“Абердзінкі” ў “Відамлянскім”

Ферма мясной накіраванасці “Алешкавічы” пачала сваё існаванне ў маі 2008 года, калі сюды з Іванаўскага раёна былі завезены першыя 50 кароў пароды “абердзін-ангуская” чорная (ёсць яшчэ і чырвоная).

Абердзін-ангуская парода кароў была выведзена ў 19 стагоддзі ў Шатландыі, шляхам скрыжавання лепшых асобін чорных бязрогіх жывёлін з графстваў  Абердзін і Ангус. У 1878 годзе ў ЗША з’явіўся першы чыстапародны статак абердзінаў-ангусаў. Зараз гэту пароду буйной жывёлы разводзяць у Аўст­раліі, Новай Зеландыі, Аргенціне, Канадзе, Шатландыі, Расіі, Украіне. У Камянецкім раёне, акрамя “Відамлянскага”, развядзеннем гэтага віду кароў займаюцца яшчэ ў “Агра-Зарэччы” і “Агра-Турне”. Агульная колькасць – 555 галоў, з іх 372 – матачны статак.

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Відамлянскае” на сёння 268 галоў (разам з цялятамі). На пачатку развіцця мясной накіраванасці для асемянення выкарыстоўвалася семя, якое закуплялі на спецыяльнай станцыі, пазней набылі племянных быкоў (сёння іх у статку – два).

Сярэдняя вага бычкоў абердзін-ангускай пароды – каля 600-700 кілаграмаў (здатачная вага – 600). Маленькія цяляты ад нараджэння да 6-і месяцаў знаходзяцца на падсосе ў статку, а пасля бычкоў адпраўляюць на дарошчванне і адкорм на іншую ферму, цялушкі застаюцца ў матачным пагалоўі.

Малочнасць кароў-абердзінак нізкая, бо іх малаком харчуюцца не толькі іх уласныя «дзеці», але і тыя, хто проста знаходзіцца побач, што не дае мажлівасці даіць бязрогіх красунь.

Абердзін-ангускую пароду выкарыстоўваюць для скрыжавання з пародамі малочнага і камбінаванага тыпу прадуктыўнасці, каб атрымаць высакаякасныя мясныя помесі. І такіх у статку каля дзясятка (што цікава, не мае значэння колер поўсці звычайнай каровы – цялятка ўсё роўна народзіцца чорным).

Асаблівасць пароды заключаецца ў тым, што жывёлы могуць утрымлівацца толькі ў статку. Пакуль невядомыя факты, калі б каровы былі па адной-дзве ў гаспадароў на прыватным падворку.

Як паведаміў загадчык фермы ў Алешкавічах Мікалай Кавальчук, каровы гэтай пароды непераборлівыя: ядуць той корм, які ляжыць у кармушцы зімой (дарэчы, у дзень ідзе каля 70-і кілаграмаў), а летам – траву на пашы, што знаходзіцца побач. Тут матачны статак разам з цялятамі да позняй восені. У іх добрая акліматызацыя і марозатрываласць. Зімой, напрыклад, частка статка знаходзіцца пад так званым навесам, з усіх бакоў вентыліруемым. Галоўнае для іх сухі падсціл – вось гэта кароўкі па-сапраўднаму любяць.

Вялікі плюс пароды “абердзін-ангуская” чорная ў тым, што лёгка праходзіць ацёл (не без выключэнняў, безумоўна). Цяляткі нараджаюцца малаплоднымі, вагой каля 20-і кілаграмаў. Але вельмі хутка набіраюць масу. У шэсць месяцаў маладняк важыць ужо каля 150-180-і кілаграмаў.

Высока цэняцца абердзіны-ангусы з-за іх тонкавалакністага мяса з добрай мармуровасцю, якое мае далікатны смак і з’яўляецца далікатэсам.

На Брэсцкім мясакамбінаце, куды трапляюць бычкі мясной пароды пасля дарошчвання і адкорму, за тону іх мяса ў жніўні плацілі 54 мільёны 389 тысяч рублёў, а за тону мяса быкоў чорна-пярэстай пароды малочнага накірунку – 44 мільёны 685 тысяч. Калі ўбачыш розніцу амаль у дзесяць мільёнаў рублёў, зразумееш, чаму мармуровае мяса такое каштоўнае.

Хоць “мармуровыя” каровы ў ААТ “Відамлянскае” ўжо чатыры гады, але правільна даглядаць іх вучацца і цяпер. Вось, напрыклад, заатэхнік, які курыруе ферму мясной накіраванасці ў Алешкавічах, Аляксей Весялкоў, ня­даўна пабываў на курсах павышэння кваліфікацыі ў Жодзіна, дзе сабраліся спецыялісты з усёй рэспублікі, каб набыць навыкі догляду менавіта гэтай пароды жывёлы, а таксама падзяліцца вопытам працы.

Цяпер можна падвесці вынікі, чаму неабходна трымаць у гаспадарцы жывёл пароды “абердзін-ангуская” чорная: высокія адкормачныя якасці маладняку, максімальна высокая скараспеласць, добрая акліматызацыя і марозатрываласць, мажлівасць паспяховага скрыжавання, захаванне мясных вартасцей у патомства, выдатная якасць мяса, высокі мясны выхад з адной тушы (60%).

Вось такія яны – прыгожыя чорныя “рагулі”, якія даглядаюць не толькі сваіх цялят, але дапамагаюць у гэтай справе і сяброўкам. Чым не мацярынскі інстынкт?

Наталля ГРЫЦУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий