“Увага, узрост!” –

спецыяльныя комплексныя мерапрыемствы пад такой назвай праходзілі з 22 па 29 кастрычніка. Іх мэта – знізіць колькасць супрацьпраўных дзеянняў да пажылых людзей.

Сёлета на Брэстчыне назіраецца рост злачыннасці ў адносінах састарэлых (з пачатку года на 22%), у нашым раёне – у паўтара раза. Найбольш злачынстваў учынена на тэрыторыях Ратайчыцкага, Відамлянскага, Войскага сельсаветаў і ў Высокім. Часцей за ўсё гэта крадзяжы маёмасці з жылля і падсобных памяшканняў (89%): грошай, металалому, прадуктаў харчавання, веласіпедаў, хатняй жыўнасці. На жаль, нярэдка старэнькія становяцца ахвярамі злачынцаў з-за сваёй даверлівасці і няўважлівасці. А нячыстыя на руку прайдзісветы па-ранейшаму абдурваюць пажылых, прадставіўшыся сацыяльнымі работнікамі, спецыялістамі розных службаў. Вось таму нядаўні прыклад. У вёсцы Задвор’е Відамлянскага сельсавета 22 кастрычніка трое неўстаноўленых грамадзян (з іх – дзве жанчыны) завалодалі 800 тыс. рублёў, што належалі 82-гадовай жыхарцы гэтай вёскі. На гэты раз махляркі абяцалі садзеянне ў атрыманні тэхнічнага пашпарта на жылы дом. Падазроныя ў крадзяжы прыязджалі на аўтамабілі ВАЗ 2101 аранжавага колеру.

Яшчэ раз звяртаюся да жыхароў раёна: будзьце асцярожнымі, абачлівымі, не давярайце незнаёмцам, не пускайце іх у свае хаты. Запішыце тэлефоны работнікаў свайго сельскага Савета дэпутатаў, участковага міліцыянера, пазваніце ім, калі да вас завітаюць падазроныя асобы. Невыпадкова ж кажуць, што беражонага і Бог беражэ. Калі ж вы заўважылі пагрозу, факты насілля ў адносінах пажылых людзей, незаконны гандаль спіртаўтрымліваючай вадкасцю, неадкладна звярніцеся па тэл. 2-50-36, 2-12-02 ці 102 да дзяжурнага райаддзела міліцыі (кругласутачна). Вы можаце нават не называць сябе, ананімнасць гарантуецца. Галоўнае – выратаваць чалавека ад бяды.

Валерый БУКАЧ, старшы інспектар прафілактыкі райаддзела міліцыі.

Добавить комментарий