“Я такая як ёсць…”

14,8 х 21 обложка 1Маладая, але таленавітая Настасся Нарэйка падпісала і даслала мне ў якасці падарунка свой першы – дэбютны – зборнік паэзіі “Магдэбургскае права маёй душы”, які выйшаў у выдавецтве ААТ “Брэсцкая друкарня” накладам у 250 экземпляраў. З першых яго старонак адчуваецца дыханне славутай і дарагой даўніны роднага краю. І гэта прытым, што ў кнізе – паэзія, а не проза, а сам аўтар – маладая дзяўчына.

Добрыя словы пра Насцю як пра здольную, таленавітую асобу скажа не толькі кожны прыхільнік яе творчасці, але і кожны чытач, каму хоць калі-небудзь давялося прычыніцца да яе паэзіі, прозы ці журналісцкай працы (яна – адказны сакратар у «Навінах Камянеччыны»). А творы Нарэйкі, трэба прызнаць, даволі часта публікуюцца як на старонках берасцейскай перыёдыкі, так і ў рэспубліканскім друку. Як цікавая, самавітая паэтка выступае Настасся і ў калектыўных зборніках. Не забываюць пра паэтычны талент сваёй зямлячкі і на Маладзечыншчыне, адкуль Насця родам. Але самы галоўны ў яе жыцці здабытак, значнае дасягненне ў літаратуры – гэта, канечне, нядаўна выдадзены зборнік паэзіі.

За адзін толькі верш у ім “Ты адзіны мой, Богам дадзены…” Настасся Нарэйка заслугоўвае права не толькі быць у страі пісьменнікаў Беларусі, але і назаўсёды застацца ў літаратуры як верная дачка беларускага народа, дачка роднага краю. У вершы “Слова продкаў” аўтарка ад імя мінулых пакаленняў звяртаецца да сучаснікаў: “Не забудзьце і нас! Мы сышлі, але мы засталіся. Вашы сінія вочы і светлыя твары – ад нас…” Як кранальна і пранікнёна! Як па-роднаму ўзрушліва, прачула і нават балюча сказана! Да самага сэрца дастае… Якое тонкае і моцнае адчуванне повязі мінулых і цяперашніх пакаленняў! А паэт зусім малады. Ў верш жа пісала, мабыць, не сёння, а раней… Дык хіба ж гэта не творца, хіба ж не талент? Хіба ж не дар Божы ў маладой душы з імем Настасся?! Любоўю, шчырасцю, гарачымі пачуццямі поўніцца яе кніжачка. Трапнымі параўнаннямі, цікавымі вобразамі, удалымі метафарамі, незвычайнымі эпітэтамі іскрыць яе зборнік.

Упершыню муза наведала Насцю, калі ёй было ўсяго толькі дзесяць гадоў. І як добрая, крылатая чараўніца нашаптала яна тады дзяўчынцы верш “Мая Беларусь”. Затым клапатліва і прадбачліва скіравала чуйную душу Насці ў літаб’яднаннне “Узлёт”, якім кіравала паэтка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Таіса Трафімава.

Не менш пашанцавала Насці і з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Збег усіх гэтых акалічнасцей і паспрыяў ёй стаць той, якой яна стала, смела заявіць цяпер перад намі: “Я такая як ёсць…” Хачу ўдакладніць: здольная, таленавітая ёсць!

Надзея Парчук.

1 thought on ““Я такая як ёсць…”

Добавить комментарий