“У родны край ехаць радасна…”

29 жніўня Ірына Кулеша наведала Камянецкую спецыялізаваную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерву «Пушча».

Бронзавая медалістка Алімпійскіх гульняў прымала віншаванні ад  старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэя Пісарыка, які пажадаў спартсменцы яшчэ больш высокіх дасягненняў на наступнай Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра. Ад імя спартсменаў раёна Ірыну віншаваў таксама Алег Кірылюк, дырэктар СДЮШАР “Пушча”. Даведаўшыся, што чэмпіёнка яшчэ некаторы час будзе на малой радзіме – у Абяроўшчыне, ён запрасіў яе на «Дажынкі». Ірына прыняла запрашэнне. Дарэчы, спартсменка прыехала не з пустымі рукамі ў край бацькоў. Яна падарыла для “Пушчы” сертыфікат на 50 млн. рублёў, якія пойдуць на набыццё спартыўнага інвентара.

– Я рада, што змагла ўславіць родную Камянеччыну, – адказала  Ірына на віншаванні. – Таму і выбар на карысць Камянецкай СДЮШАР таксама невыпадковы, і мне асабліва прыемны.

Кожны з прысутных хацеў выказаць Ірыне словы гонару і пажаданні новых дасягненняў і перамог. Прызёрка дазволіла патрымаць у руках сапраўдную алімпійскую бронзу.

Мне таксама пашчасціла гутарыць з Ірынай. І, насуперак усім маім чаканням, нягледзячы на свой зорны і заслужаны трыумф, яна аказалася звычайнай сціплай дзяўчынай.

– Ірына, якія планы на бліжэйшую будучыню?

– Перш за ўсё – адпачынак. Зараз вельмі шмат сустрэч і запрашэнняў. Стараюся не адмаўляць, але пасля Алімпіяды гэта вельмі стамляе.  Таму  хачу адпачыць. Разам з трэнерам плануем 9 верасня паехаць у Ільічэўск, Адэсу, а пасля гэтага, пэўна, у кастрычніку, з нацыянальнай зборнай таксама адправіцца ў водпуск. Але яшчэ не вызначыліся з маршрутам.

– Як Вам далася перамога? І якімі былі першыя пачуцці?

– Многае прыйшлося пераадолець за гэты перыяд – чатыры гады ад Пекінскай алімпіяды. Была інтэнсіўная, напружаная падрыхтоўка – і псіхалагічная, і фізічная. Вядома, калі выходзіш на спаборніцтвы, на памост, там не задумваешся аб сваіх эмоцыях, не думаеш ні аб чым. Проста трымаеш сябе ў руках, настройваешся толькі на тое, каб падняць вагу. Але калі ўжо сапраўды ведаеш, што заваяваў медаль… Гэтае пачуццё эйфарыі немагчыма апісаць словамі. Радасць – фантанам, бо намаганні прынеслі плён. І гонар, і пачуццё выкананага доўгу – усё пераплятаецца ў адно.

– Вам усе жадаюць срэбных і залатых медалёў. А Вы самі на якія вынікі настроены?

– Пакуль не хачу аб гэтым думаць.  Я многа гадоў у спорце, і калі пасля спаборніцтваў прайшло зусім мала часу,  аб планах гаварыць рана. Арганізм таксама не жалезны. Таму зараз атрымліваю асалоду ад перамогі.

– Калі былі ў Лондане, мелі час пагуляць, паглядзець славутасці?

– Да спаборніцтваў, вядома, не. Але пасля выступлення менавіта ў нашым відзе спорту мы ўсёй камандай сабраліся разам. Многага не ўбачылі, таму што трэба ехаць за горад. Лондан – вялікі. А часу на ўсё ў нас не было.  Але ў самых наведваемых месцах былі: Біг-Бэн – гадзіннікавая вежа Вестмінстэрскага палаца, знакамітае Кола агляду, Таўэрскі мост…  У Лондане шмат музеяў і паркаў. Нам пашчасціла пабываць ў музеі васковых фігур Мадам Цюсо…

– Вас запрасілі на Дажынкі. Прыедзеце?

– Вядома!  У родны край заўсёды прыемна прыязджаць!

– Дзякую за гутарку і добрага Вам адпачынку!

Анастасія ЯНКІНА.

Фота Міколы ШУМА.

Добавить комментарий