“DeLaval” у Абяроўшчыне

Малочнатаварная ферма ў Абяроўшчыне знаходзілася ў раённым пераліку фермаў, якія падлягалі рэканструкцыі на працягу бягучага года.

Раней тут быў адзін звычайны кароўнік на 220 галоў, і пасля рэарганізацыі СВК “Савецкая Беларусь” ў аддзяленне “Расна” ААТ “Белавежскі” ферма з’яўлялася самай праблемнай у гаспадарцы.

Рэканструкцыю распачалі з двух жывёлагадоўчых корпусаў, у адным з якіх утрымліваліся на той момант каля 400 галоў. У другім (у гэтым памяшканні ў савецкія часы знаходзілася эмбрыянальная станцыя па развядзенні парод буйной рагатай жывёлы) будаўнічыя брыгады “Белавежскага” прыступілі да працы ўжо ў студзені гэтага года. Адначасова было распачата добраўпарадкаванне тэрыторыі. 23 жніўня адбылося адкрыццё 1-й фермы, а праз месяц – 2-й.

Комплекс-ферма “Абяроўшчына” – гэта 1-я ферма, якая ўключае ў сябе 2 кароўнікі, 2 будынкі сухастою першага і другога перыяду і склад для грубых кармоў, і 2-я ферма – 2 кароўнікі дойнага статка і 2 будынкі, дзе знаходзяцца цялушкі пад асемяненне. Акрамя таго, ёсць па-сучаснаму абсталяваныя прыбудоўкі для цялят – клеткі-домікі, дзе малыя знаходзяцца да таго моманту, пакуль іх вага не складзе 50 кілаграмаў.

Калі не заходзіць у сярэдзіну будынкаў, здаецца, што на абедзвюх фермах працуюць па аднолькавых тэхналогіях. Але гэта не так. На першай рагулі знаходзяцца на беспрывязным утрыманні, а даільны блок аснашчаны беларускім традыцыйным даільным абсталяваннем “Елачка”. Тут – 305 галоў буйной рагатай жывёлы. На другой жа – прывязное ўтрыманне. Даенне адбываецца па нестандартнай праграме: на так званай столі знаходзяцца рэйкі, па якіх аператары машыннага даення падвозяць шведскую даільную ўстаноўку “DeLaval” і ўладкоўваюць яе паміж дзвюма каровамі. Пасля ўсіх санітарных мерапрыемстваў у камп’ютар уводзіцца вушны нумар рагулі. Толькі пасля гэтага пачынаецца даенне, і апарат паказвае колькасць надоенага малака. У залежнасці ад надою становіцца вядома, колькі корму дастанецца кожнай з рагуль. Раздачай канцэнтратаў з бункера займаецца кормавагон, які аснашчаны спецыяльнай камп’ютарнай праграмай той жа фірмы, што і даільная ўстаноўка. Новае абсталяванне з’яўляецца вялікім гонарам усіх працаўнікоў комплексу, бо яно – адзінае ў краіне. На гэтай ферме – 340 кароў.

Кожны корпус (а іх 2) 1-й фермы раздзелены на 4 секцыі: 7 секцый для здаровых кароў, а 1 для тых, якія знаходзяцца на лячэнні. Апошнія рагулі не маюць магчымасці выходзіць у выгульныя дворыкі.

На фермах – 100-працэнтна механізаванае кармленне.

Шыя кожнай рагулі аснашчана электронным ашыйнікам, які кругласутачна напрамую звязаны з “мазгавым” цэнтрам фермы – камп’ютарам. Такім чынам у спецыялістаў ёсць магчымасць правяраць актыўнасць кароў. 70% паказанняў пасля праверкі супадаюць з рэальнасцю.

Побач з корпусамі фермаў пабудаваны 4 сіласныя ямы. Утрыманне жывёлы ў Абяроўшчыне круглагадовае стойлавае, таму і запасы кармоў павінны быць значнымі…

Тыя стойлавыя месцы, якія прымяняліся на працягу 15-20 гадоў і прыйшлі з мінулага стагоддзя, ужо не адпавядаюць сучасным стандартам, памерам жывёл. Эксплуатацыя старога абсталявання можа негатыўна адбівацца на якасці малака і стане самой рагулі. Таму ў кожнай каровы ёсць асабістае сучаснае стойлавае месца…

Вось у такіх умовах аказаліся каровы пасля рэканструкцыі. Таму ніхто не здзівіўся, што цяпер 68% малака на ферме класа “экстра” (на момант далучэння да “Белавежскага” на ферме такога малака не рэалізавалі ніводнага літра). Як лічаць працаўнікі фермаў, толькі дзякуючы таму, што быў наведзены элементарны парадак і створаны нармальныя ўмовы для ўтрымання жывёлы, а таксама для работы людзей, тут дасягнулі такіх вынікаў…

Кабінеты спецыялістаў, душавыя кабіны, пакой адпачынку і многае іншае знайшло сваё месца ў асобным адміністрацыйным будынку, вакол якога развялі прыгожы агародчык. Добраўпарадкавалі ўсю тэрыторыю фермы. Вакол ляжыць асфальт і стаіць новая ажурная агароджа.

Заняты на комплексе больш за 30 чалавек, 9 з якіх – аператары машыннага даення (6 – асноўныя, 3 – падменныя).

Акрамя пералічанага, плануецца на тэрыторыі комплексу адкрыць раённую школу для аператараў машыннага даення, дзе будуць паказаны на практыцы працэсы даення рознымі спосабамі і ўстаноўкамі. Такім чынам, тлумачэнне будзе праходзіць не “на пальцах”.

Сёлета калектыў комплексу-фермы “Абяроўшчына” ўзнагароджаны Дыпломам пераможцы абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК за лепшую работу па стварэнні спрыяльных умоў працы і вытворчага быту.

Наталля ГРЫЦУК.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий