“Млынок” і “Тры калодзежы”

Той восеньскі дзень выдаўся на рэдкасць сонечным і цёплым. Пасля начнога дажджу дыхалася лёгка і прыемна. Па шчаслівым супадзенні менавіта ў такі пагодлівы дзень ініцыятыўная група па ўстойлівым развіцці Відамлянскага сельсавета здзейсніла свой першы веласіпедны паход па маляўнічых месцах поймы ракі Лясная, ціхіх дарогах і сцежках у ваколіцах свайго аграгарадка.

Апрабіраваны “зялёны” маршрут удаўся. Група энтузіястаў, якую аб’яднала старшыня Відамлянскага сельскага Савета дэпутатаў Марына Каралюк, была вясёлай, дружнай і, у асноўным, жаночай. Каманду “ўпрыгожылі” двое маладых нямецкіх турыстаў, якія далучыліся да групы разам з гаспадаром сядзібы “Млынок”, дзе яны ў той час адпачывалі. Госці з Германіі любаваліся нашай прыродай і ў поўнай меры адчулі на сабе гасціннасць гаспадыні аграсядзібы “Тры калодзежы” Наталлі Раманюк і яе сям’і. Гэтая сядзіба ўдала ўпісалася ў маршрут, і ёсць надзея, што яна ў будучым будзе запатрабавана велатурыстамі.

Праведзены маршрут рэалізаваны як адно з мерапрыемстваў праекта “Умацаванне грамадскага ўзаемадзеяння для ўстойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў Беларусі”, які ажыццяўляецца інфармацыйна-асветніцкай установай “Новая Еўразія”. У межах праекта на базе Відамлянскага сельсавета створаны інфармацыйны цэнтр па ўстойлівым развіцці, у задачу якога ўваходзіць таксама папулярызацыя экалагічнага турызму. На агульную думку ўдзельнікаў паходу, гэтае пачынанне неабходна развіваць, уцягваючы ў карысную форму адпачынку новых удзельнікаў.

Георгій грыбаў, каардынатар інфацэнтра Відамлянскага сельсавета, член ініцыятыўнай групы.

Добавить комментарий