“Машына часу” ад гандлю

Калектыў раённага спажыўтаварыства ў дзень Дажынак “перанясе” нас у XIII стагоддзе – пачатак эпохі Вялікага княства Літоўскага, калі была ўзведзена Камянецкая вежа.

– Напружаная падрыхтоўка ідзе да надыходзячага свята – закупілі тканіну, шыем касцюмы, збіраем старадаўнія рэчы, распрацоўваем старажытнае меню – усё для таго, каб вытрымаць стыль Сярэднявечча, – дзеліцца задумкамі дырэктар філіяла “Розніцагандаль” Наталля Мацюхевіч.

Каля магазіна «Белавежскі» размесцяцца асноўныя гандлёвыя “кропкі” – шацёр-трапезная «У Алексы», дзе будуць гатаваць стравы для наведвальнікаў, у карчме «Ля Белай вежы» можна будзе пачаставацца піцай, лаўка «Піраговая» і жарэшня «Хутарок» прапануюць стравы Высокага Сярэднявечча. У меню будуць карп «Вяльможны», ікра «Заморская», поліўка «Грыбная», мяса па-купецку, гарбузок, “Курачка пана”, парася на ражне і многае іншае. Частавацца гэтым можна будзе па звычайнай цане — гандлёвая надбаўка не перавысіць 20 адсоткаў, а нацэнка грамхарчу – не больш за 50.

Падчас Дажынак на выязных “кропках” плануюцца рэкламныя мерапрыемствы: дэгустацыі, выставы-продажы прадуктаў. Мяркуецца прадастаўленне платных паслуг — фота на фоне дэкарацый XIII стагоддзя з удзельнікамі імпрэзы. Выступіць танцавальна-музычны калектыў з гістарычным рэпертуарам.

Рэстаран і кафэ будуць працаваць на абслугоўванні дэлегацый і гасцей.

У дзень Дажынак Камянецкім спажыўтаварыствам будзе створана амаль пяцьсот пасадачных месцаў пад адкрытым небам. Не абыдзецца і без прыемных сюрпрызаў. Якіх? Даведаецеся.

Дар’я ДЗЯМЯНКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий