Працавітая, добрая, ініцыятыўная… Такімі словамі характарызуе Алену Канстанцінаўну Квасаву з Каменца старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БелТІЗ” Валянціна Кухарчук. Вось ужо 10 гадоў жанчына ў таварыстве інвалідаў па зроку, апошнія чатыры – член праўлення, вартая, каб пра яе напісалі ў газеце.
Перш чым увайсці ў вялікі цагляны дом Алены Канстанцінаўны, пастукала ў дзверы. Але яны нечакана адчыніліся самі.
– Заходзьце-заходзьце! Адкрыта! – пачуўся прыглушаны голас з пакоя. І насустрач няспешна выйшла жанчына. Сівыя валасы гладка зачэсаны назад, строгая сукенка, у акулярах (Алена Канстанцінаўна – інвалід другой групы па зроку). Размову пачалі з успамінаў.
Яна нарадзілася ў пасляваенным 47-ым у Дварцах. У сям’і была старэйшай з чацвярых дзяцей. Шмат дапамагала па гаспадарцы бацькам, ніколі не цуралася ніякай цяжкай работы. Скончыла 8 класаў беларускамоўнай вясковай школы, да 11-га – вучылася ў Каменцы. А пасля дзядзька забраў Алену да сябе ў Слуцк, што ў Мінскай вобласці. Там пачаліся яе працоўныя ўніверсітэты: работа на ткацкай фабрыцы матальшчыцай, ткачыхай. Там сустрэла сваё шчасце, выйшла замуж за працавітага хлопца, ён меў шафёрскую спецыяльнасць. Нарадзіліся дзеці: у 68-ым – дачка, у 71-ым – сын. Здавалася, толькі жыві і радуйся. Але бацькі прасілі вярнуцца дадому. І Квасавы зазбіраліся ў дарогу. З трохгадовай Святланай і паўгадавалым Сяргеем сям’я пераехала на малую радзіму Алены.
Муж уладкаваўся шафёрам ў аўтабазу. У Каменцы ўзялі ўчастак, пачалі будавацца. Жылі на прыватнай кватэры. А калі ў 1979 годзе давялі да ладу два пакоі, зрабілі печ, перабраліся ў свой дом. І няхай яшчэ ў ім не было падлогі, ежу гатавалі на керагазе, але паступова жыццё наладжвалася.
– 24 гады я адпрацавала ў Камянецкай аптэцы №16, – працягвае размову Алена Канстанцінаўна. – Была санітаркай, фасаўшчыцай. Старалася выконваць работу без заўваг, халаты мыла, крухмаліла, дзіркі зашывала… Загадчыца аптэкі на той час Ала Сцяпанаўна Зонава параіла: вучыся ў нашай Сімы Пугач, будзеш касірам. І я асвоіла азы гэтай прафесіі. Цяпер самі фармацэўты выбіваюць на касе квіткі на аплату лекаў. А ў той час як прыйшоў зранку на работу, – цэлы дзень ні хвілінкі расслаблення. І вялікую чаргу абслугоўвала спрытна і хутка, і зарплату выдавала….
Працоўныя поспехі і любоў да даручанай справы не маглі застацца незаўважанымі, аб чым сведчаць шматлікія граматы, падзякі, якія ўручала адміністрацыя медустановы Алене Канстанцінаўне. Яна была членам прафкама арганізацыі.
Крыху памаўчаўшы, быццам аналізуючы пражытае і перажытае, жанчына ўздыхнула і прамовіла:
– Лёс мяне не песціў. Бяда прыйшла нечакана – загінуў трагічна муж. 19 гадоў мінула ўжо. Яшчэ паспеў ацяпленне ў дом правесці… З той пары ў мяне рэзка пагоршыўся зрок.
Яна прыносіць з другога пакоя альбом з фатаграфіямі. Вось на здымках дачка з сяброўкамі, сын з жонкай, пляменнікі, унукі… Дзецьмі яна задаволена, ніколі бацькоў не ганьбілі. І цяпер радуюць. Толькі жывуць не разам: дачка з сям’ёй – у Столінскім раёне, сын – ажно на Урале, каля Екацерынбурга. У Алены Канстанцінаўны чацвёра ўнукаў: Ганна, Вера, Вольга і Аляксей. На іх яна ўскладае вялікія спадзяванні. Часта навяшчаюць даччына Ганначка і пляменнік (сын брата з Дварцоў). Таму бабуля не адчувае самоты.
Алена Канстанцінаўна любіць пакаёвыя кветкі. У яе іх шмат: на паліцах, століку, падлозе. Яна з імі размаўляе, лашчыць пяшчотнымі рукамі. А прыйдзе вясна – хутчэй на агарод, не хоча, каб зямля пустазеллем зарастала. Ніводнага зеллечка ў градках не заўважыш, у двары – чысціня і парадак, трава скошана.
– Сярпом жну, часам сусед дапаможа, а то і заяўку ў ТЦСАН дам – прыйдуць пакасіць, – зазначае жанчына. І крыўдуе на камунальнікаў, якія побач з яе сядзібай не абкошваюць тэрыторыю, што належыць гораду. Не па-гаспадарску гэта…
Мы размаўлялі доўга. Алена Канстанцінаўна аказалася добрым расказчыкам, спакойным субяседнікам. Успомніла, як любіла вышываць гладдзю, яе вырабы дэманстравалі на выставе ў Брэсце. А за першае месца ў конкурсе “Я самы рэабілітаваны”, які праводзіць абласное ўпраўленне БелТІЗ, і за трэцяе – у раённых спаборніцтвах па шашках сярод інвалідаў па зроку адзначана дыпломамі. Так, жанчына актыўна працуе ў раённай грамадскай арганізацыі БелТІЗ, у яе шмат сяброў, знаёмых. І сэрца не ведае стомы. Праўда, прызналася, па жыцці ісці часам нялёгка, але дапамагае чалавечая спагада. Нездарма ж кажуць, што дабрыня ў адносінах да людзей вяртаецца назад павялічанай у сто разоў.
Вера ІВАНЮКОВІЧ.
Фота аўтара.
Это может быть интересно:
-
На Каменетчине объявлен фотоконкурс «Мир! Труд! Май! С профсоюзом работай и отдыхай!»
-
Конкурс-выставка “Светлый праздник” прошла в Ходосовской базовой школе
-
РАСПИСАНИЕ БОГОСЛУЖЕНИЙ В ХРАМЕ ПРЕПОДОБНОГО СИМЕОНА СТОЛПНИКА Г.КАМЕНЦА 10-14 АПРЕЛЯ
-
«Насыпали земли и не убрали. Теперь ко мне во двор машиной не заехать и не выехать»
-
График плановых отключений электроэнергии в Каменецком районе