Аўтасэрвіс: што выбіраем?

двигатель_новый размерВарта напомніць, што з 1 лістапада пачалі дзейнічаць прэзідэнцкі ўказ №432 “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў ва Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 2008 года №43” (аб легалізацыі  аказання паслуг аўтасэрвісу ў гаражных кааператывах і ўзмацненні мер адказнасці за незаконную дзейнасць у гэтай сферы) і пастанова Савета Міністраў РБ №944, якая зацвердзіла Палажэнне аб парадку аказання паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце транспартных сродкаў у майстэрнях, размешчаных на тэрыторыі гаражных кааператываў.

Такім чынам, гаражныя майстры атрымалі магчымасць легальна аказваць свае паслугі, карыстацца дзяржаўнай абаронай і не баяцца праследавання. Тым не менш, большасць з іх не спяшаюцца выходзіць на шлях закона. Прычына – у высокіх патрабаваннях, якія прад’яўляюцца да такіх аб’ектаў тэхабслугоўвання. У чым заключаюцца гэтыя патрабаванні?

Працэдура легалізацыі па новых правілах

Уладальнік гаража, які вырашыў аказваць паслугі станцыі тэхабслугоўвання (СТА), павінен зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка (ІП). Для гэтага трэба прыйсці ў аддзел эканомікі райвыканкама з заявай. Тут патлумачаць, што і як зрабіць. Затым – падаць заяву старшыні гаражнага кааператыву, атрымаць згоду агульнага сходу на выкарыстанне гаража пад майстэрню. У адпаведнасці з санітарнымі нормамі ў такой майстэрні трэба ўладкаваць пад’язныя шляхі, правесці асвятленне і сігналізацыю, а таксама абсталяваць агароджаную пляцоўку для адходаў. Калі ўладальнік жадае займацца зварачнымі і фарбавальнымі работамі, яму трэба таксама ўладкаваць зварачны пост і фарбавальную камеру. Дадаткова зарэгістраваць усе выкарыстоўваемыя інструменты. Акрамя таго, гаражны механік павінен атрымаць сертыфікат на від работ, які коштуе грошай. А калі ўлічыць, што працуе “майстар на ўсе рукі”, атрыманне сертыфікатаў на кожнае з уменняў выльецца ў немалую суму, якую ІП не заўсёды можа заплаціць. Ён таксама павінен быць гатовы плаціць адзіны падатак, афармляць заказы і выдаваць касавыя чэкі, весці папярэдні запіс, размяшчаць у гаражы не больш за адзін транспартны сродак. Паслугі аказваць пры захаванні правілаў тэхнікі бяспекі, аховы працы, санітарна-гігіенічных, супрацьпажарных і экалагічных патрабаванняў нарматыўных прававых актаў. Дарэчы, забараняецца рамантаваць аўтамабілі агульнай масай больш за 3,5 тоны, загароджваць тэрыторыю перад майстэрняй, тым самым ствараць праблемы для праезду іншым членам гаражнага кааператыву. Самымі простымі са спісу неабходных фармальнасцей, бадай, можна назваць атрыманне неабходнага дазволу гаражнага кааператыву ды ўзгадненне рэжыму работы майстэрні з мясцовай уладай.

У нашым раёне створаны 6 гаражных спажывецкіх кааператываў – “Гараж”, “Матор” і “Жыклер” у Каменцы, “Пасат-2” у Высокім, “Лісток” у Белавежскім і “Моцныя вароты” у Прыазёрскім. Змены ў статуты кааператываў па дазволе на паслугі аўтасэрвісу ў гаражах ўнеслі два іх кіраўнікі. На прывядзенне статутаў у адпаведнасць з новымі патрабаваннямі адводзіцца ўсяго паўгода.

Якасць паслуг і цэнавы фактар

На думку экспертаў, у бліжэйшыя тры-пяць гадоў, калі ўлічыць ва ўласнасці грамадзян вялікую колькасць аўтамабіляў старэй за 8-10 гадоў, захаваецца попыт на так званыя малафарматныя майстэрні. Гэта той самы папулярны “шэры” бізнес, які раней спрабавалі забараніць, а цяпер рашылі легалізаваць. І прыняцце прэзідэнцкага ўказа больш чым своечасовае. Бо многія аўтаўладальнікі не могуць сабе дазволіць выкласці немалыя грошы на рамонт і абслугоўванне аўто ў афіцыйных сертыфікаваных СТА, дзе ёсць і спецыялісты шырокага профілю, і абсталяванне належнае. Таму звяртаюцца да майстроў, у якіх цэны значна ніжэй. А ці заўсёды гэта апраўдана? Жаданне аўтаўладальніка сэканоміць за кошт гаражнага рамонту і набыцця невядома якіх запчатак прыводзіць часам да яшчэ большых затрат. Такой думкі, у прыватнасці, прытрымліваюцца спецыялісты аўтацэнтраў, якім даводзіцца выпраўляць агрэхі ценявых рамонтнікаў.

