Колькі каштуе адсутнасць рэспіратара?

респираторГэтую грамадзянскую справу суд раёна разгледзеў сёлета 16 чэрвеня. Сутнасць яе такая: іск ААТ “Усход-Каменец” прад’явіў былы жывёлавод гаспадаркі – за парушэнне працоўнага заканадаўства з боку наймальніка.

Ісцец у заяве ўказаў, што апошні раз яму быў прадоўжаны кантракт з 12 красавіка мінулага па 11 красавіка гэтага года. Сёлета 11 красавіка кантракт быў скасаваны ў сувязі з заканчэннем тэрміну яго дзеяння. Ісцец з такой фармуліроўкай не згодны, ён звярнуўся да адказчыка з патрабаваннем звольніць яго з 10 красавіка гг. паводле арт.41 ч.1 Працоўнага кодэкса РБ – у сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы і ў сувязі з няшчасным выпадкам на вытворчасці. А здарылася гэта сёлета 22 студзеня. Алег Р. у час мыцця цыстэрны атруціўся парай салянай кіслаты, бо не быў забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы, у прыватнасці, рэспіратарам. Выконваў жа ён работу па загаду загадчыка фермы ў Воўчыне. У выніку атручэння 24 студзеня Алег быў шпіталізаваны ў рэанімацыйнае аддзяленне раённай бальніцы, а 27 студзеня яго перавялі ў тэрапеўтычнае. Пазней, у сувязі з пагаршэннем здароўя, з 4 па 11 сакавіка знаходзіўся на лячэнні ў Высокаўскай бальніцы. Пасля атручэння не мог прыступіць да працы, бо адчуваў сябе дрэнна і па стане здароўя вымушаны быў напісаць заяву аб прадастаўленні водпуску без захавання заработнай платы.

Суд уважліва вывучыў матэрыялы справы, выслухаў абодва бакі і прыйшоў да высновы, што іск павінен быць задаволены. Сапраўды, тэрміновы працоўны дагавор падлягае скасаванню па патрабаванні работніка ў выпадку яго хваробы ці інваліднасці, з-за чаго немагчыма выконваць працу (арт.41), г. зн. з прычыны парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы. Пералік абавязкаў наймальніка па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы на кожным рабочым месцы ў судовай справе заняў больш за адну старонку. Колькі аб гэтым гаворыцца на розных вытворчых семінарах, нарадах! Нагадаю толькі адну вытрымку з Правілаў па ахове працы ў жывёлагадоўлі, дзе сказана, што работы ў калодзежах, цыстэрнах, ёмістасцях выконваюцца паводле нарада-допуска, наймальнік павінен забяспечыць працуючых спецадзеннем і абуткам, іншымі сродкамі індывідуальнай аховы ў адпаведнасці з відам работ; чыстка і мыццё ёмістасцей павінны, як правіла, праводзіцца без знаходжання ўнутры іх людзей, пры выкананні гэтых работ уручную прымаюцца меры па вентыляцыі ёмістасці чыстым паветрам.

Далей – аб прыгатаванні мыючых і дэзінфіцыруючых раствораў: пры гэтым неабходна карыстацца сродкамі індывідуальнай аховы: рэспіратарамі ці ватна-марлевымі павязкамі, ахоўнымі акулярамі, гумавымі пальчаткамі і ботамі… Аб прамыўцы ёмістасцей сказана асобна: гэта работа павінна выконвацца спосабамі, якія выключаюць знаходжанне ўнутры людзей (шчоткамі з падоўжанымі ручкамі, распыляльнікамі).

