Жанчына. Маці. Доктар

OLYMPUS DIGITAL CAMERAКожная з дзяўчат у пэўным узросце прыходзіць на першы прыём да ўрача-гінеколага. Пачынаюцца перажыванні, якія знікаюць пасля знаёмства з самім урачом. Раней не задумвалася пра тое, што менавіта гэты ўрач прысутнічае пры самай важнай падзеі ў жыцці жанчыны – нараджэнні дзіцяці. Менавіта ён першым бачыць яго. Таму важна для кожнай з нас давяраць яму. Зусім нядаўна пабывала і сама ў ролі пацыента, змагла бліжэй пазнаёміцца з доктарам ад Бога, майстрам сваёй справы, акушэрам-гінеколагам – Ірынай Іванаўнай Былінскай.

Пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага інстытута, інтэрнатуры ў Баранавічах у 1981 годзе яна па размеркаванні трапіла ў Каменец. Да гэтага ў 1972-м скончыла медвучылішча з чырвоным дыпломам і два гады пра­цавала медсястрой у Гродне ў клінічнай бальніцы. Паводле яе слоў, з падлеткавага ўзросту вызначылася з будучай прафесіяй. Сёлета будзе 34 гады, як яна загадвае радзільным аддзяленнем раённай бальніцы.

– З чаго пачыналіся працоўныя дні маладога спецыяліста і хто быў настаўнікам?

– Калі ва ўзросце 27-мі гадоў прыйшла на працу, заўсёды магла звярнуцца па дапамогу да Яўгеніі Барысаўны Райскай, побач са мной знаходзілася нямала другіх добрых настаўнікаў. І няхай прайшло нямала гадоў, я іх не забыла і ўсё жыццё ім ўдзячная: акушэркам Зоі Пятроўне Ярмак, Ірыне Аляксееўне Багдановіч, Таццяне Георгіеўне Лісоўчык і многім іншым, хто дапамагаў маладому ўрачу. У той час выклікалі на роды доктара, калі штосьці не так, а калі ўсё добра, – роды прымалі дасведчаныя акушэркі. У іх вучылася на працягу многіх гадоў, прайшоў час, прыйшла моладзь, і цяпер я ўжо ў ролі педагога.

– Першыя роды, якія прымалі, запомніліся?

– Ужо не помню. Гэта цяпер у нас іх 180-200 у год. А ў той час прымалі па 500-600, шмат было розных выпадкаў: крывацёкі, цяжкія роды, пазаматачная цяжарнасць, таму першыя, напэўна, і не запомніла.

– А калі яны здараюцца ў выхадныя дні?

– У нас з Валянцінай Вітальеўнай Майсюк ёсць ургентныя дзяжурствы, і як толькі парадзіха паступае «на парог», тут жа дыспетчар тэлефануе ўрачу і па яго прыязджаюць. Роды ў нашым аддзяленні без доктара ніколі не праходзяць, пры гэтым яшчэ прысутнічаюць дзіцячы ўрач і рэўматолаг.

– А калі знаходзіцеся ў адпачынку…

– Калі мы ў водпуску, то нас не выклікаюць. Доктар, які застаўся, працуе тут адзін увесь месяц.

– Ці былі выпадкі адмовы ад нованароджаных за вашу практыку?

– Былі, і неаднаразова. Менавіта з нашай радзільні, памятаю, чатырох дзяцей забралі ў другія сем’і. Праз час сустрэла адну з такіх мам, якая не магла нарадавацца сваім дзіцем. Шкада, але выпадкі адмовы ад дзяцей не рэдкасць; радуе, што за апошнія пяць гадоў у нас ад нованароджаных ніхто не адмаўляўся.

– Ці заўважаеце, што дае вынік дзяржаўная падтрымка шматдзетных сем’яў?

– Так. Ёсць нямала жанчын, якія нараджаюць трэцяе, чацвёртае дзіця. У наш час у маладых сем’­ях і пяцёра, і сямёра, таму трое дзяцей зараз не рэдкасць.

– У якім узросце цяпер нараджаюць найчасцей?

– Ёсць і юныя, ва ўзросце 18 гадоў, і старэйшыя жанчыны, якім ужо за 35.

– Як на ўсё хапае сіл, падзяліцеся сакрэтам.

– Праца ў мяне нялёгкая, але я яе люблю, гэта пастаянны адрэналін, таму і выбрала акушэрства-гінекалогію, пастаянны рух, перамены. У аддзяленні ёсць усё неабходнае дародавае і пасляродавае абсталяванне. У дастатковай колькасці бялізны, пялюшак, лекаў. Па цотных днях я на прыёме, па няцотных – у аддзяленні, і яшчэ ў мяне адзін раз у тыдзень выязныя кансультацыі на раёне, і гэта ніколі мне не надакучыць, проста я гэтым жыву.

– Можа, хто з вашых дзяцей вырашыў пайсці па слядах маці?

– Дачка Вольга – акушэр-гінеколаг, яна ў Саудаўскай Аравіі, сын – інжынер-праграміст. Пляменніца збіраецца быць гінеколагам, родная сястра – урач-педыятр. Мой муж – урач. Вось такая сям’я.

– Вашы пажаданні будучым мамам…

– Усім жанчынам жадаю здароўя, паспяховых родаў і ўсмешак дзяцей. Бо няма лепшага паклікання на зямлі, чым быць мамай. І каб дзеці былі здаровыя.

Кацярына СКРОЦКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий