“Кабы не было зимы… не топили б печки”

Зіма – цудоўная пара года. Але, на жаль,  з-за халатнасці некаторых грамадзян, яна ператвараецца ў сезон напружанай работы для работнікаў пажарнай службы.

З паніжэннем сярэднясутачнай тэмпературы на вуліцы расце колькасць пажараў у жылым сектары. Як паказвае шматгадовая практыка, прычынай іх у большасці выпадкаў з’яўляецца парушэнне правілаў бяспекі ацяпляльных сістэм, а таксама – электраправодкі. Асабліва актуальна гэта для жылых дамоў, якія будаваліся шмат гадоў таму. Электраправодка ў іх не разлічана на адначасовае падключэнне магутных электраспажыўцоў, часта спрацоўваюць аўтаматы аховы. Грамадзяне ідуць у такіх сітуацыях на парушэнні правілаў і нормаў бяспекі, самастойна мяняюць аўтаматы аховы, разлічаныя на больш магутны ток. Гэта непазбежна прыводзіць да нагрэву правадоў, аплаўлення ізаляцыі і замыкання электраправодкі з наступным узнікненнем пажару.

Таксама мала ўвагі ўдзяляецца печкам і ацяпляльным катлам. Каб не было з імі праблем, трэба загадзя прачысціць дымаходы і замазаць трэшчыны. Нельга прымяняць няспраўныя ацяпляльныя прыборы. Па нормах печкі і каміны павінны мець усталяваныя нормамі супрацьпажарныя пракладкі (адлегласць ад унутранай паверхні дымавой трубы да гаручых элементаў будынка). Таксама павінен быць перадтопачны ліст памерам 50х70 см з негаручага матэрыялу (без прагараў і пашкоджанняў). Устаноўка на дачах, а таксама ў прыватных дамах і іншых будынках металічных печак, якія не адпавядаюць патрабаванням пажарнай бяспекі, стандартам і тэхнічным умовам, не дапускаецца.

Пры эксплуатацыі печак і камінаў ЗАБАРАНЯЕЦЦА: пакідаць іх без нагляду, калі топяцца, а таксама даручаць нагляд малым дзецям; класці гаручыя матэрыялы на перадтопачны ліст; прымяняць для распальвання печак і камінаў бензін, газу, дызельнае паліва і іншыя вадкасці, якія лёгка запальваюцца і гараць; праводзіць у памяшканні сходы і іншыя масавыя мерапрыемствы; карыстацца вентыляцыйнымі і газавымі каналамі ў якасці дымаходаў; перапальваць іх.

І, самае галоўнае, не курыце і не выкарыстоўвайце адкрыты агонь у жылых пакоях. Памятайце – вакол вас гаручыя матэрыялы, якія могуць загарэцца.

Генадзь КОХНЕНКА, інспектар групы прапаганды і навучання райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Добавить комментарий