Згодна з п.36 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы”, вытворчыя працэсы павінны адпавядаць патрабаванням аховы працы. Як жа гэтыя патрабаванні выконваліся ў дадзеным выпадку ў ААТ “Усход-Каменец”? 22 студзеня па распараджэнні загадчыка малочнатаварнай фермы ў Воўчыне Алег Р. праводзіў прамыўку халадзільнай устаноўкі (танка-ахаладжальніка) уручную, з дапамогай малочнай помпы, таму што аўтаматычны рэжым не працаваў, дабаўляў у ёмістасць ваду і кіслату, аб чым распарадзіўся загадчык фермы Віктар Б. Дарэчы, у судзе ён заявіў, што работніку ў якасці сродкаў індывідуальнай аховы павінны выдавацца толькі… процівагазы. Няўжо ён не знаёмы з п.10 адпаведнай Інструкцыі, дзе пералічана, што для такіх работ неабходна выдаваць: ахоўныя акуляры, рэспіратар, гумавыя пальчаткі, боты і адпаведныя касцюмы для аховы ад хімікатаў? Кантроль за правядзеннем работы таксама не быў забяспечаны. Тым не менш, у судзе прадстаўнік адказчыка з настойлівасцю, вартай лепшага прымянення, сцвярджаў, што ў няшчасным выпадку вінаваты не толькі загадчык фермы, які не выканаў свае абавязкі, але і сам пацярпелы, бо ён не паклапаціўся аб асабістай бяспецы, сваім здароўі і прыступіў да мыцця ёмістасці без сродкаў індывідуальнай аховы, пры гэтым не прыняў меры для выдалення з ёмістасці ядавітых рэчываў. А яшчэ, маўляў, Алег няправільна разводзіў шчолачны раствор, у склад якога ўваходзіць кіслата.

Затым прадстаўнік гаспадаркі змяніў свае паказанні, патлумачыў, што ў ААТ увогуле не прымяняюцца якія-небудзь кіслоты для прамывання ёмістасцей… Маўляў, і дакладна невядома, з якім дыягназам знаходзіўся на лячэнні ісцец… У абвяржэнне сваіх жа довадаў прадстаўнік адказчыка прадставіў суду звесткі аб сродках, якімі прамывалася цыстэрна: а іменна CircoSuper SFM (у склад гэтага рэчыва ўваходзяць фосфарная і азотная кіслоты), шчолачны вадкі сродак для мыцця і дэзінфекцыі, які ўтрымлівае актыўны хлор. Дыягназ захворвання істца быў дакладна ўстаноўлены ўрачом: інгаляцыйнае атручэнне парай салянай кіслаты, сярэдняй ступені цяжкасці, гіперхалестэрынемія.

Такім чынам, судом быў устаноўлены факт парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, што пацвярджаецца актам №1 ад 7 мая гг. аб няшчасным выпадку на вытворчасці.

Суд вырашыў: абавязаць ААТ “Усход-Каменец” змяніць фармуліроўку звальнення Алега Р. з п.2 арт.35 Працоўнага кодэкса РБ на ч.1 арт.41; утрымаць з гаспадаркі на карысць істца кампенсацыю ў памеры трох сярэднямесячных заработных плат (13 290 300 рублёў), выхадную дапамогу ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заробку (1 640 800 рублёў), грашовую кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 15 млн. рублёў, а ўсяго 29 млн. 931 тыс.100 рублёў. Гэтае рашэнне пакуль нельга лічыць канчатковым, паколькі адказчык не згодны з іскам, рашэнне можа быць абскарджана на працягу 10 дзён з дня яго вынясення.

Аднак, спадзяемся, што гэтая грамадзянская справа стане ўрокам не толькі кіраўніцтву ААТ “Усход-Каменец”, але і другім гаспадарнікам. Як-ніяк, лепш вучыцца на чужых памылках. Тыя ж рэспіратары, у залежнасці ад іх прызначэння, – рознай мадыфікацыі, але на іх, як і на спецадзенне, – не завоблачныя цэны. Адсутнасць жа сродкаў аховы можа абярнуцца бядой. Кантроль за захаваннем правілаў бяспекі на вытворчасці ўвогуле не патрабуе ніякіх дадатковых выдаткаў: адпаведныя службовыя асобы за тое і зарплату атрымліваюць, каб яго ажыццяўлялі штодзённа. І не забывалі, што жыццё і здароўе чалавека – бясцэнны дар.

Аксана ШКЕЛЬ, суддзя суда раёна;

Георгій ПАРАФЯНЮК, карэспандэнт “Навін”.

Добавить комментарий