Алена МІКУЛЬЧЫК: “Лепшай кухні за беларускую няма!”

Неад’емнай часткай культуры народа з’яўляецца нацыянальная кухня. Разам з ім яна перажывае часы росквіту і прыходзіць у заняпад. Калі б у мяне запыталі, колькі я ведаю нацыянальных страў, то больш за 7-10 і не назаву. На жаль, але ж гэта так. І ўпэўнены, што частка чытачоў таксама не вельмі добра ведае нацыянальную кухню. Аднак, менавіта беларуская нацыянальная кухня (старадаўняя беларуская кухня), як гавораць эксперты, з’яўляецца здаровай і, што яшчэ цікавей, утрымлівае ў сабе сістэму здаровага харчавання. Беларуская кухня павольна, але ж упэўнена пачынае з’яўляцца ў разнастайных рэстаранах, а ў вялікіх гарадах нават адкрываць спецыялізаваныя рэстараны. Менавіта там падаюць стравы, якія былі папулярныя ў XV, XVI, XVII стагоддзях…

Screenshot_6 Screenshot_7
Праект па адраджэнні нацыянальных кулінарных традыцый арганізуе эксперт беларускай кухні, член суполкі кухараў і аўтар шэрагу кулінарных кніг Алена Мікульчык. Адна з чарговых экспедыцый у межах праекта адбылася ў вёсцы Кашчэнікі, а менавіта, у аграсядзібе “Валерыя”.
Пачалося свята беларускай кухні з сустрэчы Алены. Хлеб ды соль, песні, зычлівыя словы – усё як трэба. Ну і, канечне ж, пасля шчырага прывітання госцю запрасілі за стол. Чаго толькі ні было на ім: каўбаса і дамашні сыр, марынаваныя грыбы, наліснікі, клёцкі, запечаны кавалак мяса… Не хопіць пальцаў на абедзьвюх руках, как пералічыць усе стравы.
– Я падарожнічаю па Беларусі, па розных рэгіёнах, і збіраю рэ­цэпты, размаўляю з жыхарамі, распытваю, што і як гатавалі іх бабулі, а цяпер і яны самі. Потым усё, што запісала (рэцэпты), асвойваю на ўласнай кухні і выкладваю на сваім сайце, каб лю­дзі маглі ўсё гэта паспытаць. І паступова, а я ў гэтым упэўнена, нацыянальная кухня зноў вернецца на стол беларуса, – распавядае Алена Мікульчык.
А пакуль Алена ўспамінала свае экспедыцыі, на стале з’явілася бульба і пачалася дэгустацыя прысмакаў, прыгатаваных не то­лькі гаспадыняй сядзібы Наталляй, але і яе памочніцамі, жанчынамі з вёсак Пагранічная і Пясчатка.
– У 2014 годзе я прадстаўляла беларускую кухню ў Парыжы, у рэстаране ўзроўню Мішлена (Мішленаўскія зоркі пры­свойваюцца рэстаранам высокага ўзроўню – рэд.). Гэта быў першы выпадак на постсавецкай прасторы, калі нацыянальную кухню прадстаўлялі на такім узроўні. Адна са страў, якую я гатавала, была ўзята з аналагічнай экспедыцыі ў Кобрынскі раён. Яна называлася тукмачы. І што вы думаеце? Французам вельмі спадабалася. Я аб’ездзіла шмат краін і працавала ў розных гарадах, але ж магу сказаць, што лепшай за беларускую кухні няма!

Screenshot_8
Другі і трэці дні экспедыцыі прайшлі не менш цікава. Для гаспадынь аграсядзіб Камянеччыны праведзены майстар-клас па прыгатаванні і афармленні беларускіх страў. А на падворку тым часам Міхаіл Герасімук з Белавежскага, мяснік-самавучка, разбіраў баранчыка. Пасля таго, як гэты працэс завяршыўся, пачаўся майстар-клас па запяканні нагі барана, вэнджанні каўбасы і сала.
Са слоў Алены, рэцэптаў нацыянальных страў з бараніны менш, чым са свініны, але ў беларускіх вёсках ёсць бабулі, якія яшчэ памятаюць, як гатавалі іх бацькі.
– Беларускіх страў з бараніны насамрэч шмат. Не трэба думаць, што гэта нейкая экзотыка. Напрыклад, сёння мы гатуем яйкі барана ва ўласным соку, яго ж ногі па-старалітоўску і тушаную бараніну з агароднінай. У цэлым беларускай кухні не ўласцівае запяканне. Таму думка, што наша нацыянальная ежа вельмі тлустая, – гэта хлусня. Нічога такога: беларуская кухня больш дыетычная, чым руская, украінская і польская. На беларускай кухні можна нават худзець, – упэўнена Алена.
У апошні дзень вандроўкі Алена наведала Пясчатку, а менавіта, Ніну Сацук, якая расказала пра сакрэты выпякання каравая.
На працягу 3 дзён гасцявала Алена Мікульчык на Камянеччыне, а сабраныя тут рэцэпты ўвойдуць у чарговую кулінарную кнігу. І, можа, на самай справе праз некаторы час кожны другі рэстаран будзе працаваць з нацыянальнымі стравамі, а на нашых сталах зноў з’явяцца крывянка і тукмачы.

Дзяніс ТРАЦЮК.
Фота аўтара і Аліны КАСЕЛЬ

Добавить комментарий