У нашым раёне, па інфармацыі дзяржаўтаінспекцыі, зарэгістравана на юрыдычных і фізічных асоб больш за 23 тысячы адзінак транспарту, з іх ва ўласнасці грамадзян налічваецца звыш 20-і тысяч, адных легкавых машын больш за 12 тысяч, грузавых – амаль 4 тысячы. Усе яны, рана ці позна, патрабуюць рамонту. Як паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, паслугамі шынамантажу (у асноўным, гэтыя работы вядуцца вясною і восенню) заняты 2 індывідуальныя прадпрымальнікі ў Высокім, у Каменцы – прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы на вул.8 Сакавіка, 1 Мая, Чкалава і пункт “Шынамантаж” раённага спажывецкага таварыства; паслугі па рамонце аўтатранспарту ў раёне аказваюць прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы “КомплексАўта”, “Каменец-Сэрвіс” і “КаменецАўта” у райцэнтры, ААТ “Высокае-сэрвіс” і ТАА “АўтаЦэнтрВысокае”, прычым, у апошнім працуе дыягнастычная станцыя па тэхнічным аблугоўванні легкавых машын і транспарту грузападымальнасцю да 3,5 тоны. Няцяжка падлічыць, што ў сярэднім больш за 2 тысячы толькі легкавых аўто прыпадае на адзін аб’ект легальнага сэрвісу. Вядома, з такой колькасцю тэхнікі ім не справіцца, у кожнага – свае кліенты і чэргі. Таму і звяртаюцца ўладальнікі аўто да ўмельцаў-адзіночак, якія ў сваіх гаражах робяць тое, што афіцыйныя СТА не паспяваюць, а то і зусім не бяруцца рамантаваць. Бо нават у іх не ўсе віды работ сертыфікаваны. Адным яго прадстаўнікам выдадзены сертыфікаты на рамонт электраабсталявання, другім – на рамонт падвескі, трэцім – на кузаўныя работы… Як заўважыў адзін знаёмы майстар, ёсць такія рамонтнікі, якія ўмела “шыфруюцца”. Скажам, як адмовіць знаёмаму аўтааматару, які просіць адрэгуляваць карбюратар, адрамантаваць стартар, генератар, рухавік… Але ў таго ж знаёмага аўтамабіліста на руках пасля выкананага рамонту не застаецца ніякіх дакументаў. Як у такіх выпадках зноў з-за той самай паломкі адстаяць свае правы? “Нелегал” ні за што не адказвае і нічога не гарантуе.

Таму, няма сумнення, прыняцце адпаведнага прэзідэнцкага ўказа больш чым своечасовае. Зарэгістраваўшы свой аўтасэрвіс, гаражныя майстры змогуць папярэдне прымаць заяўкі ад кліентаў, рэкламаваць сваю дзейнасць, прадастаўляць гарантыі спажыўцам паслуг, тым самым апошнія ахвотней будуць звяртацца ў гаражы-майстэрні. Вось плюсы легальнага сэрвісу.

Але аргументаў супраць таксама дастаткова. Як заўважыў той самы знаёмы майстар, стымулююць ценевы бізнес у нейкай ступені высокія цэны фірменнага аўтасэрвісу.. Хоць у ім і абсталяванне для рамонту лепшае, і кваліфікацыя работнікаў вышэйшая, і кантроль якасці больш жорсткі, заўсёды знойдзецца дарадчык, які парэкамендуе ўладальніку аўто майстра, у якога такая паслуга значна танней.

І ўсё ж, зазначу, размова ідзе не проста аб рамонце, а аб гарантыі бяспекі на дарозе. Яна заўсёды каштуе даражэй. Возьмем прыклад. Урач выпісвае вам лекі. Вы ж не будзеце купляць іх заменнік танней, бо разумееце, што на кон пастаўлена здароўе, а, магчыма, і жыццё. Так і тут. Разважаючы, куды накіравацца рамантаваць свайго “жалезнага каня”, папярэдне ўсё ўзважце: ці тое выбралі?

Як адзначылі спецыялісты аддзела эканомікі райвыканкома, зараз вядзецца растлумачальная работа па указу №432, праблемы легалізацыі па новых правілах, вядома, адразу не рашаюцца…

Сапраўды, прагнозы рабіць рана. Але наўрад ці ў хуткім часе прыйдуць майстры-гаражнікі ў райвыканкам за атрыманнем статуса прадпрымальніка…

Вера ІВАНЮКОВІЧ.

Добавить комментарий