“Крайняя хата” ў Хваянаўцы

Праехаць міма гэтай сядзібы і не прыпыніцца немагчыма. Па ўсім бачна, што хата, якой нямала гадоў і якая ўсё яшчэ “хваліцца” пацямнелым ад часу пушчанскім брусам, атрымлівае другое дыханне. Палова вокнаў ужо заменена на новыя, над дахам – спадарожнікавая антэна, у двары – летні душ, а сеткавую агароджу можна было мацаваць прама да соснаў, што з трох бакоў шчыльна абступілі сядзібу Аляксандра Тукалы.

Гэта хата яго дзядулі. Доўгі час стаяла сіратою, было нават памкненне прадаць яе. А гады чатыры таму назад Аляксандр, які з сям’ёй жыве ў Брэсце ва ўласным доме, вырашыў паспытаць сябе ў агратурызме. Меў задумку ўзяць у банку мэтавы крэдыт, але калі даведаўся пра даволі складаную папяровую “завіруху”, прыняў рашэнне спадзявацца ў Хваянаўцы толькі на сябе (і на дапамогу сям’і).

Хоць справа рушыць не так хутка, але немаладая вясковая хата становіцца ўсё больш зручнай для жыцця: дабудавана прасторная веранда, замест старой рускай печы з’явілася маленькая, на два кружкі, пліта, а на месцы былой “коморы” будзе сучасны санвузел, у якім падлога з электрападагрэвам… Побач з хатай – недабудаваная лазня.

Жадаючым адпачыць у Хваянаўцы Аляксандр пакуль ветліва адмаўляе. Яго “Крайняя хата” – такую назву мае будучая агратурыстычная сядзіба – яшчэ не гатова да прыёму гасцей. Тым больш, што Аляксандр не любіць мітусні – робіць усё з толкам, без спешкі. Праводзіць тут амаль усе выхадныя.

Сасновы бор у блізкім суседстве – не толькі грыбныя і ягадныя мясціны, але і магчымасць мець побач з хатай паляну буякоў (голубики), якія любяць кіслую глебу. Амаль паўгектара зямлі маюць Тукалы і пад агародам. Новы трактарок там – добры памагаты. Не толькі сваёй бульбай забяспечана сям’я Аляксандра, але і свінінай. “Другі хлеб” ідзе на корм жывёле, якую ён умее гадаваць – пакуль што ў “гарадскім” хлеўчыку. Вясковыя карані не адпускаюць…

Прыроджаныя гаспадарлівасць і гасціннасць – пэўна, самае неабходнае для таго, каб быць прыстойным гаспадаром аграсядзібы. Тут гістарычныя вясковыя традыцыі пераплятаюцца з сучаснасцю. Гэты кактэйль і вабіць у пушчанскія сёлы гараджан. Людзі, якія час ад часу хочуць збегчы з мегаполісу ў глыбінку, вучацца адпачываць у вёсцы. Такую магчымасць неўзабаве прадаставіць і Аляксандр. У яго гэта атрымаецца, бо ўкладвае ў справу не толькі грошы, але і душу, і фантазію.

Галіна НОВІК.

Фота Міколы ШУМА.

1 thought on ““Крайняя хата” ў Хваянаўцы

  1. Молодец , Александр ! Вот такие простые работяги , а не административный ресурс поднимут с колен белорусскую деревню.Интересно, а чиновникам тоже надо для получения кредита собирать » мешок » документов?!

Добавить комментарий