтага грамадскага аб’яднання.

Далей прэтэндэнткам на тытул “Міс Вясна” была прапанавана магчымасць бліснуць сваімі кулінарнымі ўменнямі і пачаставаць журы любімай стравай. Усе ўдзельніцы атрымалі максімальныя балы. Прычым, была спакуса накінуць дадатковы бал той, якая не толькі прыгатавала страву ў выглядзе караблікаў, але і прымацавала да яе пасланне.

Не абышлося і без дэфіле, традыцыйнага для кожнага конкурсу прыгажосці…

У перапынку выступалі артысты ГДК: ансамбль сучаснага танца “Тандэм”, Вольга Самасюк, Ганна Мартысюк і Максім Нікіцюк, а таксама навучэнцы Высокаўскага каледжа Дзяніс Божамой і Ілья Дутаў.

Усе ўдзельніцы атрымалі свае тытул, стужку і падарунак (у кожнай намінацыі былі свае спонсары). “Міс Зачараванне” стала Вольга Рэй, “Міс Талент” – Таццяна Ятчук, “Міс Фантазія” – Наталля Леанавец (яна, дарэчы, атрымала яшчэ і дадатковы падарунак з нагоды дня нараджэння, які адсвяткавала 26 сакавіка), “Міс Элегантнасць” – Таццяна Табольчык, “Міс БРСМ” – Ірына Карэцкая. Стужку “Віцэ-міс Вясна” заваявала Аліна Неўдах, а жаданы тытул “Міс Вясна-2015” і карону атрымала Святлана Казлова.

Сваё, асобнае, галасаванне два тыдні ішло на старонцы райкама БРСМ у групе ВКонтакте. Яго пераможцай, чыя фатаграфія набрала найбольш “лайкаў”, стала Аліна Неўдах. А лепшай групай падтрымкі прызнана тая, што “належала” Святлане Казловай (яе маленькія фанаткі нікога не пакінулі раўнадушным).

Арганізатарамі раённага конкурсу прыгажосці былі калектыў ГДК і райкам ГА “БРСМ”. Свята не адбылося б без актыўнага ўдзелу спонсараў. Гэта – кампаніі Faberlik і Oriflame, касметычны кабінет “Міледзі”, кветкавы павільён Таццяны Думінскай, ПГВУП “Нікітоша”, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, Брэсцкі абласны і раённы камітэты ГА “БРСМ”, раённае аб’яднанне прафсаюзаў работнікаў АПК, райаддзелы па надзвычайных сітуацыях, унутраных спраў і Следчага камітэта.

Настасся НАРЭЙКА.

На здымку ўверсе (злева направа): Вольга Рэй, Аліна Неўдах, Таццяна Ятчук, Святлана Казлова, Наталля Леанавец, Ірына Карэцкая і Таццяна Табольчык.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий